У добрага гаспадара і свінні шчаслівыя
15.04.2010
—
Новости Общества
|
Калі ў адной тэлерэкламе прагучала: "малако ад шчаслівых беларускіх кароў", то, ацаніўшы гумар аўтараў таго роліка, падумаў: "А ці шмат трэба, каб жывёла была шчаслівай?" Як бы нашым каровам добра ні жылося, але ў прыватным сектары іх пагалоўе зніжаецца, а вось свіней людзі стараюцца трымаць. Ды і на рынках у асноўным прадаецца свініна, а ялавічына сустракаецца даволі рэдка. На свінагадоўчых комплексах вытворчасць мяса пастаўлена на прамысловую аснову і там няма месца для сентыментальнасці — чухаць свінням жывот ніхто не будзе. Два гады таму ў нашай газеце быў надрукаваны артыкул пра беларуска-дацкае прадпрыемства ЗААТ "Белдан", якое пачалі ўзводзіць у Ляхавіцкім раёне. Была занепакоенасць, што такі вялікі свінакомплекс можа нанесці шкоду навакольнаму асяроддзю.
Пэўная нагрузка на прыроду ўсё ж будзе, бо калі на комплексе пагалоўе дасягне 46 тысяч свіней, то гэта пакіне свой адбітак. Пах аміяку адчуваецца ўжо сёння, хоць фермы запоўненыя жывёлай часткова — будоўля працягваецца. Але ў цэлым на комплексе ўсё робіцца грунтоўна, па дацкай тэхналогіі. Адходы па трубах паступаюць у штучную лагуну і там адстойваюцца, а затым аўтацыстэрнамі ўсё вывозіцца на палі. Я пацікавіўся, а колькі мачавіны навакольная зямля можа ўзяць? І пачуў, што падчас адстою аміяк выпараецца і шкоды ад той жыжкі вялікай не будзе. Сапраўды, тэхналогія заслугоўвае даверу, бо на нашых комплексах падобнага не даводзілася бачыць. А некалі ўвогуле ад многіх фермаў "сюся" па канавах сцякала да рэк і вадаёмаў. Ужо пазней спахапіліся і ўспомнілі пра экалогію. А зараз вернемся да дацкіх свіней, якіх прывезлі на комплекс пад Востраў. Скажу, што трапіць на ферму немагчыма. На ферме-матачніку, дзе ўтрымліваецца 1,5 тысячы племянных свіней, усе дзверы на замку, а на тэрыторыі — ні душы. Усё зроблена, каб у жывёлы не было кантактаў са знешнім светам. Ад адной свінаматкі на комплексе атрымліваюць па 26 парасят у год. Парасяты пры свінні знаходзяцца 24-27 дзён, а затым іх адымаюць, і калі парасятам спаўняецца 80 дзён, іх ставяць на адкорм. Даюць свінням камбікорм ды ваду, а ва ўзросце 6 месяцаў адпраўляюць на забой. За гэты час свінні набіраюць вагу ў межах 110 кг. Магчыма, на комплексе свінні і шчаслівыя, але радасць іх кароткая. Безумоўна, калі б свіння з парасятамі магла на выгане паскубці травы, а затым паваляцца ў гразі, то шчасце свіное было б поўным, але такі лёс жывёлы ў эпоху інтэнсіўных тэхналогій. На ЗААТ "Белдан" настроены на вытворчасць сваіх кармоў, і на тэрыторыі больш за 1000 га прадугледжана вырошчванне пшаніцы, жыта, кукурузы... Запланавана таксама будаўніцтва камбікормавага завода, збожжасховішча, цэха па забоі свіней і перапрацоўцы мяса. Дарэчы, у тыдзень прадпрыемства можа рэалізаваць да 1000 галоў свіней, а ў год — мяса ў жывой вазе каля 5,1 тыс. тон. Нагадаю, што будаўніцтва комплексу пачалося ў чэрвені 2007 года, а ўжо ў красавіку 2009 года на прадпрыемстве з'явіліся свае парасяты. Ва ўсім гэтым адчуваецца рука прыватніка. Галоўнае, што ім ніхто не перашкаджае. Свае праблемы кіраўніцтва прадпрыемства вырашае само і не ідзе з працягнутай рукой у вышэйстаячыя інстанцыі. Пагаварыў з людзьмі, хоць чужога яны сустрэлі насцярожана. Па-першае, усе адзначылі, што зарплата ў іх цяпер значна большая. — Калі я працаваў на торфабрыкетным заводзе ў Тухавічах, то пахваліцца асабліва не было чым, а сёння заробак у мяне ўдвая большы, а ў параўнанні з сельгаскааператывам то і ў тры разы, — паведаміў мужчына, які звязаны з тэхнікай. Па-другое, прадпрыемства пачало ўзводзіць для сваіх работнікаў жыллё. На ўскраіне Вострава ўжо стаяць дамы. Не скажу, што гэта шыкоўныя катэджы, як у некаторых нашых аграгарадках, але тым не меней.... А якое мяса ў дацкіх свіней? — Нам ужо выпісвалі, сала на ім вельмі тоненькая палоска — у палец таўшчынёю, а так усё мяса, — пачуў у адказ. У свіней пароды "Ландрас", "Дзюрок" і "Ёркшыр" менавіта такое мяса. Праўда, яно далёка не ўсім падабаецца, бо без сала мы ўсё яшчэ не можам абысціся. Ніхто не спрачаецца, што "Белдан" — саліднае прадпрыемства, у якое гаспадары ўклалі 22,5 млн еўра, але на ім свет клінам не сышоўся. Ёсць яшчэ і дробныя ўласнікі, у хлявах якіх стаяць свінні. — Некаторыя нашы СВК трымаюць невялікае пагалоўе свіней і парасят прадаюць насельніцтву. Напрыклад, такія фермы ёсць у сельгаскааператывах "Ліпнянка", "Шлях новы", "Кастрычнік", "Нача" і інш., — сказаў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама Мікалай Варажун. — Людзі свіней трымаюць. — А дзе лепшы догляд — на комплексах ці ў прыватных хлявах? — Тут як паглядзець. На комплексах чыста ды светла і камбікорм, а ў гаспадара раздолля больш. Зелля ў карыта кіне ці ападу, а калі яшчэ з хлява выпусціць на сонца, то для жывёлы рай. Гэтаксама і з курамі. Жыццё тых, якія знаходзяцца на птушкафабрыках, нельга параўноўваць з тымі, што гуляюць па двары, купаюцца ў пяску ды грабуцца ў зямлі, ім антыбіётыкі не патрэбныя, а яйкі хіба параўнаеш з крамавымі. Вось сусед прынёс два дзясяткі "кампенсацыі" і сказаў: "Гэта за тое, што мае куры ў вашым агародзе гаспадараць, але я ўжо крылы пад корань ім абрэзаў — на седала не могуць узляцець". Які пах і смак ад яек, якія знеслі вольныя куры! Думаю, што гэтаксама з мясам і малаком. Але ж час павярнуць назад нельга, а чалавецтва імкнецца выжыць — народ трэба карміць. А яго ўсё больш і больш. Мы яшчэ не можам сказаць, да чаго прывядуць інтэнсіўныя тэхналогіі вытворчасці ў жывёлагадоўлі, але некаторыя трывожныя сігналы ўжо ёсць. Яшчэ прайшло мала часу, каб можна было зрабіць адпаведныя высновы. Праз гадоў 100—200 малюнак будзе больш ясным. Але не нам пра гэта бедаваць. Сымон Свістуновіч. <І>Ляхавіцкі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі ў адной тэлерэкламе прагучала: "малако ад шчаслівых беларускіх кароў", то, ацаніўшы гумар аўтараў таго роліка, падумаў: "А ці шмат трэба, каб жывёла была шчаслівай?"
|
|