Сяргей НОВІКАЎ, сярэбраны прызёр Алiмпiйскiх гульняў-2010 у Ванкуверы: Я пакуль яшчэ не асэнсаваў, што зрабiў нешта незвычайнае
20.02.2010
—
Новости Общества
|
Малаверагодна, што ўзыходжанне на алiмпiйскi п'едэстал беларуса Сяргея Новiкава пасля iндывiдуальнай гонкi на 20 км мог прадказаць якi-небудзь празорлiвец. У апошнi чатырохгадовы алiмпiйскi цыкл выхаванец магiлёўскай школы бiятлона значыўся ў серадняках i асаблiвых надзей на ўзыходжанне да зорнага небасхiлу не падаваў. Таму поспех на трасах "Алiмпiк Парка" можна назваць самай вялiкай нечаканасцю не толькi ў кар'еры 31-гадовага бiятланiста, але i ў стане беларускай зборнай, дзе ад лаўраў беларускiх бiятланiстаў-мужчын ужо даўно адвыклi. — Сяргей, ты хоць усвядомiў, што зрабiў самы значны прарыў у сваiм жыццi? — Ведаеце, не зусiм. Мне яшчэ здаецца, што я проста прабег i адстраляўся на 20 кiламетрах, як звычайна, проста, так як мог. Магчыма, такое пачуццё звязана з тым, што мы вельмi шмат часу знаходзiмся на зборах, удалечынi ад дома i сям'i. Але ж з кожнай новай хвiлiнай пачынаю усведамляць, што за мной ужо замацаваны статус сярэбранага прызёра Алiмпiйскiх гульняў. — Прызнайся, побач з зоркай сусветнага бiятлона Оле-Эйнарам Б'ёрндаленам прыемна было знаходзiцца на адным узроўнi? — А як ты думаеш?! Безумоўна, прыемна было i нават крыху хваляваўся. — Вы так спраўна на пару з нарвежцам паднялi на рукi яго таварыша i твайго калегу па п'едэстале Эмiла Свендсена, што сумняваешся наконт тваёй стомленасцi. — Няхай пакажу сябе нясцiплым, але на пару з Б'ёрндаленам я гатоў падняць любога. — Поспех Дашы Домрачавай паўплываў на тое, каб мужчынская зборная Беларусi ў тваёй асобе вырашыла не саступаць жаночай камандзе? — Супернiцтва памiж намi няма. Але ж удалае выступленне Домрачавай стала ў нейкай ступенi дадатковым iмпульсам i стымулам у барацьбе за медалi на 20-кiламетроўцы. — Кiламетры за паўтара да фiнiшу ты яшчэ iшоў крок у крок са Свендсанам. А гэта азначала, што на гарызонце маячыла "золата". — Па-першае, за мной было яшчэ нямала супернiкаў, якiя маглi абагнаць, таму iнфармацыю з трасы я прымаў да ведама як звычайна, каб быць у курсе. Па-другое, ад гэтай iнфармацыi пасля затраты столькiх сiлаў у мяне не маглi вырасцi крылы, каб хутчэй даляцець да фiнiшу. На эмоцыях я адным махам адолеў апошнi пад'ём, а потым сiлы проста пачалi мяне пакiдаць. Але я сабе сказаў: са скуры вылезу, а да фiнiшу дамчуся на максiмальна магчымай хуткасцi. Лiчу, што атрымалася: сярэбраныя медалi на Алiмпiядзе проста так не раздаюць. — Дадому ўжо паспеў пазванiць? — Пакуль яшчэ не — тэлефона пад рукой няма, хiба што вы, журналiсты, дапаможаце. — Ты сёння не галiўся. Думаў, каб удачу не спужаць? — Лiчыце, што так, хоць пагалiцца я проста не паспеў. А каб верыць у нейкiя прыкметы — такога няма. На мой погляд, трэба спадзявацца толькi на свае сiлы. I тады ўдача абавязкова будзе з табой. |
|