Дзе гэта вулiца, дзе гэты дом?. 21.by

Дзе гэта вулiца, дзе гэты дом?

09.02.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Калюжках вяскоўцы мусiлi аплацiць расчыстку дарог са сваёй кiшэнi

Тамара Васiльеўна Ждановiч пражывае са сваiм мужам (86-гадовы бацька, iнвалiд вайны, з 1 лютага знаходзiцца ў шпiталi) у вёсцы Калюжкi Смалявiцкага раёна па адрасе... Зрэшты, заяўнiца не змагла назваць вулiцу i дом, паколькi, як прызналася, папросту... не ведае iх. Але гэта ўжо другая частка пытання Тамары Васiльеўны, хоць яна i звязаная з першай, галоўнай.

— Тройчы за мiнулы тыдзень звярталася да старшынi Жодзiнскага сельскага Савета з просьбай расчысцiць ад снегу вулiцу, дзе мы жывём: у панядзелак, у сераду i пятнiцу. Апошнi раз падчас размовы ў пятнiцу на маё чарговае пытанне старшыня адказаў таксама пытаннем: а што, няўжо не расчысцiлi, — хвалюючыся, распавядала сутнасць справы жанчына. — Дык калi б расчысцiлi, цi стала б я зноў турбаваць яго тым пытаннем!? Зразумейце, я гiпертонiк, калi што — нават "хуткую дапамогу" не выклiчаш. Зноў жа — газ у балонах скончыцца, а як новы даставiць? Нiхто ж адрасу не ведае, ды i снегу на вулiцы па калена. У пятнiцу якраз цiск падскочыў, сын звярнуўся да сваiх сяброў i тыя даставiлi патрэбныя лекi. Карацей кажучы, нi на кога больш не спадзеючыся, у мiнулую суботу мы за свае грошы нанялi ў суседняй гаспадарцы трактар, i чалавек за 100 тысяч рублёў расчысцiў гэтыя прыкладна 500 метраў ад цэнтральнай вулiцы, дзе снег раней ужо прыбралi, да нашага дома. Цяпер мне па сутнасцi нiчога не патрэбна, але чаму мы мусiлi чысцiць дарогу за ўласныя сродкi? Магчыма, такая паслуга i каштавала б нам меней, але той трактар ехаў за шэсць кiламетраў. У той жа час, як ведаю, за сельскiм Саветам замацавана тэхнiка для расчысткi снегу. І ў многiх месцах дарогу сапраўды расчысцiлi, пачынаючы з цэнтральных вулiц. Няўжо за тыдзень тэхнiка не здолела дайсцi да нашай?

Што ж датычыцца таго моманту, што Тамара Васiльеўна не ведае назвы вулiцы i нумара дома, дзе пражывае, тут, паводле яе слоў, сiтуацыя наступная. На вулiцы размешчаны новыя дамы, недзе тры месяцы таму насельнiкi звярнулiся, каб ёй прысвоiлi назву. "Чакайце рашэння выканкама", — такiм быў адказ. Вось жыхары i чакаюць.

З гэтымi пытаннямi заяўнiцы мы звярнулiся да старшынi Жодзiнскага сельскага Савета Андрэя БАРАЎЦОВА. Каментуючы па нашай просьбе найперш сiтуацыю з расчысткай вулiцы ў Калюжках, Андрэй Мiкалаевiч увогуле заўважыў, што на тэрыторыi сельскага Савета знаходзiцца 35 населеных пунктаў, у кожным з якiх, каб забяспечыць праезд, патрэбна расчысцiць мiнiмум па тры вулiцы.

— Зразумела, зрабiць гэта адначасова паўсюдна немагчыма, асаблiва калi прыгадаць, якiя снегапады абрынулiся больш за тыдзень таму на ўсю краiну. Натуральна, расчыстка iдзе ад цэнтральных вулiц да другасных, паколькi на тэрыторыi сельскага Савета працуе толькi адзiн трактар, наняты па афiцыйным дагаворы ў ДРБУ-123. I гэта тэхнiка павiнна была быць у вёсцы ў мiнулы чацвер, — сказаў Андрэй Бараўцоў.

Але ж заяўнiца сцвярджае, што трактара гэтага не было, прынамсi, iх вулiцу ён дакладна не расчышчаў. Па нашай просьбе ўжо начальнiк ДРБУ-123 Аляксандр ГАДУН падняў пуцявыя лiсты.

— 4 лютага трактар па дагаворы сапраўды выдзяляўся для расчысткi вулiц у Калюжках. Але ў дакументах пазначаны толькi адпрацаваныя мотагадзiны, назвы вулiц у такiя паперы не ўпiсваюцца. Той жа старшыня сельскага Савета на месцы мог паказаць, дзе канкрэтна трэба расчышчаць снег. А ўвогуле гэты працэс адбываецца, зыходзячы з катэгарыйнасцi дарог: чым яна вышэйшая, тым хутчэй павiнна расчышчацца дарога, — заўважыў Аляксандр Мiкалаевiч.

Словам, як бачна, сiтуацыя некалькi заблытаная. Як мы сказалi вышэй, i гэта заканамерна, напачатку трэба хутчэй расчышчаць цэнтральныя магiстралi. З iншага боку, не кожны чалавек на побытавым узроўнi будзе забiваць сабе галаву тым, якая катэгорыя прысвоена вулiцы, на якой ён жыве. Сумёты i гурбы перашкаджаюць яму i ён мае права разлiчваць на тое, што адпаведныя службы навядуць парадак. У нашым выпадку, як заяўляе Тамара Ждановiч, яны чакалi тыдзень, а ў вынiку мусiлi вырашаць праблему сваiмi сiламi i за свой кошт. А так быць павiнна?.. Можна, вядома ж, сказаць, што вяскоўцы паспяшалiся, але ж заяўнiца патлумачыла прычыну сваёй трывогi, якая была звязана з хваляваннямi наконт уласнага здароўя. Напэўна, гэта таксама трэба браць да ўвагi. Старшыня Жодзiнскага сельскага Савета Андрэй Бараўцоў паабяцаў: на наступны пасля нашай размовы дзень выехаць на месца, каб больш дэталёва разабрацца ў сiтуацыi, што ўзнiкла. ДРБУ выдзелiць тэхнiку i калi будзе патрэба, у Калюжках расчысцяць тое, што не паспелi расчысцiць раней...

Дарэчы, наконт адрасу нашай заяўнiцы. Па словах Андрэя Мiкалаевiча, гэта будзе не вулiца, а завулак. Завулак Магiстральны, дом №1 — такi адрас быў зацверджаны рашэннем выканкама для жылля жанчыны. Яна можа ўзяць паперы i звяртацца ў арганiзацыю па рэгiстрацыi маёмасцi.

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Калюжках вяскоўцы мусiлi аплацiць расчыстку дарог са сваёй кiшэнi Тамара Васiльеўна Ждановiч пражывае са сваiм мужам (86-гадовы бацька, iнвалiд вайны, з 1 лютага знаходзiцца ў шпiталi) у вёсцы Калюжкi Смалявiцкага раёна па адрасе... Зрэшты, заяўнiца не змагла назваць вулiцу i дом, паколькi, як прызналася, папросту... не ведае iх. Але гэта ўжо другая частка пытання Тамары Васiльеўны, хоць яна i звязаная з першай, галоўнай.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика