Вясна — час абуджэння, размнажэння і цішыні
10.04.2010
—
Новости Общества
|
У рэдакцыю "Звязды" прыйшоў ліст з Магілёва ад Міхаіла Рыжанкова, у якім ён выказаў
сваё меркаванне наконт палявання вясной. Аўтар сам з'яўляецца паляўнічым, і яго
погляд на праблему заслугоўвае ўвагі. Гэты ліст — водгук на публікацыі "Забавы
на крыві" і "Шкодзяць прыродзе не паляўнічыя..." ("Звязда", 13.03.2010 г.).
— Можа, хопіць? А такіх паляўнічых у веснавы перыяд большасць, бо паляванне — задавальненне дарагое і не многім па кішэні. Такія людзі сталі паляўнічымі з-за таго, што гэта модна. Для іх штраф — драбяза. Галоўнае, каб было дазволена знаходзіцца ў паляўнічых угоддзях са стрэльбай, а там можна пастраляць не толькі гусей. І гэта для многіх не сакрэт. І якое гэта спартыўнае паляванне, калі ўключаеш электрычны вабік і ўсе гусі ляцяць на цябе? Патрэбна схованка? 200 долараў — і ніякія гусі не адрозняць цябе ад капы леташняй саломы. Вядома, што гусь вельмі моцная на рану. Многія адлятаюць далёка ад месца стрэлу і становяцца здабычай для лісіц і іншых драпежнікаў. Я згодзен, што гэта "забава на крыві". Далей. У хуткім часе павінна адкрыцца паляванне на капытных на патравах. Больш варварскае паляванне цяжка прыдумаць. Прыехаўшы ва ўгоддзе, гарадскі паляўнічы не будзе разбіраць, хто перад ім рыецца на кукурузным полі: сверб у руках, прага крыві, магутная зброя і тугі кашалёк — вось усё, чым ён кіруецца. Толькі што завяршыўся падлік дзікай жывёлы. Неяк пацікавіўся ў аднаго работніка БТПР наконт колькасці дзічыны. І ён сказаў: "Нармальна. Крыху больш, чым у мінулым годзе". І гэта пасля такой суровай зімы!!! Ясна, што ўсё гэта робіцца для таго, каб было дазволена паляванне вясной, а хто падлічыў, колькі гіне маладняку? Я знаходзіў на палях парасят, уціснутых коламі джыпаў у раллю. Так, дзікі распладзіліся ў дастатковай колькасці. Дык чаму нельга дазволіць паляванне ўвосень на ўжо падрослых і адкормленых дзікоў па больш спрошчанай схеме? У СМІ праслізнула думка наконт таго, каб аднесці дзікоў да непажаданага віду. Жах! Чаму б не выдаваць ліцэнзіі на адстрэл дзіка індывідуальна кожнаму ахвотнаму паляўнічаму? Заплаціў неабходную суму, узяў ліцэнзію на здабычу пэўнай жывёліны ў вызначаны адрэзак часу ва ўстаноўленым урочышчы і палюй на здароў'е. Пасля здабычы звера карашок ад дазволу неабходна здаць у вызначаны тэрмін. За парушэнне — караць па ўсёй строгасці. Перавагу пры выдачы ліцэнзіі аддаваць паляўнічым, якія пражываюць у дадзенай мясцовасці ці тым, хто знаходзіцца на ўліку ў паляўнічым таварыстве гэтага рэгіёна. І я не згодзен з Аляксандрам Дударэнкам (аўтар артыкула "Шкодзяць прыродзе не паляўнічыя...". — С. С.), што веснавое паляванне звязана з асаблівымі цяжкасцямі, няхай гэта будзе паляванне на гусь ці качура. Усё тут трымаецца на падмане, а не на майстэрстве паляўнічага. Купіць за "бабкі" падсадную, схавацца ў будане, які за мізэрную плату для цябе наладзіць мясцовы жыхар, і, калі качур падляціць на крык качкі-ашуканкі, забіць яго (менавіта забіць, а не здабыць!). Гэта цяжкасці?!
Гэта не толькі мой пункт погляду. Падчас асенне-зімовага сезону палявання, ды і проста пры кантактах з "братамі па зброі" вельмі часта ўздымаецца гэтая тэма. Большасць схільныя да аднаго: вясна — гэта час не для палявання. Гэта час абуджэння прыроды, размнажэння і цішыні... Міхаіл Рыжанкоў, Член БТПР з 1977 года. Як бачым, і ў асяроддзі паляўнічых існуюць розныя погляды на паляванне вясной. Але праблема гэтая выходзіць за межы таварыства паляўнічых і рыбаловаў ці лесапаляўнічай гаспадаркі. Яна закранае ўсё наша грамадства. У Лондане жыве 40 тысяч дзікіх лісіц, і ніхто іх там не забівае, а ў нас калі ліса заскочыць у вёску, то абавязкова шалёная. У Германіі, толькі на тэрыторыі Баварыі, знаходзіцца 10 тысяч баброў, і там лічаць, што гэтыя звяркі з'яўляюцца ў прыродзе экалагічнымі рэгуліроўшчыкамі, а калі ў нас сям'я баброў узвяла хатку, дык падымаецца шум, што яны пачалі падтопліваць палі і сенажаці. Натуральны адбор ніхто не адмяніў, і калі чалавек не будзе адстойваць сваю жыццёвую прастору, то яе хутка асвояць, напрыклад, пацукі. Але ж праблема ў тым, што чалавек пазбаўляе жыццёвай прасторы ўсе жывыя істоты планеты. Вось у Швецыі дазволілі адстрэл ваўкоў, бо папуляцыя выйшла за разумныя межы. Ласі таксама ствараюць праблему, і без паляўнічых не абысціся. І ў нас дзікоў многа, але ж навошта душыць джыпамі парасят? Можа, з часам мы дарасцём да развядзення фазанаў і палявання на іх ці будзем атрымліваць задавальненне ад страляння па талерачках, а пакуль што неабходна, лічу, забараніць паляванне вясной. Будзем спадзявацца. Сымон Свістуновіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У рэдакцыю "Звязды" прыйшоў ліст з Магілёва ад Міхаіла Рыжанкова, у якім ён выказаў сваё меркаванне наконт палявання вясной. Аўтар сам з'яўляецца паляўнічым, і яго погляд на праблему заслугоўвае ўвагі. Гэты ліст — водгук на публікацыі "Забавы на крыві" і "Шкодзяць прыродзе не паляўнічыя..." ("Звязда", 13.03.2010 г.). |
|