Майра МОРА: Будзем дапаўняць адзін аднаго!. 21.by

Майра МОРА: Будзем дапаўняць адзін аднаго!

07.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Якога плана дзеянняў ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу варта прытрымлівацца Беларусі і Латвіі, каб пазбегнуць яго неспрыяльнага ўплыву і павысіць эфектыўнасць двухбаковага партнёрства? На гэтае і шэраг іншых пытанняў "Звязды" адказвае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Майра МОРА.

— Трэба мець добрую волю з абодвух бакоў і ўзмацняць супрацоўніцтва, — сказала спадарыня ПАСОЛ. — Што датычыцца малога і сярэдняга бізнэсу, то для яго як у нашай, так і ў вашай краіне неабходна ствараць спрыяльныя ўмовы, улічваючы ўсе рызыкі і негатыўную сітуацыю, якая склалася ў свеце. У адносінах нашых краін абнадзейвае тое, што адбываюцца дыялогі на найвышэйшым узроўні. Напрыклад, восенню і зімой 2008 года прэм'ер-міністры нашых краін сустракаліся і ў Латвіі, і ў Беларусі. Яны якраз гаварылі пра тое, што трэба шукаць вобласці, дзе мы зможам дапаўняць адно аднаго. Такі падыход будзе спрыяць паляпшэнню і развіццю нашых узаемаадносінаў.

— Якія рэгіены Латвіі выяўляюць найбольшую ініцыятыву ва ўстанаўленні дзелавых сувязяў з беларускімі рэгіёнамі? І якія намаганні ў цэлым прыкладаюцца з латвійскага боку для ўмацавання міжрэгіянальных сувязяў?

— Мне вельмі блізкая тэма супрацоўніцтва латвійскіх рэгіёнаў з беларускімі. Прыехаўшы ў Беларусь, я ўсе наступныя гады наведвала рэгіёны Латвіі, якія ўзаемадзейнічаюць з беларускімі партнёрамі. Мы падтрымліваем ажыццяўленне сумесных праектаў. Латвійскія рэгіёны, якія мяжуюць з Беларуссю, маюць цесныя сувязі яшчэ з савецкіх часоў. Бо мяжа паміж намі была адміністрацыйнай, перамяшчэнне людзей — свабодным. Тут у прыклад можна прывесці Латгале. Я была прыемна здзіўленая сяброўствам і супрацоўніцтву гэтых рэгіёнаў з беларускімі. Яны прыязджаюць адзін да аднаго на святы, арганізоўваюць сумесныя спартыўныя спаборніцтвы. Гэта вельмі добрая аснова і для дзелавых сувязяў. Людзі ведаюць адзін аднаго, кіраўнікі рэгіёнаў ведаюць адзін аднаго, што важна для развіцця адносін, асабліва ў сферы малога і сярэдняга бізнэсу. Варта таксама сказаць пра супрацоўніцтва з такімі раёнамі, як Елгава і Ліепая. У 2007 годзе прадстаўнікі з Ліепаі прыязджалі у Беларусь. Яны наведвалі не толькі Мінск, але і Гомель. Елгава ж не мяжуе з вашай краінай, але, тым не менш, актыўна кантактуе з Лідай. Гарады-пабрацімы Віцебск і Даўгаўпілс таксама паспяхова ўзаемадзейнічаюць. І такіх прыкладаў вельмі шмат. Нядаўна я была ў Нясвіжы. Там зацікаўлены ў латвійскім горадзе-партнёры. Часам няпроста знайсці падыходзячыя пабрацімскія пары. У вас гарады большыя, колькасць насельніцтва вышэйшая. Але тут мне ўспомнілася Сігулда. Яна, як і Нясвіж — горад турызму. Патрэбна шукаць такіх партнёраў, у якіх ёсць агульныя тэмы для размовы, ёсць вопыт, якім можна падзяліцца.

З-за крызісу тэмп развіцця міжрэгіянальных кантактаў памяншаецца. Але, думаю, як толькі сітуацыя ў свеце палепшыцца, усе адновіцца. У нас існуе спецыяльны фонд для падтрымкі супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні, сумесных праектаў. Наша нацыянальная праграма ў дадзенай вобласці з'яўляецца аналагам еўрапейскай. Я лічу, што міжрэгіянальнае партнёрства мае вялікі патэнцыял. Да таго ж, ёсць цікавасць з абодвух бакоў. І, магчыма, крызіс — гэта не перашкода, а, наадварот, стымул.

— Якіх новых перспектыўных інвестыцыйных прапаноў з боку латвійскіх прадпрымальнікаў можна чакаць ужо ў бліжэйшы час?

— Прапановы з латвійскага боку паступаюць. У пачатку жніўня мінулага года Мінск наведаў віцэ-мэр Рыгі спадар Шлесэрс. Ен запрасіў Беларусь прыняць удзел у развіцці рыжскага свабоднага порта. У Рыгі есць вялікія планы на развіццё партовых магутнасцяў. Мы прапануем беларускаму боку мець у нас свой порт. Як сказаў спадар Шлесэрс, "падняць беларускі сцяг у Рыжскім порце". Існуюць і іншыя інвестыцыйныя прапановы. Напрыклад, удзел нашых прадпрыемстваў з нашымі тэхналогіямі ў праграме жыллёвага будаўніцтва ў Беларусі. Гэта стала б дапамогай вашай краіне ў ажыццяўленні вельмі амбіцыйнай праграмы. Яна неабходная не толькі для насельніцтва, але і для разагравання эканомікі. Развіваць жыллёвае будаўніцтва незалежна ад крызісу — гэта вельмі правільны крок. Я думаю, прапанова з латвійскага боку паступіла вельмі своечасова. Яна была станоўча ўспрынятая ў Беларусі. Калі нашы ідэі ўвасобяцца ў жыццё, то гэты праект стане мегапраектам.

— У 2008 годзе Канфедэрацыяй працадаўцаў Латвіі і Канфедэрацыяй прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Беларусі быў створаны Латвійска-Беларускі савет дзелавога супрацоўніцтва. На наш погляд, было б мэтазгодна засяродзіць яго працу на развіцці малога і сярэдняга бізнэсу, гнуткасць якога ў сённяшніх рэаліях эканамічнага крызісу з'яўляецца асаблівай каштоўнасцю. Якія інавацыйныя падыходы ў арганізацыі супрацоўніцтва малых і сярэдніх прадпрыемстваў дзвюх краін можа прапанаваць латвійскі бок?

— Тут есць адзін парадокс. Члены Савета дзелавога супрацоўніцтва — гэта прадстаўнікі буйнага бізнэсу. Але думаю, што яны разбіраюцца ў эканамічных умовах, сітуацыях ў абедзвюх краінах. Буйных прадпрымальнікаў лепш чуюць чыноўнікі ў адпаведных краінах. Гэта дадатковы канал для перадачы прапаноў, праяўлення ініцыятыў па паляпшэнню бізнэс-клімату і эканомікі ў цэлым.

Цікавасць латвійскіх прадпрымальнікаў да Беларусі ў значнай ступені вырасла. Думаю, гэтаму паспрыялі і кантакты на ўзроўні прэм'ер-міністраў. Прадпрымальнікі адчуваюць, што палітычны фон спрыяе іх прыходу сюды. Але вельмі б не хацелася, каб яны расчараваліся. Бо калі параўноўваць Латвію і Беларусь, то клімат для развіцця бізнэсу, стварэння сумесных прадпрыемстваў у Латвіі ўсё ж больш спрыяльны, чым у Беларусі. Сёння, улічваючы крызісную сітуацыю ў свеце, павінна быць разуменне таго, што трэба паляпшаць бізнэс-клімат. Існуюць рэчы, якія дастаткова моцна стрымліваюць. Латвійскім прадпрымальнікам трэба шукаць партнёраў тут, каб разабрацца ў даволі складаным заканадаўстве, у патрабаваннях розных кантрольных інстанцый. Такія фактары, як тэрмін працэдуры рэгістрацыі арганізацый, мытны кодэкс, які яшчэ недапрацаваны, таксама тармозяць супрацоўніцтва. Таму трэба рабіць усе сістэмы больш празрыстымі, больш дружалюбнымі, у першую чаргу для малога і сярэдняга бізнэсу. У вашай краіне разуменне гэтага ёсць. Ёсць мэта, да якой вы імкняцеся. І гэта ўсяляе аптымізм.

— З якімі новымі формамі супрацоўніцтва і інавацыйнымі прапановамі ў навукова-тэхнічнай сферы выступае сёння Латвія?

— Летась вельмі цікавай і пазітыўнай прапановай было вынясенне са сталіцы пятага пасяджэння Латвійска-Беларускай міжурадавай камісіі па эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Яно прайшло ў Ліепаі. У маёй практыцы гэта адбываецца ўпершыню. Усе інавацыйныя прапановы былі разгледжаныя ў рамках сустрэч. Горад Ліепая быў абраны не выпадкова. Гэта свабодная эканамічная зона, там таксама ёсць порт, базіруюцца прадпрыемствы са шматлікімі тэхналогіямі, у тым ліку будаўнічымі. Галоўныя пытанні ў гэты раз былі заземленыя менавіта на гэтым горадзе, за выключэннем рыжскага порту. У абодвух гарадоў свае магчымасці і перспектывы.

Што датычыцца навуковага супрацоўніцтва, кропкі сутыкнення ўжо ёсць. Узаемадзеянне ў гэтай сферы доўжыцца ўжо шмат гадоў. Створана дзевяць сумесных праектаў. 29 верасня мінулага года ў Мінску прайшла беларуска-латвійская кааперацыйная біржа. У рамках сустрэчы адбыліся дзелавыя перамовы паміж прадпрыемствамі нашых краін з мэтай пошуку партнёраў, укаранення вынікаў сумесных праектаў. Падчас пленарнага пасяджэння абмяркоўваліся навукова-тэхнічныя і інавацыйныя прыярытэты развіцця эканомікі Беларусі, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва універсітэтаў з краінамі Еўрапейскага саюза, перспектывы прымянення SіGe сплаваў для стварэння прыборных структур оптаэлектронікі на аснове крэмніевай тэхналогіі. У час інтэрактыўнай часткі біржы прайшлі індывідуальныя перамовы паміж прадстаўнікамі латвійскіх і беларускіх арганізацый. Навукова-даследчымі інстытутамі былі прадстаўлены праекты ўжо ў выглядзе гатовых прадуктаў.

— У маі мінулага года стартавала праграма добрасуседства Еўрапейскага саюза "Усходняе партнёрства", у якую ўключана Беларусь. Якім можа быць супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі ў рамках гэтага праекта?

— Удзел Беларусі ў гэтай праграме — вельмі добры фон для павышэння цікавасці да вашай краіны прадпрымальнікаў краін Еўрасаюза. Але на самім факце запрашэння ўдзельнічаць ва "Усходнім партнерстве" спыняцца нельга. У праграме есць шляхі супрацоўніцтва, па якіх трэба паслядоўна ісці. Не варта рабіць акцэнт на чымсьці адным, напрыклад, на энергетыцы. Не, гэта ўсё агульнае. Адносіны не абмяжоўваюцца адной сферай, гэта ўвесь комплекс. І калі ён будзе развівацца, гэта, безумоўна, пойдзе на карысць вашай краіне. У свой час ізаляцыйныя тэндэнцыі існавалі і з боку Еўрапейскага саюза, і з боку Беларусі. Цяпер яны пераадольваюцца, і гэтым трэба карыстацца. Гэты працэс вельмі спрыяльны, яго неабходна працягваць. Свет развіваецца, эканоміка развіваецца, і патрэбна тонка сачыць за гэтымі зменамі і працягваць ісці ў правільным напрамку.

Пытанні задавалі Кацярына ДАРАФЕЙЧЫК і Барыс ЗАЛЕСКІ.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якога плана дзеянняў ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу варта прытрымлівацца Беларусі і Латвіі, каб пазбегнуць яго неспрыяльнага ўплыву і павысіць эфектыўнасць двухбаковага партнёрства? На гэтае і шэраг іншых пытанняў "Звязды" адказвае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Майра МОРА.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика