З песняй па жыцці. Ажно 122 песні прагучаць у чатырох “жывых” канцэртах ІІІ фестывалю “Шлягер на ўсе часы”, які праводзіць у беларускай сталіцы знакаміты аркестр Фінберга

23.03.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Менавіта “З песняй па жыцці” называецца сённяшні, першы канцэрт фестывалю ў Клубе імя Дзяржынскага, прысвечаны 115-годдзю з дня нараджэння Леаніда Уцёсава — народнага артыста СССР, легендарнага выканаўцы і дырыжора. На наступны вечар — праграма “Мелодыі кахання”, прысвечаная Маі Крысталінскай. Потым — “Лепшае” з таго, што было створана аркестрам Эдзі Рознера, да стагоддзя гэтага ў поўным сэнсе слова незвычайнага чалавека. І, нарэшце, чацвёрты шлягерны дзень — нашы любімыя мелодыі з любімых кінафільмаў розных часоў.

Пытаюся ў мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Якаўлевіча Фінберга, чаму менавіта такой атрымалася праграма сёлетняга фестывалю. І чую ў адказ, што імёны, вынесеныя ў афішу “Шлягера-2010”, — у кантэксце філасофіі калектыву, які ўзяў на сябе гонар і цяжар асветніцкай місіі: захоўваць і адраджаць беларускую музыку, несці народу лепшыя ўзоры класічнай, эстраднай і джазавай музыкі. “Наш аркестр з поўным правам лічыць сябе пераемнікам і прадаўжальнікам справы першага на Беларусі Дзяржаўнага эстраднага аркестра, які яшчэ ў 1939 годзе стварыў віртуоз-трубач і дырыжор, кампазітар і аранжыроўшчык Эдзі Рознер. Канцэрт яго памяці, а гэта ўжо трэцяя па ліку падобная праграма, бо дзве папярэднія праходзілі ў канцэртнай зале “Расія” ў Маскве, будзе насычаны не толькі музыкай, але і цікавымі фактамі з жыцця чалавека, які не здраджваў сваёй музыцы, нягледзячы ні на што. Зусім маладым чалавекам мне давялося сустрэцца з Рознерам, і калі б лёс склаўся крыху іначай, магчыма, удалося б і папрацаваць з ім разам”.Што тычыцца імёнаў Уцёсава і Крысталінскай, то іх проста неабходна ўспамінаць як мага часцей, бо, перакананы маэстра, моладзь павінна ведаць тых, хто стаяў ля вытокаў эстраднай песні на ўсе часы, якую сёння мы называем мо і не самым трапным, але зразумелым на многіх мовах словам “шлягер”. Акрамя таго, Уцёсаў — гэта першыя ў гісторыі савецкай песні кліпы, а Крысталінская — 400 песень, якія з асалодай спяваюць не толькі нашы бабулі, але і сённяшнія дзеці. І не толькі з-за моды на рэтра.Дарэчы, удакладняю, мода сёння пайшла і на рэмейкі. Так, згаджаецца маэстра, перапевы эстраднай класікі вельмі любяць так званыя “зоркі”. Але ж яны спяваюць пад фанаграму, а салісты Нацыянальнага канцэртнага аркестра — толькі “ўжывую”. Пры гэтым робяцца цудоўныя аранжыроўкі, каб вядомыя мелодыі добра гучалі ў выкананні сучаснага аркестра.За два дзесяцігоддзі знаёмства з калектывам аркестра Фінберга ўпэўнілася, як многа і сур’ёзна працуе калектыў над кожнай новай праграмай. Гэтыя чатыры канцэрты, удакладняе Міхаіл Фінберг, рэпеціравалі на працягу года. А яшчэ ведаю, што няма музыкі, якую не змаглі б выканаць музыканты высокага кшталту, а толькі такія ў гэтым аркестры і працуюць. І таму нядзіўна, што білеты на ўсе чатыры вечары былі раскуплены амаль адразу пасля аб’яўлення фестывалю. Тым, хто не паспеў, застаецца спадзявацца на лішні квіток. Бо як жа інакш вы паспяваеце разам з музыкантамі і салістамі аркестра песні са сваіх любімых кінафільмаў? А чацвёрты фестывальны канцэрт, абяцае маэстра Фінберг, будзе канцэртам-караоке.

 
 
 

РЕКЛАМА