На Магілёўшчыне да 2012 году папулярызуюць беларускую мову. 21.by

На Магілёўшчыне да 2012 году папулярызуюць беларускую мову

15.02.2010 18:05 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Магілёўскі аблвыканкам прапаноўваў адміністрацыі прэзыдэнта абвясьціць 2010 год — Годам роднай мовы. Гэтую ініцыятыву ў адміністрацыі не падтрымалі, але дазволілі распрацаваць комплексную праграму па папулярызацыі беларускай мовы на 2010-2012 гады.

Старшыня абласной вэртыкалі Пётар Руднік зацьвердзіў яе 31 сьнежня. За прамінулыя паўтара месяца ў афіцыйнай прэсе й выказваньнях чыноўнікаў паведамленьняў пра праграму не было.

Праграму распрацоўвала ад леташняга жніўня адмысловая камісія, створаная ўправай ідэалягічнай працы аблвыканкаму. Пра тое, што яна зацьверджаная, паведаміў супрацоўнік гэтай управы:

"Цяпер у нас бальшыня ўсяго, што ў нас робіцца, гаворыцца, пішацца — гэта расейская мова. Закон прадугледжвае роўнасьць выкарыстаньня дзьвюх моў, таму, каб папулярызаваць крыху беларускую мову й пашырыць сфэру яе ўжываньня, і прадугледжаны цэлы шэраг мераў. Якія? Яго трэба проста паглядзець і ўсё".

Каб паглядзець праграму, суразмоўца параіў зьвярнуцца да намесьніцы начальніка ўправы Людмілы Панізовіч.

"Канечне паглядзець можна. Яна ёсьць, мы даўно гэта зрабілі. Называецца яна так: "Комплекс першачарговых мер аблвыканкаму па папулярызацыі беларускай мовы на 2010-12 гады". Гэта можна ў Ленінскім райвыканкаме паглядзець, мы туды дасылалі".

Каля Магілёўскага гарвыканкаму й аблвыканкаму вывешаныя плякаты з надпісам "2010 — Год роднай мовы". Што яны азначаюць?

Панізовіч: "Рэч у тым, што мы прапаноўвалі адміністрацыі прэзыдэнта, аднак, вы бачыце, што тут усё па-іншаму. Ну гэта ж ня важна. Мы ж усё роўна свой плян мераў прынялі".

У Ленінскім райвыканкаме дазволілі толькі пагартаць праграму. На дэталёвае азнаямленьне зь ёй пяці хвілінаў было замала. Сфатаграфаваць яе не далі.

У праграме некалькі дзясяткаў пунктаў. За іх ажыцьцяўленьне адказваюць акрамя аддзелаў ідэалягічнай працы аддзелы культуры й адукацыі. У першым жа пункце зазначана — дзяржаўныя службоўцы, грамадзкія арганізацыі павінны садзейнічаць й заахвочваць ужываньне беларускай мовы. Сярод пунктаў значыцца й павышэньне ўзроўню веданьня чыноўнікамі мовы.

Пра тое, што праграма распрацоўваецца, чуў намесьнік старшыні партыі БНФ і Руху "БНФ "Адраджэньне" Рыгор Кастусёў. Пра тое, што яна ўжо зацьверджаная, ён яшчэ ня чуў:

"На практыцы выкананьне гэтых мерапрыемстваў пакуль не ажыцьцяўляецца. Выкарыстаньне беларускай мовы пастаянна звужаецца. На чыгуначным вакзале расклад руху цягнікоў у мінулым годзе быў яшчэ па-беларуску, але сёлета гэты расклад памянялі й ён ужо на рускай мове. Выкладаньне беларускай мовы ў некаторых школах Магілёва вядзецца на рускай мове ў стылі выкладаньня замежнай мовы. У дзевяностых гадах быў распрацаваны закон аб беларускай мове й выкананьне вось гэтага закона паспрыяла б больш шырокаму ўжываньню беларускай мовы ў адрозьненьне ад мерапрыемстваў аблвыканкаму".

У Магілёве за паўтара месяца існаваньня праграмы не зьмянілася нічога ў афармленьні інфармацыйных стэндаў каля дзяржаўных устаноў. Яны на расейскай мове. Аб’явы на расьцяжцы каля аблвыканкаму таксама па-руску.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Магілёўскі аблвыканкам прапаноўваў адміністрацыі прэзыдэнта абвясьціць 2010 год — годам роднай мовы
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика