Вясковыя "Белыя вароны". 21.by

Вясковыя "Белыя вароны"

01.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У вёсцы Каханавічы Верхнядзвінскага раёна адразу кідаецца ў вочы гэты вельмі незвычайны і стыльны дом. Апісваць яго — час дарма траціць, таму глядзіце ўважліва фота. Напрыклад, дзе яшчэ над уваходам у дом убачыце веласіпед? Я спачатку нават падумаў, што гэта мо нейкі турыстычны клуб або "ачаг" культуры, якім кіруе чалавек са здольнасцямі дызайнера. А мо аграрная сядзіба, дзе прымаюць турыстаў?

Высветлілася, што так прыгожа і нестандартна аформіў свой дом гаспадар, вельмі цікавы чалавек Пётр Пятровіч Квяцінскі.

Ён — урач агульнай практыкі, працуе і жыве ў Каханавічах. На ўласным прыкладзе дзесяцігоддзямі паказвае, што такое здаровы лад жыцця. Вось, у прыватнасці, ездзіў ён у Адэсу, Санкт-Пецярбург... на веласіпедзе! І нічога яму.

У свае 65 гадоў купаецца і зімой. Ведае народныя рэцэпты лячэння розных хваробаў. Некаторымі з іх нават падзяліўся падчас эфіру папулярнай тэлепраграмы "Малахаў +". Быў удзельнікам гэтай перадачы два разы.

Пётр Пятровіч аб'яднаў вакол сабе аднадумцаў, якія вядуць здаровы лад жыцця. А яшчэ, як высветлілася, ён і апякун — выхоўвае дзесяцікласніка Аляксандра.

Штаб

Безумоўна, не мог не задаць самым першым пытанне: чаму на доме напісана "штаб "Белыя вароны"?

Як растлумачыў Пётр Пятровіч, ён выхоўваўся ў шматдзетнай сям'і. У ягоных бацькоў дзесяць дзяцей. Пётр сярод дзяцей быў сярэднім па ўзросце. Белай варонай сабе адчуваў, таму што быў "не такім, як усе": здароўе падвяло і хварэў часта, ростам, як кажуць, не выйшаў. Вясковы хлопчык пры ўсім гэтым вырашыў займацца аздараўленнем самастойна. Успамінае, што менавіта купанне нават у самыя ліхія халады значна тады паправіла яго здароўе.

З часам аднавяскоўцы перасталі яго лічыць нейкім дзіваком, і з'явілася ўсё больш ахвотнікаў разам з ім "трымаць сябе ў форме". Такім чынам і з'явіўся нефармальны клуб "Белыя вароны". І штаб, вядома ж, стварылі ў доме "галоўнай вароны". Клубу ўжо больш за 20 гадоў. І, між іншым, гэты вясковы клуб мае званне "народны". На самаробнай канцэртнай пляцоўцы запрашаюць выступіць самадзейных спевакоў, майстроў розных іншых жанраў мастацтва. Тут выступаў заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Вепрык, які быў актыўным членам клуба.

І сам Пётр Пятровіч, як аказалася, чалавек творчы. Піша аповеды, рыхтуецца да выдання ягоная кніга.

Дарэчы, народны аматарскі клуб адкрыты для ўсіх незалежна ад месца прапіскі. Ёсць і свой статут клуба: не піць спіртнога, не курыць, штодня на веласіпед — і ўперад.

"Сарокі"

Не менш я здзівіўся, калі жыхары вёскі расказалі мне, што па ініцыятыве Пятра Пятровіча з'явіўся і клуб адзінокіх пенсіянерак "Сарокі".

Збіраюцца бабулі ў доме медыка. Чай, спевы, успаміны пра маладосць, абмеркаванне навінаў — так праходзяць "пасяджэнні".

Цікавыя ідэі рэалізуюць разам. Напрыклад, правялі сапраўдны баль кветак. І гаспадыня самага прыгожага кветніка стала каралевай гэтага балю. Каб упрыгожыць родную вёску, "сарокі" высаджваюць кветкі не толькі на сваіх падворках, але і ў цэнтральным скверы.

"Вераб’і"

А яшчэ вясковы энтузіяст стварыў дзіцячы клуб "Вераб'і", бо, безумоўна, здаровы лад жыцця трэба фарміраваць з дзяцінства.

Пётр Пятровіч не ўтойвае сваё сямейнае становішча. Ён у вёсцы Каханавічы жыве, жонка ў Асвеі. "Безумоўна, жыць разам з белай варонай не проста, — жартуе Пётр Пятровіч. — Жонка мая Валянціна Паўлаўна працавала ў бібліятэцы, зараз на пенсіі". Пра яе наш герой гаворыць з павагай.

  Пётр Пятровіч — адзін з нямногіх у краіне мужчын, які самастойна выхоўвае дзіця — Сашу, які застаўся без бацькоўскай апекі. Праўда, дапамагае па гаспадарцы мужчынам сястра Пятра Пятровіча — Любоў. Хоць і сам Пётр Пятровіч нядрэнна кухарыць, толькі мяса не есць.

Да знаёмства з сельскім урачом Саша выхоўваўся ў прытулку. Безумоўна, хлопцу пашанцавала, бо шмат чаму можа навучыцца ў свайго прыёмнага таты. Пётр Пятровіч — вельмі гаспадарлівы мужчына, з залатымі рукамі. Разам з Сашам нешта майструюць, рамантуюць, ствараюць экспазіцыю будучага музея гісторыі клуба "Белыя вароны". Разам апрацоўваюць агарод.

Родных сыноў у Пятра Пятровіча няма. Дачка ўжо дарослая, у Віцебску жыве. Таксама медык, медсястра, сама ўжо мама дзвюх дачок.

Акрамя Сашы, у Пятра Пятровіча некалькі "сыноў" і "дачок", як ён іх з любоўю называе, якія сталі яму роднымі людзьмі. Ім, людзям з няпростым лёсам, якім у дзяцінстве родныя бацькі адмовілі ў любові і клопаце, ён стаў другім татам. Цяпер яны выраслі. Адзін з "сыноў" Вадзім працаваў у Віцебску на прадпрыемстве, атрымаў кватэру, цяпер працуе ў Маскве.

Андрэй вучыцца ў Польшчы ў духоўнай семінарыі. А ягоная родная сястра Ірына жыве ў Мінску, зараз яна ў дэкрэтным водпуску. У Ірыны два хлопчыкі і дзяўчынка, якіх Пётр Пятровіч з гонарам называе сваімі роднымі ўнукамі.

І "дзеці" і іх дзеці ведаюць, што бацька ў вёсцы Каханавічы заўсёды чакае іх з нецярпеннем.

Між іншым, Пётр Пятровіч падлічыў, што за ўсё жыццё столькі "накатаўся" на веласіпедзе (ажно 32 гады круціць педалі), што экватар мог бы абагнуць разы тры мінімум.

Дарэчы, калі я прыехаў у вёску і хацеў сустрэцца з ім, аднавяскоўцы Квяцінскага мне сказалі, што доктар у райцэнтр на веласіпедзе паехаў. І гэта пры мінусавай тэмпературы і моцным ветры! Такім моцным, што фотаапарат у мяне з рук ледзь не выпаў падчас фотаздымкі. А Пятру Пятровічу на веласіпедзе ў такое надвор'е хоць бы што — ён жа "белая варона"? Уперад, па здароўе!

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Фота аўтара і з асабістага архіва Пятра Квяцінскага.

Віцебск — Верхнядзвінск — вёска Каханавічы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вёсцы Каханавічы Верхнядзвінскага раёна адразу кідаецца ў вочы гэты вельмі незвычайны і стыльны дом. Апісваць яго — час дарма траціць, таму глядзіце ўважліва...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика