Да родных магіл
10.04.2010
—
Новости Общества
|
![]() Чаму да Радаўніцы не чапалі зямлю і як “хрыстосаваліся” з продкамі. Ранiцай на Радаўніцу гаспадыня як звычайна завiхалася каля печы, рыхтавала спецыяльныя рытуальныя стравы, упраўлялася, а ўжо потым сям’я пачынала збiрацца на могiлкi. Усе апраналiся ў святочнае адзенне, бралi з сабой льняны абрус, велiкодныя яйкi, блiны, каўбасу, сала, свянцоную соль, бутэльку гарэлкi, складвалi ўсё гэта ў хусцiнку i адпраўлялiся ў царкву на абедню. Прыгатаванне праходзіла ў абстаноўцы пакою і перапаўняючай цішыню ўрачыстасці, з пачуццём гордасці і павагі адзін да аднаго і да свайго роду. Пасля богаслужэння ў храме, панiхiды па нябожчыках усе разыходзiлiся да “сваіх” магiлак. Часцей за ўсё магілы прыбіралі напярэдадні — у так званую Жывую Радаўніцу або за некалькі дзён да вызначанага аўторка. Іх абкладвалі новым дзёрнам, пасыпалі свежым жоўтым пяском, папраўлялі крыж, на які звычайна павязвалi белы ручнік, калі там быў пахаваны мужчына, невялiчкi белы фартушок — калі жанчына, прымацоўвалі белы вянок — калі дзяўчына. Яшчэ і яшчэ раз нагадваем адзiн з найбольш важных пастулатаў народнай педагогiкі: капаць зямлю да Радаўнiцы было нельга, бо на гэта продкi яшчэ не далі згоды. Спачатку прывядзiце да ладу магiлы памерлых родных i толькi потым бярыцеся ладзiць справу ў сваёй гаспадарцы.Калi магiлы сваякоў былi ў розных месцах, то iх прыбiралi па некалькi чалавек, а потым усе збiралiся каля адной чыёй-небудзь магiлы i распачыналi памiнальную трызну.Але перш чым жывыя пачнуць абрадавую трапезу, трэба было на кожную магілу пакласці рытуальнае ахвяраванне. Каля кожнага крыжа ці помніка ставілі сем рытуальных атрыбутаў: сподак, чарку, у якую налівалі гарэлку і якую закрывалі-перакрывалі лустай хлеба, адно (!) чырвонае велікоднае яйка (толькі не свянцонае), шматок сала ці дамашняй каўбасы, адно (!) дамашняе пячэнне, адну (!) цукерку, штучныя або зробленыя з паперы кветкі. Менавіта няпарную колькасць, таму што ў памінальнай абраднасці, якая характарызуецца “разрывам”, “раз’яднаннем”, вызначальным сімвалам з’яўляецца няцотнасць.Абавязковым быў абрад “хрыстосавання з мёртвымi”. Дзеля гэтага гаспадыня (а ў некаторых выпадках гэта рабілі дзеці) брала велiкоднае яйка i качала яго крыж-накрыж па насыпе. Затым прама на прыбраную магiлу “левым” бокам рассцiлаўся абрус, на яго ставiлася куцця з запаленай свечкай i ўсе астатнiя стравы, кожнай з якiх трэба было патрошку адкласцi нябожчыку. Пасля гэтага па добрай славянскай традыцыі па кругу пускалі памінальную чарку (гаспадыня брала з сабой дзве чаркі — адну ставілі нябожчыку, другая павінна была паядноўваць тых, хто прыйшоў на могілкі) з гарэлкай. Канечне, да сярэдзіны ХІХ ст. гэта была медавуха, спецыяльна зробленыя для велікодных святкаванняў піва ці квас. У чару налівалася пітво і перадавалася самаму старэйшаму сярод прысутных. Трэцюю частку пітва той спачатку адліваў на магілу (зноў-такі: перш чым сабе — продкам), сярэднюю (таксама трэцюю частку) выпіваў сам, апошнюю частку — “слязу” — абавязкова пакідаў на дне. Затым чару-чарку напаўнялі пітвом і перадавалі наступнаму па ўзросце родзічу (ад старэйшых да маладзейшых, але толькі жанатых людзей!). І гэты чалавек дакладна паўтараў асноўны прынцып узгаданага этыкетнага правіла. Так чара-чарка хадзіла па крузе тройчы. Калі ж за трэцім разам яна даходзіла да апошняга, каму можна было прыгубіць рытуальны напой, то тое, што заставалася на дне — так званыя “слёзы”, зноў-такі вылівалася на магілу.Што стаяла за “слязой”, пакінутай кожным на дне чары? Род збіраўся каля магіл тых, хто пайшоў у “той” свет, “разарваўшы” (у сімвалічным плане) эстафету жыцця. Ха-джэнне чары па крузе з “пераходнай слязой” было скіравана на тое, каб аднавіць, замкнуць, паяднаць галіны радаводнага дрэва. У эстафету родавай памяці ўключаўся і яшчэ адзін атрыбут — асвечанае ў храме яйка. Рытуальная надмагільна-хаўтурная трапеза распачыналася тым, што адно свянцонае яйка дзялілася на столькі кавалачкаў, колькі чалавек сабралася вакол магілы, і кожны з прысутных браў сваю долю. Вось ён — фундаментальны прынцып славянскай культуры, які падмацоўваецца нязгаснай традыцыяй, — працаваць, дык гуртам, талакой, святкаваць — родам-карагодам, спяваць — хорам, дзяліць бяду — між усімі. На могілках елi i гаварылi доўга. Добрым словам успамiналi памерлых родных, расказвалі цікавыя гісторыі з іх жыцця, запрашалi прысесці за жалобны “стол” блiзкiх i знаёмых. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму да Радаўніцы не чапалі зямлю і як “хрыстосаваліся” з продкамі. Ранiцай на Радаўніцу гаспадыня як звычайна завiхалася каля печы, рыхтавала спецыяльныя рытуальныя стравы, упраўлялася, а ўжо потым сям’я пачынала збiрацца на могiлкi. Усе апраналiся ў святочнае адзенне, бралi з сабой льняны абрус, велiкодныя яйкi, блiны, каўбасу, сала, свянцоную соль, бутэльку гарэлкi, складвалi ўсё гэта ў хусцiнку i адпраўлялiся ў царкву на абедню. Прыгатаванне праходзіла ў абстаноўцы пакою і перапаўняючай цішыню ўрачыстасці, з пачуццём гордасці і павагі адзін да аднаго і да свайго роду. Пасля богаслужэння ў храме, панiхiды па нябожчыках усе разыходзiлiся да “сваіх” магiлак. |
|