Чаму ў Беларусі няма інтэрнэт-рэсурсаў для прафесійнага камунікавання настаўнікаў?. 21.by

Чаму ў Беларусі няма інтэрнэт-рэсурсаў для прафесійнага камунікавання настаўнікаў?

10.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

(Працяг дыскусіі, распачатай пасля артыкула Надзеі Нікалаевай "Прыцягальнасць прафесіі педагога ў грамадстве імкліва зніжаецца". Пачатак у нумарах за 17, 25, 27, 31 сакавіка і 6 красавіка.)

@ 

На вялікі жаль, сумная сітуацыя склалася не толькі ў сельскіх школах, але і ў пазашкольных установах. Пагадзіцеся, пазашкольнікі сёння выконваюць не менш важную задачу ў выхаванні падрастаючага пакалення, займаючы вольны час вучняў і даючы дадатковую адукацыю. Яны, як правіла, сапраўдныя "фанатыкі" сваёй справы, якія любяць сваю работу і перажываюць за яе!

Але якое ж становішча і статус у педагога-пазашкольніка сёння? Стаўка педагога-пазашкольніка складае каля 300 тысяч рублёў! Такім чынам, працуючы, напрыклад, нават на паўтары стаўкі, з усімі магчымымі надбаўкамі і максімальнай катэгорыяй, сума зарплаты кіраўніка гуртка пазашкольнай установы не перавышае 450—500 тысяч. Я ўжо не кажу пра так званую "пазабюджэтную дзейнасць", бо даходзіць да абсурду. Дырэктары пазашкольных устаноў, якія знаходзяцца пад жорсткім прэсінгам свайго мясцовага кіраўніцтва, вымушаны даводзіць план па "пазабюджэтцы" кожнаму свайму работніку для таго, каб выканаць агульны план, распрацаваны ў аддзеле адукацыі для канкрэтнай установы. Прычым невыкананне гэтага так званага плана не прымаецца і пагражае ўсялякімі рэпрэсіўнымі мерамі, аж да звальнення.

Цяпер дазвольце спыніцца на такой катэгорыі, як метадыст пазашкольнай установы. Гэта, як правіла, чалавек найвышэйшай педагагічнай кваліфікацыі, так званы настаўнік настаўнікаў. Яго стаўка з максімальным педагагічным стажам і вышэйшай катэгорыяй складае 376 тысяч рублёў. Калі яму дазволена весці педагагічную нагрузку па сумяшчальніцтве (як правіла, не больш за 6 гадзін на тыдзень), гэта яшчэ каля 140 тысяч. Агульную суму няцяжка падлічыць. Але мала таго, што метадысту, у адрозненне ад іншых катэгорый сумяшчальнікаў (адміністрацыі, загадчыкаў аддзелаў і г.д.), не дазваляецца ажыццяўляць педагагічную нагрузку ў асноўны працоўны час, дык яшчэ і з надыходам летніх канікулаў гэтая нагрузка а, адпаведна, і грошы, аўтаматычна знімаецца. Водпуск у метадыстаў самы кароткі сярод педагагічных работнікаў — усяго 31 каляндарны дзень.

Ці не таму цяпер адбываецца масавы адток спецыялістаў з сістэмы пазашкольнай адукацыі, асабліва мужчын? Ужо сёння немалую частку работнікаў гэтай сістэмы складаюць людзі пенсійнага ўзросту. Міжволі ўзнікае пытанне — што будзе заўтра? Наколькі хопіць цярпення і сілаў у педагогаў, якія цяпер працуюць і хочуць надалей працаваць у сістэме пазашкольнай адукацыі? І ці не прыніжаюць такія ўмовы працы людзей з вышэйшай педагагічнай адукацыяй, закліканых выхоўваць падрастаючае пакаленне?

Метадыст адной з пазашкольных устаноў Віцебскай вобласці.

@

Перачытаўшы усе каментары, яшчэ раз пераканаўся, што на ўсёй беларускай прасторы адны і тыя ж праблемы ў адукацыі. Шкада, што калегі не адзначылі яшчэ адну. У Беларусі ўсё меней школ, дзе выкладаюць па-беларуску. Наколькі прыкра бачыць, як хлопец ці дзяўчына, якія вывучалі прадмет на роднай мове, пасуюць на розных іспытах толькі таму, што заданні пададзеныя на рускай мове. А наколькі складана настаўніку, які працуе ў адной паралелі, рыхтаваць два варыянты планаў дыдактычнага матэрыялу (рускі і беларускі), пераключацца з адной мовы на іншую, праблематычна абменьвацца матэрыяламі з калегамі, рыхтавацца да тых жа конкурсаў. Большасць уваходных дакументаў — таксама на рускай мове. Мяркую, што не толькі энерганосьбіты і прадукты харчавання з'яўляюцца стратэгічна важнымі для краіны. Умацаванне пазіцый нацыянальнай мовы — вось яшчэ адзін важны складнік фундамента любой дзяржавы.

Неабыякавы.

@

А як вам такое: адну з мінскіх школ правяральшчыкі паўшчувалі за перарасход электраэнергіі, і кіраўніцтва школы дало настаўнікам устаноўку — на занятках не ўключаць усе лямпы, з трох павінна гарэць толькі адна (тая, што пасярэдзіне), і няхай асвятляе ўвесь клас. Тут не да клопату пра зрок вучняў, калі трэба эканоміць электраэнергію...

Алесь.

@

Чаму настаўнік павінен з 21.00 да 2.00 патруляваць па вуліцах і вылоўліваць школьнікаў па барах і дыскатэках? А дзе міліцыя? Я згодны патруляваць, але няхай тады мілыцыянер прыходзіць і праводзіць за мяне ўрокі.

Андрэй Вячаслававіч, Дзятлаўскі раён. 

@

У гэтым годзе мы спадзяваліся на меншую колькасць папер у сувязі з дэбюракратызацыяй, але ў рэчаіснасці на змену "маніторынгу" прыйшоў "параўнальны аналіз". Важнае новаўвядзенне: напрыканцы чвэрці на сайце аддзела адукацыі з'яўляецца інфармацыя аб сярэднім бале па кожным прадмеце ў кожнай школе. Атрымліваецца своеасаблівы рэйтынг, наверсе якога знаходзяцца гімназіі і ліцэі, а ўнізе, побач з апошнімі месцамі, стаяць "званочкі". І тым настаўнікам, якія апынуліся ў канцы спіса, даводзіцца вельмі цяжка. Іх правярае і сваё, і раённае кіраўніцтва, завуч піша процьму паперак, а дырэктар апраўдваецца ў аддзеле адукацыі. Я не была пакуль у канцы рэйтынгу, але... Усё роўна нехта будзе апошнім. А каб не мардавалі праверкамі, лепш паставіць... добрыя адзнакі (добрыя ў гэтым выпадку не з'яўляецца сінонімам слова "заслужаныя").

Не прывядзі Бог, калі ў каго-небудзь сярэдні бал у чвэрці будзе меншы за сярэдні бал у папярэдняй чвэрці. Мы пісьмова тлумачым зніжэнне нават на 0,01 бала. А дзеці ж не робаты, запраграмаваныя толькі на рост. Адна матуля ў размове са мной казала: "Мой сынок лепш стаў вучыцца, нават на матэматыцы атрымаў "шасцёрку", але кажа, што не ведае, за што". Затое я цудоўна ведаю, што яго "шасцёрка" — вынік пагоні за сярэднім балам. Ні "1" ні "2" балы паставіць вучню нельга, бо за гэта таксама выклікаюць у РАНА для тлумачэнняў. Атрымліваецца, што ў сучаснай школе дзейнічае зусім не 10-бальная сістэма ацэнкі ведаў.

Кажуць, што ў настаўнікаў адпачынак вялікі... Калі б была магчымасць з'ехаць на гэты час, то, магчыма, і адпачыў бы, а так спачатку трэба здаць справаздачу па прадмеце, выхаваўчай рабоце, план работы рознаўзроставых атрадаў, маршрут паходу, інфармацыю пра занятасць дзяцей падчас летніх канікулаў, аналіз кантрольных работ і... яшчэ нешта. Грошы за адпачынак даюць па частках. З адпачынку нас абавязкова выклікаюць для работы ў летніку (гэта 1 тыдзень), для работы з дзецьмі на практыцы (2-3 дні), пісаць штомесячную справаздачу аб рабоце рознаўзроставага атрада (абавязкова з фотаздымкамі), рабіць рамонт, рыхтаваць клас для праверкі, потым трэба ехаць на жнівеньскія нарады настаўнікаў.

Я хачу, магу, умею любіць і вучыць дзяцей, але мне перашкаджаюць гэта рабіць.

М.П., Шчучынскі раён.

@

Што не ўсё "ладна ў школьным каралеўстве", сведчыць і тое, што большасць удзельнікаў дыскусіі на старонках "Звязды" падпісваюцца: "Адзін з настаўнікаў..." І гэта, напэўна, найгоршае з таго, што адбываецца... Так, заробак настаўнікаў — адна з галоўных праблем школы, але, на мой погляд, не самая галоўная. Першае, што неабходна зрабіць, каб выратаваць школу, — вызваліць яе з-пад бюракратычнага прыгнёту. Школа сёння прыгнечаная і бязвольная. Такая школа ніколі не зможа выхаваць сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны, бо настаўнікі не адчуваюць сябе вольнымі і творчымі асобамі. Чаму свае сілы, талент, свой час настаўнікі вымушаны марнаваць на розныя конкурсы, віктарыны, на афармленне вітрын магазінаў (школы абавязалі афармляць вітрыны магазінаў дзіцячымі творчымі работамі). "Хітом дня" можна прызнаць і адну з апошніх рэкамендацый абласнога ўпраўлення адукацыі. Кіраўнікам гурткоў рэкамендавана стварыць пераменны склад гурткоўцаў, якія павінны хадзіць на заняткі гуртка, калі нехта з пастаяннага складу захварэе. Найважнейшая справа — вызваленне школы ад бюракратычных справаздач, пастаянных рэйдаў-праверак, ад усяго, што ніяк або вельмі слаба звязана з адукацыйным працэсам.

Пётр Пятровіч Ахрэмчык.

@

Артыкул у нумары за 17 сакавіка прачыталі ўсім калектывам школы, вырашылі падкрэсліць усё, што датычыцца нас. У выніку падкрэслілі ўсё!!! Цяпер з нецярплівасцю чакаем новы нумар газеты. Але мы крычым, а нас не чуюць! Раней мы працавалі на дзяцей, а цяпер працуем на чыноўнікаў.

Ніна, Мінская вобласць.

@

Ну, нарэшце! Такое адчуванне, што хтосьці запісаў усе твае думкі. У школе адпрацавала 28 гадоў. Любіла сваю працу. Але цяпер адбываецца штосьці неверагоднае. У пашане не той, хто сапраўды дае веды дзецям, праяўляе творчасць у сваёй рабоце, а той, хто паболей у кабінеце паставіць папак, часта проста капіруючы чужыя распрацоўкі. Патлумачце, ну навошта раздрукоўваць нарматыўны дакумент (70 старонак), калі я магу ўсё скінуць на дыск і паглядзець яго ў любы час. Калі я расказваю сваёй маці, былому педагогу, сцэны з нашага школьнага жыцця, яна мне проста не верыць!

Настаўнік з 28-гадовым стажам.

@

Трэба быць моцнай і не падставіць адміністрацыю — заўтра ПРАВЕРКА! Рыхтаваліся не адзін дзень. Але пасля такой падтрымкі беларускага настаўніцтва праверка не бачыцца такой ужо страшнай. Ужо не адчуваеш сабе такой адзінокай. А можа, нас едуць правяраць не па ўласнай волі? Ад каго гэта залежыць? Бо кажуць жа, што не трэба турбаваць людзей лішнімі праверкамі. Так умудраюцца ж, каб было законна, прымусіць дырэктара напісаць заяву з просьбай аб комплекснай праверцы сваёй школы. Вось дзе абсурд!

Нюра.

@

Вось дзіва! У беларускай частцы сеціва няма аніводнага (!) паўнавартаснага рэсурсу, дзе можна было б знайсці аддушыну для прафесійнага камунікавання. У суседняй Расіі дзейнічае каля дзясятка магутных агульнацыянальных рэсурсаў (сайтаў) адмыслова для настаўнікаў, на якіх дзясяткі тысяч зарэгістраваных. Там ёсць усё: ад базы метадычных матэрыялаў па кожным прадмеце да форумаў, на якіх ідзе вельмі актыўнае абмеркаванне самых розных праблем, у якіх бяруць удзел і кіраўнікі адукацыі.

Іван Сяргеевіч.

@

Хочацца сказаць шчыры дзякуй "Звяздзе" за распачатую гутарку, за падараваную надзею на змены. І няхай мне даруе Янка Купала, але так хочацца перафразаваць яго:

А хто там ідзе, а хто там ідзе

У агромністай такой грамадзе?

— Настаўнікі...

А чаго ж захацелася ім,

Пагарджаным век, але ўжо не нямым!?

— Людзьмі звацца!

Аляксандра.

@

Не хацелася б, каб рэакцыя Міністэрства адукацыі была прыкладна такая: "Мы ўсё разумеем, сітуацыя складаная, будзем разбірацца і пастараемся ў бліжэйшы час прыняць меры..." А далей пакінуць усё, як было раней... Мы спадзяемся на лепшае.

А.К. Батура.

Мы ўдзячныя ўсім настаўнікам, якія не засталіся абыякавымі, не прайшлі міма ўзнятых праблем і далучыліся да нашай неадназначнай, магчыма часам і залішне рэзкай, дыскусіі. Хтосьці знайшоў магчымасць і час, каб зазірнуць на сайт "Звязды" і пакінуць там свае думкі наконт становішча, якое склалася ў школе. А хтосьці з настаўнікаў не паленаваўся выкласці свае думкі на паперы. У агульнай складнасці мы атрымалі больш як сотню вашых лістоў і электронных паведамленняў. Зразумела, мы не можам усе іх размясціць на старонках газеты, таму просім за гэта ў вас прабачэння. Спадзяёмся, што вы не ў крыўдзе на нас і за тое, што пры падрыхтоўцы да публікацыі мы былі вымушаны скарачаць і рэдагаваць вашы паведамленні — такім чынам мы імкнуліся асвяціць у газеце як мага больш шырокі спектр праблем і "балявых кропак", пра якія згадвалі неабыякавыя педагогі. Але, паверце, што ніводнае ваша паведамленне, ніводны ліст не засталіся без увагі. Як мы і абяцалі раней, усе ўзнятыя вамі праблемы мы будзем абмяркоўваць з кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі і ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Спадзяёмся, што дыялог атрымаецца канструктыўны.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
(Працяг дыскусіі, распачатай пасля артыкула Надзеі Нікалаевай "Прыцягальнасць прафесіі педагога ў грамадстве імкліва зніжаецца". Пачатак у нумарах за 17, 25, 27, 31 сакавіка і 6 красавіка.) @ На вялікі жаль, сумная сітуацыя склалася не толькі ў сельскіх школах, але і ў пазашкольных установах. Пагадзіцеся, пазашкольнікі сёння выконваюць не менш важную задачу ў выхаванні падрастаючага пакалення, займаючы вольны час вучняў і даючы дадатковую адукацыю. Яны, як правіла, сапраўдныя "фанатыкі" сваёй справы, якія любяць сваю работу і перажываюць за яе!
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика