Нанёс шкоду здароўю — аплачвай лячэнне!. 21.by

Нанёс шкоду здароўю — аплачвай лячэнне!

17.03.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёння дзяржава затрачвае немалыя грошы на лячэнне людзей, у тым ліку і тых, якія трапілі на бальнічны ложак па віне іншых асоб. За апошніх Генеральная пракуратура вырашыла ўзяцца па поўнай праграме. Аб гэтым сведчыць хоць бы тое, што толькі за два месяцы ў дачыненні вінаватых заяўлена 1016 іскаў аб спагнанні грашовых сродкаў, затрачаных на лячэнне пацярпелых, на суму больш за 738 мільёнаў рублёў. Такія іскі, як правіла, судом задавальняюцца, і ў дзяржаўную казну вяртаюцца грошы. Работа ў гэтым кірунку, пераканаў карэспандэнта "Звязды" начальнік аддзела па наглядзе за дазнаннем Генеральнай пракуратуры Салаўдзі МАГАМАДАЎ, будзе працягвацца і надалей.

А пачалося ўсё з чаго? Напрыканцы мінулага года аддзел па наглядзе за дазнаннем ездзіў па рэспубліцы з планавымі праверкамі. Падчас рэйдаў звярнулі ўвагу, што далёка не ва ўсіх рэгіёнах пракуроры актыўна прад'яўляюць іскі ў інтарэсах органаў аховы здароўя па кампенсацыі злачынцамі дзяржаўных сродкаў, выдаткаваных на лячэнне пацярпелых. Неадкладна было дадзена ўказанне актывізаваць гэту работу.

— У выніку літаральна за 2 месяцы было заяўлена 1016 іскаў абласцей і горада Мінска на суму больш за 738 мільёнаў рублёў, — паведаміў Салаўдзі Магамадаў. — З іх за лячэнне ва ўстановах аховы здароўя — на суму 665 мільёнаў 689 тысяч рублёў, выплаты дапамог па часовай непрацаздольнасці — на 72 мільёны 717 тысяч рублёў. У стадыі падрыхтоўкі зараз знаходзіцца яшчэ 925 такіх іскаў на суму звыш 600 мільёнаў беларускіх рублёў.

Салаўдзі Рашыдавіч адзначыў, што па змесце іскі аб спагнанні грашовых сродкаў, затрачаных на лячэнне, даволі тыповыя. Адрозніваюцца бадай што толькі коштам. Для нагляднасці ж прывёў тыповую сітуацыю.

Падчас распіцця спіртнога паміж спадаром Б. і яго знаёмым С. разгарэўся канфлікт. Як кажуць, нешта не падзялілі на п'яную галаву. Падчас сваркі Б. адзін раз ударыў рукой па твары С. Па выніках праверкі, якую правяло ўпраўленне ўнутраных спраў адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска, крымінальная справа не была заведзена, бо злачынствы такой катэгорыі адносяцца да спраў прыватнага абвінавачвання і распачынаюцца выключна па жаданні пацярпелага.

Спадар С. з атрыманай траўмай — у адпаведнасці з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы, яму нанесены цялесныя пашкоджанні ў выглядзе адкрытага траўматычнага пералому ніжняй сківіцы, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх пашкоджанняў — на працягу 10 дзён знаходзіўся на лячэнні ў 11-й гарадской клінічнай бальніцы. У адпаведнасці з артыкулам 64 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб ахове здароўя" фізічныя асобы, якія нанеслі ўрон здароўю грамадзян, павінны кампенсаваць арганізацыям аховы здароўя выдаткі на дыягностыку, лячэнне, рэабілітацыю, пратэзаванне гэтых асоб у выпадку атрымання грамадзянінам калецтва ці іншага пашкоджання здароўя ад супрацьпраўных дзеянняў. Тое ж самае абавязвае зрабіць віноўніка і 933 артыкул Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Гэта гісторыя скончылася тым, што пракурор Маскоўскага раёна Мінска прад'явіў іск з просьбай спагнаць са спадара Б. на карысць 11-й гарадской клінічнай бальніцы грошы, затрачаныя на лячэнне С. у суме 784 560 рублёў.

— Гэта максімальная сума кампенсацыі? — пацікавілася я ў суразмоўцы. 

— Сумы тут могуць быць розныя: і менш як сто тысяч, і больш як мільён. Самыя буйныя іскі прад'яўляюцца, як правіла, у дачыненні да віноўнікаў дарожна-транспартных здарэнняў, яны даходзяць і да 3 мільёнаў. Выдаткі ўстановы аховы здароўя, самі разумееце, залежаць ад цяжкасці атрыманых траўмаў пацыента, ад таго, наколькі доўга па часе цягнецца лячэнне. Напрыклад, адзін дзень у рэанімацыі абыходзіцца ў 300 тысяч беларускіх рублёў.

На погляд Генпракуратуры, гэта каральная мера не толькі дапаможа спагнаць з віноўнікаў грошы на карысць дзяржавы, але і стане сур'ёзнай мерай прафілактыкі падобных правапарушэнняў.

— Чалавек павінен ведаць, што калі ён нанёс шкоду здароўю іншага, то будзе абавязаны аплачваць яго лячэнне з уласнай кішэні, — падкрэсліў Салаўдзі Магамадаў. — Мы спадзяёмся, што наша ініцыятыва будзе стрымальным фактарам для патэнцыйных правапарушальнікаў.

Салаўдзі Магамадаў цвёрда перакананы, што прымаць неабходныя меры, каб грошы вярнуліся ў дзяржаўную казну, павінны не толькі праваахоўныя органы, але і ведамствы, якія непасрэдна нясуць выдаткі. Маўляў, наша дзяржава не настолькі багатая, каб направа і налева раскідвацца мільярдамі народных рублёў. Пакуль жа іскі, пра якія ідзе гаворка, прад'яўляюцца пераважна пракурорамі, у адзінкавых выпадках непасрэдна ўстановамі аховы здароўя.

— Мы б хацелі, каб ініцыятыва па пытаннях кампенсацыі затрат на лячэнне такіх хворых усё ж такі зыходзіла ад органаў аховы здароўя. Гэта, па вялікім рахунку, іх непасрэдны абавязак. Мы, у сваю чаргу, гатовы прапанаваць схему іх узаемадзеяння з органамі ўнутраных спраў.

Падчас гутаркі начальнік аддзела па наглядзе за дазнаннем паведаміў, што з кожным годам павышаецца і працэнт кампенсацыі нанесенага ўрону па злачынствах маёмаснага характару (рабаванні, крадзяжы, разбоі, махлярства і інш.) на стадыі папярэдняга расследавання крымінальнай справы. Калі ў 2009 годзе органамі следства і дазнання кампенсавана ўрону па крымінальных справах на суму 35 мільярдаў рублёў, то за мінулы год — на суму звыш 42 мільярдаў рублёў.

— Салаўдзі Рашыдавіч, паколькі мы ўжо размаўляем пра грашовую кампенсацыю, то цікава б было даведацца, што вы асабіста думаеце наконт эканамічнай амністыі, якая ўвайшла ў Канцэпцыю ўдасканалення сістэмы мер крымінальнай адказнасці?

— Эканамічная амністыя ўжо не першы год прымяняецца ў шэрагу развітых еўрапейскіх краін. І перш чым прыйсці да неабходнасці яе прымянення ў Беларусі, былі ўзважаны ўсе "за" і "супраць". На мой погляд, кірунак абраны правільны. Я згодны, што за шэраг правапарушэнняў, падкрэслю, якія не прадстаўляюць грамадскай небяспекі, чалавек павінен адказваць не воляй, а "кішэняй". Гэта вельмі разумная палітыка дзяржавы. Казаць жа пра эфектыўнасць гэтай меры пакарання можна будзе рабіць пазней, пасля аналізу прамежкавых вынікаў.

Надзея ДРЫЛА. фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння дзяржава затрачвае немалыя грошы на лячэнне людзей, у тым ліку і тых, якія трапілі на бальнічны ложак па віне іншых асоб. За апошніх Генеральная пракуратура...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика