Цярпенне і кампраміс — найлепшыя зарукі. 21.by

Цярпенне і кампраміс — найлепшыя зарукі

04.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан ЭРЫКСАН заклікае быць рэалістычнымі ў сваіх чаканнях ад Усходняга партнёрства

Чарговая сустрэча дыпламата з журналістамі сталася абмеркаваннем не столькі двухбаковых адносінаў, колькі ўзаемадзеяння па еўрапейскім вектары ў прынцыпе. Скажам, навіны пра тое, што даўно абазначаны ў нашай краіне паўночны інтарэс нарэшце атрымаў юрыдычнае падмацаванне. Днямі падпісанае пагадненне паміж беларускім Урадам і Паўночным інвестыцыйным банкам (у якім удзельнічаюць скандынаўскія і прыбалтыйскія краіны). Дамоўленасць па сутнасці запальвае "зялёнае святло" для работы гэтай фінансавай структуры ў нашай краіне. Засталося толькі яе ратыфікаваць. Аднак за парламентам, трэба думаць, справа не стане. Дыпламат спадзяецца, што неабходныя працэдуры будуць зробленыя ў гэтым сезоне.

— Рэсурсы даволі вялікія, — так ацэньвае патэнцыял супрацоўніцтва дыпламат і акрэслівае пункты перасячэння з Беларуссю: — Ёсць планы па ўдзеле ў экалагічных праграмах. У прыватнасці, ачыстка вады — у нас жа агульны водны басейн, многія беларускія рэкі ўпадаюць у Балтыйскае мора.

Прадугледжваюцца праекты для брэсцкага і гродзенскага рэгіёнаў. Канкрэтныя тэрміны пакуль не агучваюцца, аднак відавочна, што гэта досыць аглядная перспектыва.

У пасла Швецыі — адной з краін-ініцыятарак Усходняга партнёрства — нельга было не пацікавіцца меркаваннем адносна дынамікі рэалізацыі праграмы. Каментуючы па просьбе карэспандэнта "Звязды" сітуацыю праз год пасля пражскага старту, дыпламат выказваўся вельмі ўзважана і цвяроза:

— Многія кажуць, што год прайшоў, а нічога не здарылася. З самага пачатку трэба было расцэньваць Усходняе партнёрства як праграму на перспектыву. Не трэба было чакаць, што за год адбудуцца нейкія радыкальныя змены.

Паводле яго ацэнкі, гэты час "прайшоў добра, мабыць, нават лепш, чым можна было чакаць — трэба заўжды мець рэалістычныя чаканні".

Лепш развіваюцца, на яго думку, двухбаковыя кантакты, што "залежыць ад гатоўнасці, жадання кожнай канкрэтнай краіны". З Беларуссю ён таксама бачыць рух наперад, "але, мабыць, не так хутка, як хацелася б". Выказванне, як і мае быць, вельмі дыпламатычнае, калі ўлічыць, што беларускі ўдзел фактычна застопарыўся — прынамсі ў міжпарламенцкім блоку — з-за палемікі адносна беларускай дэлегацыі ў Еўранэст. Нагадаем, улады настойваюць на ўдзеле ў рабоце структуры выключна прадстаўнікоў парламента, як тое і прадугледжвае Пражская дэкларацыя.

Затое без замінак ідзе на кантакт трэці сектар.

— Форум грамадзянскай супольнасці меў сапраўдны поспех. Беларускія прадстаўнікі актыўна бралі ўдзел, вельмі паспяхова выступалі, — перакананы кіраўнік шведскай дыпмісіі.

Паводле яго слоў, шматбаковае ўзаемадзеянне — новы фармат для ЕС, таму "патрэбны час, каб усталяваць структуры", аднак ужо право- дзяцца шматлікія сустрэчы, семінары, дзе абмяркоўваюцца канкрэтныя аспекты супрацоўніцтва. У прыватнасці, наладжаныя кантакты між памежнымі службамі.

Пасол упэўнены, што ўсё гэта будзе працаваць на карысць агульнай мэты — наблізіць шэсць краін-удзельніц (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна) да Еўрасаюза. "Праграма яшчэ будзе працаваць. Трэба мець цярпенне. Думаю, вынікі будуць", — рэзюмуе спадар Эрыксан.

Ала МАЧАЛАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан ЭРЫКСАН заклікае быць рэалістычнымі ў сваіх чаканнях ад Усходняга партнёрства Чарговая сустрэча дыпламата з журналістамі сталася...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика