I ў мiрнай працы, як у баi
07.05.2010
—
Новости Общества
|
Юлiя Мiкалаеўна Грыб гэтае пiсьмо захоўвае ў скарбонцы. Яно з вайны. На лiсце дата – 28.03.45 г. Яго прыслаў памочнiк начальнiка штаба капiтан Барыс Марозаў. Больш трох месяцаў не было весткi ад мужа з фронту. Жанчына думала, што загiнуў. I вось Юлiя Грыб, якая гадавала двухгадовага сына, напiсала камандзiру вайсковай часцi. Доўгачаканае пiсьмо прыйшло з фронту. У iм паведамлялася, што муж, Сяргей Уладзiмiравiч Грыб, быў паранены 7 лютага 1945 года i накiраваны ў вайсковы шпiталь. Мужна змагаўся з гiтлераўцамi Сяргей Грыб. Iшлi жорсткiя баi за вызваленне Польшчы. Будучы ў разведцы, ён вынес з поля бою чатырох параненых байцоў. За мужнасць i адвагу быў ўзнагароджаны медалём “За адвагу”. Кулямётчык 1285-га стралковага палка Сяргей Грыб у адным з баёў за ўзяцце Медлiнскай крэпасцi быў цяжка паранены ў абедзве нагi. Затым чарговае лячэнне ў шпiталi. Вярнуўся з фронту iнвалiдам. Спачатку займаўся кравецкай справай. А калi ў 1949 годзе арганiзаваўся калгас iмя Вышынскага, адным з першых уступiў у калектыўную гаспадарку. Працаваў, нягледзячы на iнвалiднасць, паляводам, у час касавiцы ўбiраў траву на коннай жняярцы, быў пчаляром, звеннявым, а ў 1964 годзе прызначылi загадчыкам магазiна. — Склiкалi агульны сход, — успамiнае ветэран вайны i працы, — i выбралi. На гэтую адказную пасаду нiхто не хацеў iсцi. А я згадзiўся i стаў за прылавак у краме. У той час Сяргея Грыба выбралi дэпутатам сельскага Савета вёскi Куршынавiчы Ляхавiцкага раёна. Клопатаў яшчэ больш прыбавiлася. Выконваў наказы выбаршчыкаў. Па iнiцыятыве Сяргея Уладзiмiравiча пабудаваны новы сельскi магазiн. За высокiя паказчыкi i працоўную доблесць, праяўленыя ў выкананнi планаў i сацыялiстычных абавязацельстваў, узнагароджаны ордэнамi “Знак Пашаны”, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямi “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.I. Ленiна”, “Ветэран працы”, знакамi “Выдатнiк савецкай спажывецкай кааперацыi”, “Пераможца сацыялiстычнага спаборнiцтва 1974 года”. Хутка iдуць гады. Выраслi дзве дачкi – Марыя i Зiна, сын Iван. Яны жывуць i працуюць у Калiнiнградзе i Слуцку. — А я сваю родную вёску Куршынавiчы нiколi не пакiну, — гаворыць ветэран вайны. — Прывык тут. Тут мае каранi. А бацьку Уладзiмiра Вiкенцьевiча Грыба як актывiста савецкай улады фашысты i палiцаi ў пачатку вайны расстралялi. Непадалёку ад вёскi Куршынавiчы, побач з дарогай, узвышаецца магiла. Сюды ўскладваюць кветкi. Лягуць яны i ў дзень 65-годдзя Вялiкай Перамогi як сведчанне вечнай памяцi аб ратных справах i подзвiгах тых, хто загiнуў за наша шчаслiвае сёння. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Юлiя Мiкалаеўна Грыб гэтае пiсьмо захоўвае ў скарбонцы...
|
|