Добрыя справы Марыі і Ліма
04.05.2010
—
Новости Общества
|
Дзякуючы гэтым самаадданым людзям у Мінску ў пяты раз прайшоў Міжнародны фэст ірландскай музыкі, танца і тэатра, прымеркаваны да Дня Святога Патрыка
Тут да месца сказаць: не было б шчасця, ды няшчасце памагло. Гуманітарныя справы, у якіх узнікла патрэба пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, прывялі ў Беларусь ірландцаў — духоўных нашчадкаў хрысціянскага місіянера Св. Патрыка. “Ірландыя адной з першых падпісала з Беларуссю пагадненне аб аздараўленні нашых дзяцей, — гаворыла мне пад час фэсту Марыя Міцкевіч, кіраўнік грамадскага аб’яднання “Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння “Сакавік”. — Ведаючы шчырасць, міласэрнасць гэтых людзей, мы любім і іх культуру і ўжо традыцыйна адзначаем Дзень Святога Патрыка”. Марыя Міхайлаўна, унучка Якуба Коласа, выкладае студэнтам вышэйшую матэматыку (кнігу па ёй летась выдала!) і добра ведае англійскую мову, бывала ў Ірландыі. Важна і тое, што сотні беларускіх дзяцей пры пасрэдніцтве “Сакавіка” штогод гасцююць у “Краіне кельтаў”, якая потым застаецца ў іх сэрцах назаўсёды. Сімвалічна, што “бацькоў” у сёлетняга свята, як і ў папярэдніх, было двое. На праграмцы арганізатары названы так: “Liam O’Meara (Ірландыя) і Марыя Міцкевіч (Беларусь)”. Лім О’Мара кіруе дабрачыннай арганізацыяй “Барэнскі чарнобыльскі праект”. Ён манах, “хрысціянскі брат”. І яшчэ — пісьменнік: выйшла кніга яго вершаў, у другой сабрана мастацкая проза, рыхтуюцца наступныя. Настаўнік, былы дырэктар адной з пачатковых ірландскіх школ, прыехаўшы ўпершыню ў Беларусь у сярэдзіне 90-х, застаўся тут надоўга. Між іншым, калі мы размаўлялі з Лімам пра яго выбар, ён назваў беларускіх дзяцей “пасланнікамі”: менавіта праз іх ён “атрымаў вестку”, дзе прыкласці свае сілы. ”Калі б усе былі такімі шчырымі, адкрытымі, як гэтыя дзеці — свет стаў бы значна лепшым,” — разважае ён. У офісе беларускага гуманітарнага фонду “Добра тут!”, створанага ў Мінску для зручнасці кантактаў з ірландскім бокам, я бачыў падзякі, граматы Ліму ад мясцовых улад з розных рэгіёнаў Беларусі “за ўмацаванне матэрыяльнай базы аб’ектаў сацыяльнай сферы”. Ірландцы апякаюць добры дзесятак дзіцячых дамоў, дамоў для састарэлых, інвалідаў. За сваю падзвіжніцкую дзейнасць Лім О’Мара нават атрымаў у Беларусі від на жыхарства. Добрыя справы Марыі і Ліма штогод упрыгожвае Міжнародны фэст “Ірландскія танцы”. На сёлетнім, які доўжыўся тры дні, было шмат музыкі, гульняў. Як расказала Марыя Міцкевіч, упершыню на фэсце быў танцавальны гурт з Ірландыі. Упершыню прадстаўляўся і тэатральны праект: спектакль “Каралева прыгажосці” па п’есе Марціна МакДонага ў мінскім Новым драматычным тэатры. Гэтая сцэна стала адной з фестывальных пляцовак. Прайшлі фотавыстава “Вобраз Ірландыі”, конкурс студэнтаў-дызайнераў “Celtic Art”(ірландцы, нашчадкі кельтаў, слова celtic ужываюць у самых розных сэнсах). А моладзь спасцігала рытмы Ірландыі на дыскатэцы ў мінскім Палацы дзяцей і моладзі. Іван Ждановіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзякуючы гэтым самаадданым людзям у Мінску ў пяты раз прайшоў Міжнародны фэст ірландскай музыкі, танца і тэатра, прымеркаваны да Дня Святога Патрыка
|
|