Кошык на слонімскім рынку каштуе 10 тысяч рублёў, а пучок свежай цыбулі — адну
15.04.2010
—
Новости Общества
|
На слонімскім рынку ў цэнтры горада ў выхадныя дні заўсёды шматлюдна. І хоць размяшчаецца ён не ў вельмі ўтульным і прыстасаваным для гандлю месцы (да Другой сусветнай вайны тут былі яўрэйскія могілкі), людзі сюды спяшаюцца толькі ў выхадныя, але і ў будныя дні паглядзець на тавар, прыкінуць цэны, нешта купіць. Рады, дзе актыўна ідзе гандаль абуткам, адзеннем, пральнымі парашкамі і мылам, мы мінулі. Нас больш цікавілі тыя тавары, якімі людзі гандлявалі 50—100 гадоў таму і якія яны зрабілі самі ці вырасцілі на сваіх прыватных агародах. Некалькі мужчын-пенсіянераў весела гутарылі між сабой, а перад імі ляжалі самаробныя венікі, кошыкі, гачкі, вілы. "Колькі каштуюць бярозавыя венікі?" — запыталіся ў пенсіянераў. "Пяць тысяч рублёў", — амаль хорам адказалі мужыкі. "А чаму так дорага?" — "А скуль вы ўзялі, што гэта дорага? Толькі дрот, якім скручаны венік, даражэй каштуе". Адзін з пенсіянераў прапанаваў нам купіць кошыкі, таму што вясна на дварэ, трэба будзе саджаць бульбу, а ўвосень збіраць ураджай, таму без кошыкаў абысціся проста немагчыма. "Кошыкі лёгкія, зручныя, дый недарагія — усяго 10 тысяч рублёў", — прапанаваў гандляр. Даражэй за ўсё мужыкі прадавалі на слонімскім рынку гачкі, яны каштавалі па 25 тысяч рублёў. Спыніліся ля мужчыны, які не толькі актыўна прадаваў лекавыя травы, але і даваў пэўныя кансультацыі, парады. "Гаспадар Мікалай", — назваўся гандляр. Ён прачытаў нам невялікую лекцыю пра лекавыя травы, нават падараваў пакецікі траў бясплатна, назваў самыя дарагія травы і самыя лекавыя. Сярэдні кошт некалькі дзясяткаў грамаў прыродных лекаў — ад 1 да 5 тысяч рублёў. Радыскі ў мінулую суботу на слонімскім рынку было няшмат, але людзі яе актыўна куплялі. Пучок каштаваў 2500 рублёў. Куплялі слонімцы таксама свежую цыбулю, кроп, салату (усё па тысячы за пучок). Людзі з-пад Івацэвічаў, якія гандлявалі радыскай і цыбуляй, сказалі, што праз тыдзень у Слонім ужо прывязуць свежыя агуркі з прыватных цяпліц. Найбольш пакупнікоў было каля маладых саджанцаў. Адзін каштаваў 25 тысяч. Тым не менш, людзі куплялі па 3-5 саджанцаў яблынь, сліў, вішань, груш... Сяргей ЧЫГРЫН, фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На слонімскім рынку ў цэнтры горада ў выхадныя дні заўсёды шматлюдна. І хоць размяшчаецца ён не ў вельмі ўтульным і прыстасаваным для гандлю месцы (да Другой сусветнай вайны тут былі яўрэйскія могілкі), людзі сюды спяшаюцца толькі ў выхадныя, але і ў будныя дні паглядзець на тавар, прыкінуць цэны, нешта купіць.
|
|