Чароўны свет выцінанкі
23.03.2010
—
Новости Общества
|
![]() — Мама, дай мне, калі ласка, паперку — я буду стрыгчы!.. — прыстройваецца на калені Вольгі, народнага майстра па выцінанцы, яе трохгадовая дачка Мілачка. Яна любіць так сядзець, назіраць, як маці працуе, спрабуе нешта паўтарыць. Гэтак і сама Вольга сядзела некалі з матуляй і дапамагала ёй выразаць сняжынкі, каб упрыгожыць шыбы на Новы год. Дзіцячая мастацкая школа ў Маладзечне, Мірскае рэстаўрацыйна-мастацкае вучылішча, клас народнага мастацтва пры Маладзечанскім гарвыканкаме... Урэшце, калі Вольга стала студэнткай Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы, пачаліся яе ўласныя творчыя пошукі: кніг і майстроў па выцінанцы было мала. Між іншым, з’явілася выцінанка ў Беларусі яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. “Тут не трэба вялікіх прыстасаванняў, накшталт ткацкага варштата ці ганчарнага кола, — разважае яна. — З паперай можна працаваць, нават едучы ў цягніку. А колькі неверагодных магчымасцяў у паперы! І колькі стыляў выразання: кітайскі, яўрэйскі, еўрапейскі, мексіканскі…” Беларускую выцінанку адрозніваюць тэхніка шматразовага складвання, простыя геаметрычныя ўзоры і галоўнае — стылізыванасць. Людзі, для якіх яна праводзіць майстар-класы, звычайна стараюцца выстрыгчы тое, што бачаць. Аднак варта не проста адлюстраваць прадметы, але дэкаратыўна асэнсаваць іх, надаць форму, стыль. Выцінанкі Вольгі ўражваюць. Лёгкасць, гульня сіметрыі, глыбокі змест, гучанне рытмаў і віхураў... Тут міфалагічныя і рэлігійныя вобразы, водгалас народных абрадаў, матывы святаў і нават помнікі архітэктуры. А пасля нараджэння дачкі ў яе творчасці пачаўся “лірычны перыяд”: райскія дрэвы, кветкі… Для дачкі ж маці прыдумала і выцінанкі-забаўлянкі: казачны сюжэт з вершаваным подпісам з паперы, да прыкладу “У чырвоных ботах ходзіць па балотах бусел даўганосы, жабы сабе носіць”. Спецыяльна для Мілы яна аформіла некалькі такіх выцінанак-забаўлянак у кніжку, якую дзяўчынка з гонарам называе “мае казкі”. З лірычнай серыі ў Вольгі шмат паштовак: да Каляд, Новага года, Дня Святога Валянціна, Гукання вясны... Акуратныя, ажурныя, з вясёлымі козачкамі і снегірамі, яркімі кветкамі і сэрцамі, яны заўсёды прывабліваюць наведвальнікаў. У Вольгі былі ўжо ўласныя і калектыўныя выставы, удзел у міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях. З 1997 года яна — сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, а ў 2006-м стала стыпендыяткай Міністэрства культуры. Чаго б Вользе хацелася больш за ўсё? Пазнаёміць з выцінанкай як мага больш людзей, надаць ёй жыццяздольны і адвечны імпульс: “Я бачу працяг жыцця выцінанкі праз распаўсюджванне паштовак, яшчэ патрэбны майстры-класы, свой сайт… Спытай у людзей гадоў дзесяць таму пра выцінанку — глядзелі б вялізнымі вачыма, не ведаючы што гэта. А сёння і ведаюць, і цікавяцца, і набываюць працы. Праз сайт мяне знаходзяць людзі нават з Канады, просячы даслаць некаторыя распрацоўкі...” Людміла Мінкевіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нажніцы ў руках Вольгі Бабурынай пераўтвараюць паперу ў казачныя цуды |
|