Вадзім Садаўнічэнка: Кулі зашамацелі па саломе, закранула плячо, прасвістала над галавой.... 21.by

Вадзім Садаўнічэнка: Кулі зашамацелі па саломе, закранула плячо, прасвістала над галавой...

07.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ён папрасіўся ў войска падлеткам, ваяваў кулямётчыкам у самы цяжкі час — калі Чырвоная Армія адступала. Вадзім Садаўнічэнка непасрэдна сустракаўся з гітлераўцамі ў бліжніх баях і здолеў застацца жывым. Што такое вайна на вастрыі смерці? Пра гэта мы размаўлялі з ветэранам Вадзімам Садаўнічэнкам.

 

Ваяваць у складзе Чырвонай Арміі ён пачаў ва Украіне 16-гадовым хлопцам. Нягледзячы на тое, што прымаць ў войска юнака спачатку адмаўляліся, ён адступаў разам з чырвонаармейцамі і рыў акопы. Такім чынам у войска прынялі. Многіх сучасных маладзёнаў такое неадступнае жаданне ісці ў атаку здзіўляе.

— Вы ж не ўяўляеце, як да вайны выглядала патрыятычная падрыхтоўка. Мы ўсе мелі значок "Гатовы да працы і абароны", — з афіцэрскай годнасцю распавядае пра выхаванне сваіх аднагодкаў Вадзім Пракоф'евіч. — Цэлы комплекс нарматываў патрэбна было выканаць. Займаліся у гуртках па вывучэнні зброі. У прыватнасці я наведваў кулямётны гурток. Стралялі, разбіралі, былі вайсковыя кабінеты, ваенрукі. Два мае браты — афіцэры, ваявалі, таму і я быў абавязаны добраахвотна пайсці ў войска.

— Першыя дні самай крывавай вайны ў гісторыі чалавецтва. Якія яны былі для вас?

—Успаміны засталіся рознабаковыя. Але адно асэнсоўваў дакладна: мы не можам быць пераможаныя, нягледзячы на тое, што войскі адступаюць. Я ўсё гэта бачыў, адступаў, быў спачатку камсоргам на акопных працах. Я бачыў, што адступленне праводзілася арганізавана, а не стыхійна. Камандзіры кіравалі сваімі падраздзяленнямі, часцямі, усё ішло па загадах.

А ўжо 6 лістапада 1941 года (мне было 16,5 года) я паступіў у вайсковую часць і быў на пярэднім краі ў акопе, у баявым дазоры.

— Калі вы ўпершыню непасрэдна сутыкнуліся з гітлераўцамі?

— Гэта былі баі за райцэнтр Яма каля Данбаса. Мы атакавалі апорны пункт немцаў, яны заселі ў сціртах саломы, якія застаюцца пасля камбайнаў. Пункт быў важны, таму што ў акружэнне трапіла адна з нашых стралковых дывізій. Там стэпы, адкрытая мясцовасць. Я —першы нумар ручнога кулямёта, другі нумар — Галімзянаў, які заўсёды ваяваў разам са мной. Мы атакавалі і выбілі немцаў з гэтага апорнага пункта. Акружэнне было прарваная, многія былі ўзнагароджаны, у тым ліку і я атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі.

Калі мы захапілі гэты апорны пункт, то побач з забітымі немцамі пабачылі два трупы нашых: старшага лейтэнанта (ён меў тры эмаліраваныя квадрацікі яшчэ мірнага часу) і старшага сяржанта (меў тры трохвугольнічкі). У якім яны былі выглядзе! Знявечаныя, рукі перасечаныя цесакамі, тое самае з каленямі. Яны ляжалі скурчаныя, вочы былі вывернутыя, віселі замерзлыя на шчоках. Вось як з іх здзекаваліся! Канешне, за такія зверскія паводзіны злосць адольвала нас яшчэ больш, таму што фашысты — гэта нелюдзі, іх трэба знішчаць.

"Немец стаў перабягаць паміж сціртаў. Чаму б яго не забіць?"

— Ад Данбаса мы адыходзілі аж да Каўказскага хрыбта. Баі ў гэты час былі крывавыя, многія ў дывізіі загінулі, — працягвае Вадзім Садаўнічэнка. — Неаднойчы былі сутычкі з немцамі ў бліжнім баі. Калі размаўляеш з ветэранам, адразу спытайся: "Ты немца бачыў? На якой адлегласці?" Зразумеў? Часта аказваецца, што чалавек бачыў толькі ваеннапалоннага, якога праводзілі побач. Перамогу здабывалі тыя людзі, якія ўдзельнічалі ў сапраўдных бліжніх баях. Такіх у маёй дывізіі было дастаткова.

Немцы абараняюцца з дыстанцыі вельмі жорстка, умелыя да немагчымага ваякі. Агнявыя сродкі насычаны максімальна — аўтаматычная зброя, кулямёты танкаў. Але ў бліжнім баі яны таксама часам падзаляталі, і прычым сур'ёзна.

Напрыклад, у наступальным баі за горад Барвенкава ў студзені 1942 года ў нас атрымалася зачапіцца за ўскраіну горада, з правага боку падтрымалі танкі. Мы сталі рухацца па вуліцах. А немцы (група каля 17 чалавек) не чакалі гэтага, самі выбеглі да нас, адлегласць была літаральна ў трыста метраў. Чацвярых я з кулямёта Дзегцярова забіў абсалютна дакладна.

Вось другі выпадак бліжняга бою, калі немцы рабілі памылкі. Яны не чакалі, што мы пойдзем у баявы дазор, падыдзем на блізкую дыстанцыю. Адзін немец стаў перабягаць паміж сціртаў саломы. Адлегласць ад мяне — 50—70 метраў. Чаго ж яго не забіць? Былі і іншыя выпадкі бліжняга бою. Немцы трапляліся, нярэдка і нямала.

— Ці часта вы непасрэдна былі побач са смерцю?

— Бой не доўжыцца круглыя суткі, але гэта надзвычайная небяспека. Налёты авіяцыі, разрывы снарадаў, мінаў. А самае страшнае — кулямётны агонь праціўніка. Кулямёты МГ-34 і МГ-42 — гэта стралковая зброя найвышэйшага ўзроўню. Наш патрон калібру 7,62, і ў Англіі, і ў Францыі такія ж. А ў немцаў патрон калібру 7,92. Ён большы па памеры, у ім большы порахавы зарад. Дасягальнасць стрэлу была куды большая.

А ўначы! Трасіруючыя кулі! Ляжыш на зямлі, а траса ідзе над табой сантыметраў за 10, журчыць, нібы гарыць. І такое ўражанне, быццам тваю скуру намотвае. Было вельмі шмат такіх небяспечных выпадкаў...

"Ужо быў гатовы, што танк разверне вежу і прышые мяне"

— Немцы контратакавалі нас у вёсцы Крыварожжа, недалёка ад горада Чырвонаармейск, — узгадвае Вадзім Пракоф'евіч выпадак, калі ледзь не развітаўся з жыццём. — Я перабег ад дамоў на супрацьлеглы бок вуліцы, там быў амбарчык з бярвення, ва Украіне такія будуюць рэдка. У гэты момант па вуліцы нясецца нямецкі танк Т-3 і будзе праходзіць ад мяне метраў за 15. Я вызірнуў з амбарчыка, адчапіў супрацьтанкавую гранату і разлічваю: ага, раз танк ідзе на вялікай хуткасці, трэба гранату кінуць з апераджэннем, каб ён не паспеў праскочыць. Граната падае за метр спераду танка, Т-3 падскочыў, ён не надта буйны і цяжкі, спыніўся. Ужо быў гатовы, што танк зараз разверне вежу і прышые мяне. Але чамусьці гэтага не адбылося, Т-3 паехаў далей.

Падобная гісторыя. Наступаем, ляжу на зямлі, у адкрытым месцы. Я кідаюся да саламянай сцірты, ніякіх стрэлаў. Раптам бачу дзве нямецкія каскі, адна вядзе агонь. Раблю стрэл — каскі схаваліся, яшчэ адзін — зноўку схаваліся. Раптам мяне пачалі абстрэльваць з іншых месцаў, кулі зашамацелі па саломе, адна прашмыгнула трошкі вышэй за галаву, адна лёгка закранула мне скуру каля пляча, але моцна не параніла. Калі б я не кінуўся да сцірты за хвіліну да гэтага і вёў абстрэл з зямлі, быў бы дакладна забіты...

Чырвоная Армія несла ашаламляльныя страты, у войску былі патрэбныя новыя камандзіры пачатковага звяна. У 1942 годзе кіраўніцтва дывізіі прыгледзела Вадзіма Садаўнічэнку і накіравала на франтавыя курсы малодшых лейтэнантаў у горад Каменск-Шахцінскі, дзе яму ў маі 1942-га прысвоілі паўнавартаснае званне лейтэнанта.

Вярнуўшыся ў дывізію, ён служыў камандзірам узвода, афіцэрам сувязі штаба, ад'ютантам камандзіра, памочнікам начальніка штаба асобнага дывізіёна разведкі. А калі ў 1943 годзе адбыўся карэнны пералом у вайне і пачалося наступленне Чырвонай Арміі, Вадзіма Пракоф'евіча і яшчэ 11 чалавек з дывізіі накіравалі ў Маскву, у Вышэйшую афіцэрскую кавалерыйскую школу. Праз 10 месяцаў вучобы — зноўку на фронт. Вадзім Садаўнічэнка далучыўся да сваёй дывізіі ў Венгрыі, а перамогу сустрэў ў Празе.

"Афіцэр павінен мець глыбокае пачуццё адказнасці"

Пасля вайны дывізію Вадзіма Садаўнічэнкі ўключылі ў склад Беларускай вайсковай акругі з пунктам дыслакацыі Мар'іна Горка — Лапічы. Вадзім Пракоф'евіч быў камандзірам роты разведкі. У Мар'інай Горцы лейтэнант сустрэў сваю жонку — Ніну Васільеўну. У 1948 годзе паступіў на інжынерны факультэт Акадэміі бранятанкавых войскаў. Вучоба — пяць гадоў і восем месяцаў па спецыяльнасці "эксплуатацыя, рамонт і вытворчасць танкаў". Займаў камандныя пасады ў розных пунктах Савецкага Саюза. Колькі зімаў сышло з тае пары, а Вадзім Пракоф'евіч і сёння выглядае, як кажуць, з іголачкі. Ідэальны вобраз вайскоўца, сапраўдны савецкі інтэлігент.

— Якога ладу жыцця вы трымаліся, што захавалі такую форму?  цікавімся ў ветэрана, пазіраючы на гантэлі ў яго працоўным кабінеце.

— Трэба ў любых абставінах рабіць зарадку, гімнастыку, доўгія прагулкі. Нават пасля вайны неабходна было знаходзіцца ў добрай фізічнай форме. Памятаю, служыў у Камсамольску-на-Амуры, зімы там не цукар: і 37, і 42 градусы марозу. Прыбывае камісія, я намеснік па ўзбраенні. Па праграме трэба правесці страявы агляд дывізіі на плацу. Мне ўжо пад 60 гадоў. Стаіш гадзіну, а то і паўтары, у шынялі, а не ў кажуху. Мароз пранізвае, быццам радыяцыя, але трэба выстаяць, чаго б гэта ні каштавала. Афіцэру вельмі важна мець пачуццё глыбокай адказнасці, і выконваць усё па-сур'ёзнаму...

Ва ўзросце 53 гадоў Вадзім Садаўнічэнка стаў генералам, у 59 — генерал-лейтэнантам.

У 1985 годзе яго накіравалі ў Афганістан дарадцам намесніка міністра абароны па ўзбраенні і тэхніцы гэтай краіны. У 1988-м Вадзім Садаўнічэнка пераехаў з жонкай у Мінск, дзе атрымаў кватэру.

Яўген ВАЛОШЫН,

фота Аляксандра АБУХОВІЧА.

 

Гістарычнае даследаванне ветэрана "начальнікі" ігнаруюць

З 1941 года Вадзім Садаўнічэнка рэгулярна занатоўваў апісанні баявых дзеянняў сваёй дывізіі (афіцыйна яна называлася Трыццатая кавалерыйская навабугская ордэна Леніна чырванасцяжная ордэнаў Суворава і Кутузава дывізія). Усе запісы Вадзім Садаўнічэнка захоўвае па сёння. На зжаўцелых аркушах, якія пагартаў і карэспандэнт "Звязды", каштоўны матэрыял для нашчадкаў — тэхнічныя цікавосткі, схемы. А як іначай? Дывізія Вадзіма Садаўнічэнкі брала ўдзел у лёсавызначальнай для Беларусі аперацыі "Баграціён". Але належным чынам захаваць для гісторыі гэтыя цікавыя дакумнеты ніхто не бярэцца.

— Калі я прынёс апісанне раздзелаў у адно з дзяржаўных выдавецтваў, тамтэйшы начальнік пачытаў старонкі тры і кажа: "Гэта праца не менш як 150 мільёнаў каштуе. Дзе мне ўзяць такія грошы? У мяне іх няма". Вось такая атрымалася размова, — стрымана абураецца генерал-лейтэнант.

З тэлеэкранаў і газетных палос шмат гаворыцца пра пільную ўвагу да нашых заслужаных ветэранаў. Не бяруся ацэньваць гістарычную вартасць запісаў Вадзіма Садаўнічэнкі, але і ігнараванне гэтых цікавых дакументаў — прыклад легкадумнага стаўлення да таго ўнёску, які ветэран зрабіў для нашай краіны ў Другую сусветную вайну.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ён папрасіўся ў войска падлеткам, ваяваў кулямётчыкам у самы цяжкі час — калі Чырвоная Армія адступала. Вадзім Садаўнічэнка непасрэдна сустракаўся з гітлераўцамі ў бліжніх баях і здолеў застацца жывым. Што такое вайна на вастрыі смерці? Пра гэта мы размаўлялі з ветэранам Вадзімам Садаўнічэнкам.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика