Не маючы іншага. 21.by

Не маючы іншага

01.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Амаль па класіку:

Бывай, марозны, звонкі вечар,

Бывай, пушысты, мяккі снег...

У метро, пад зямлёй, вясна, відаць, не адчувалася б, але...

Кабета насупраць — высокая, мажная — сядзіць, гартае старонкі часопіса — шукае, што б пачытаць. І - такі знаходзіць. Але перш — падымае галаву, абводзіць усіх шчаслівым, пераможным позіркам...

І — скажу вам — ёсць ад чаго: у часопісе, на чарговым развароце, вялікімі літарамі напісана: «Быть худой уже не модно!»...

Ур-р-а!

...Тэлевізар глядзець таксама не модна, ну хіба між іншым: гатуючы, прасуючы... Ды і то — штось выбраўшы: як тая кабета ў метро, я шукаю — з дапамогай пульта «гартаю» каналы.

На чарговым — нейкае кіно. У кадры — двое, на лаўцы. Яна — з марозівам. Ён вучыць яе жыццю. Кажа, прынамсі, што не варта быць такой закрытай, заціснутай, — трэба разняволіцца. «Як гэта?» — пытае жанчына і быццам рэпеціруе: усміхаецца, размахвае рукамі — марозівам... пэцкае адзенне. «Што цяпер рабіць?» — зноў пытае ў «настаўніка». Той — ведае: кажа, што плямы трэба «апрацаваць» газай. «А потым?». «Потым — распрануцца, кінуць запалку на гэты касцюм і купіць сабе нешта прыстойнае».

...Як вам парада?

Мне падабаецца!

Хоць бы за тое, што дазваляе «купіць» светлую ўсмешку, якая ва ўсе поры года ўпрыгожвае чалавека не менш, чым новая вопратка.

Дальні прыцэл

Боты ўвосень шукала — ну, каб цёплыя і прыгожыя, каб на высокім абцасе і пры гэтым зручныя, каб па назе якраз і па боскай цане...

Знайшла: як казаў незабыўны Папандопала «мой гардэробчык» — селі, як улітыя! А ўжо як насіліся (у шырокім сэнсе гэтага слова)... Сабе і іншым казала, што калі за сезон парвуцца, — наракаць не буду: язык не павернецца...

Боты ці не «пачулі»: спачатку паляцеў замок у адным, потым дзірка з'явілася ў другім.

А следам — і сумная выснова: да наступнай зімы (на лечаным кані далёка ж не заедзеш?) зноў спатрэбяцца боты. Ну, каб цёплыя і прыгожыя, каб на высокім абцасе...

Знайсці іх, ведаю, цяжка, а таму — не выключана — пайду... у тую ж самую краму. І, калі будуць, куплю той самай мадэлі, той самай фірмы.

...На што — магчыма — яна і разлічвала?

Хто працуе — той святкуе

Дзе боль — там рука, дзе гук (а тым больш нечаканы) — там вочы:

— Эй, асцярожней!..—чуецца з пярэдняй пляцоўкі аўтобуса, — а то паваліце зараз бабулю.

Шаноўнага веку, з палачкай, яна «вынырвае» з натоўпу, запытальным «Будзеш выходзіць?» «расчышчае» сабе дарогу — аж пакуль, ля самых дзвярэй, не чуе хлапечае «Буду».

— А мне дапаможаш? — пытае бабуля.

Што гаворыць юнак, не чуваць — мусіць, нават ёй, бо следам гучыць па-настаўніцку строгае:

— Ты мне па-людску, выразна скажы: дапаможаш, ці не? — патрабуе кабета. — Калі не, — я іншых папрашу.

— Да сказал же — помогу! — адзываецца хлопец.

І сапраўды — выходзіць першым, спыняецца, працягвае жанчыне руку. Цярпліва чакае, пакуль яна абмацвае кульбай, потым нагой ніжнюю прыступку, цяжка апускаецца — на яе, а затым (і гэтак жа нясмела) на зямлю. І ўжо тут, нарэшце, кажа хлопцу сваё «Дзякуй».

— Ды няма за што, — раптам усміхаецца ён...

Можа, успомніўшы свае ўрокі беларускай і сваю настаўніцу?

Адкуль...

Хочаш мець беларускамоўны асяродак — ствары!

Ці хоць паспрабуй!

Спела б рыбка песеньку...

Вечар, тэлевізар, прагноз надвор'я. У нас — зноўку холад (і такі ж абрыдлы!..), а вось на Кіпры, у Вене, ды што там — нават у Берліне...

— Каб вы толькі ведалі, як жа не хацелася адтуль з'язджаць! — зноў заводзіць суседка.

І зноў успамінае, распавядае, які там дом у іхняй сваячкі, якое хараство навокал, якія парадкі, якія крамы, кошты, распродажы... «Каб маладзейшай была, далібог засталася б!» — усклікае яна. Не першы раз...

У першы, здаецца, адзываецца мужык яе:

— Гэта ты?.. Засталася б?! Ды не смяшы людзей! Ты ж ложак у спальні пераставіла — тры ночы спаць не магла! А тут краіну змяніць... Ведама, баба — абы трындзець!

Стрэмка

...Здравствуйте! — заўсміхалася насустрач дзяўчына. — Вы на маникюр? Пожалуйста-пожалуйста! Проходите!

Дзверы ў яе кабінецік ўжо расчыніліся — значыць, адступаць позна, але і заходзіць... Бянтэжыў, мякка кажучы, знешні выгляд майстрыхі. Яна як быццам спусцілася з подыума ці сышла з нейкай замежнай вокладкі, каб паказаць нам, тутэйшым, як можна выфарбаваць і выстрыгчы валасы, як падкрэсліць усе рысы твару, як выпесціць ручкі і паразмалёўваць тыя ж пазногці...

— Прабачце, — сказала дзяўчыне, паказваючы свае (тры зламаныя...) і падумала, што гэта ўжо ўсё: болей, ні слоўца... Аж да самага «дзякуй» — на развітанне.

Ды не атрымалася, бо падчас «працэдуры» яна згледзела ля пазногця цёмную плямку, спытала:

— Что это?

І сама ж адказала:

— Стрэмка.

Выходзіць з ёю — тупейшай ці вастрэйшай, загнанай глыбей ці мяльчэй, пад скуру ці ў самае сэрца (а таму непазбежна балючай!) — жывуць у краі ўсё-такі многія.

На холадзе

...Пальчаткі «згубіла», дакладна помніла дзе (на падваконні, у саліднай установе), дакладна помніла калі (напрыканцы рабочага дня). Назаўтра, да пачатку яго, спланавала зайсці. І знайсці.

Як аказалася, марна: нехта гэта зрабіў раней.

...Уявіла, як, напэўна, узрадаваўся, як агледзеў, як знайшоў ім «новыя пальцы» і як цяпер ім добра і цёпла. Што сагрэла трохі — душу.

Не сагрэўшы рукі.

«Не хвалюйся!..»

Ранак, рынак — чарга... У жанчыны, што стаіць за тройку чалавек наперадзе, звініць далькажык. Мелодыя досыць вясёлая, а вось навіны, відаць, не вельмі, бо...

— Что-то случилось, доча? — устрывожана пытае кабета.

Што чуе ў адказ, здагадацца не цяжка:

— Грубая ошибка? — удакладняе маці. — По твоей вине?.. Доченька, детка моя, не плачь! Что — накажут тебя?.. Объявят выговор?.. И премию снимут?.. На все сто процентов?!. От же собаки!.. У всех ведь бывают ошибки. Ты же ещё только учишься... Но ничего — пусть они ей подавятся, этой премией! А мы — как-то проживём. Я тебе помогу. У меня еще закатки остались, картошка есть...

Што яшчэ (у сэнсе — ёсць...), ужо не чуваць было, бо жанчына, не спыняючы размовы, дала зразумець, што ў чарзе па рыбу стаяць не будзе — сышла...

І, здаецца, усім, хто побач стаяў, пакінула — яснае разуменне: якое ж гэта шчасце ад блізкага чалавека ў цяжкую хвіліну пачуць такое простае і такое важкае: «Я памагу! Не хвалюйся! Неяк перажывём!»

Не маючы іншага?

...Успомніла бабка, як дзеўкай была — літаральна: Міхайлаўна (а ўжо ж прыгожа, няспешна) распавядае, як некалі яна з сяброўкамі — ад зямлі не адраслі, а ўжо навыперадкі стараліся нечаму вучыцца, нешта рабіць: падмятаць, прыбіраць, паліваць ды палоць, шыць, вязаць, вышываць, гатаваць...

А ўсё дзеля чаго? Дзеля таго, каб людзям паказаць, што нешта ўмеюць, што нешта могуць, што яны — ужо не маленькія, што «пры дзеле»...

Цяпер і гэтак жа (не адросшы ад зямлі, навыперадкі) дзяўчаткі, паказваюць, што пры целе.

Не маючы іншага?

Цаца

Косцік жэніцца. Нявеста — ну вельмі прыгожая! Боцікі ў яе чорныя на высозных абцасах, шорцікі і куртачка — чырвоныя, скураныя, валасы — белыя, вочы — блакітныя, а ўжо пазногці... Нарошчаныя, доўгія-доўгія і з малюнкамі...

Распавядае пра гэта (ды ў падрабязнасцях) будучая залвіца — дзесяцігадовая сястра жаніха.

А ў бабулі яго ўражанні іншыя: «Бедны наш Косцічак, — распавядае яна, — гэткую цацу выбраў сабе! Дзве гадзіны часалася ды твар размалёўвала, пакуль снедаць прыйшла... Посуд за сабой — нават у ракавіну не паставіла (не тое каб памыць... Ці хоць прапанаваць)... Дзякуй не сказала... Яна што, вось гэткая, будзе сям'ю трымаць, мыць ды есці варыць? Яна дзіця захоча?.. Яна з гэтымі кіпцюрамі с... яму падатрэ?»

Два ўзросты — два погляды.

Чалавек. Сярод людзей

Да прыпынку «Станцыя метро «Партызанская» тралейбус ідзе амаль пустым: вечарам займай любое месца пад лямпачкай і чытай. Але там ужо...

Людзей — процьма (завод, універмаг, скрыжаванне...): маладых і старых, з дзецьмі і без... З чым, вядома ж, трэба лічыцца. Таму загадзя, яшчэ на пад'ездзе, складваю газету, пальчаткі, парасон, каб потым, калі спатрэбіцца, хуценька ўстаць, саступіць сваё месца. Ды...

— Не трэба! — грозна спыняе схварэлы дзядок з палачкай. — Хай маладыя падымуцца!

Ён заяўляе пра гэта гучна, з выклікам, трымаючы ў руках пасведчанне інваліда.

— Яны цяжарныя (адна і напраўду, — Аўт.), — шэптам кажу старому, баронячы маладзіц, якія толькі што селі.

— Што — усе?! — жахаецца дзед, сядаючы.

— Усе.

— І хлопец таксама?!

— Таксама.

Усе задаволеныя, усе смяюцца (найбольш — стары, бо гэта ж ён пажартаваў): сядзіць, усміхаецца... І крыху, відаць, шкадуе хлапца, які, уткнуўшы ў вушы навушнікі, слухае нешта сваё.

І не слухае наша.

Не да пацераў...

Знаёмая пад уражаннем: першы раз у гэтым стагоддзі ў рэстаран схадзіла. Расказвае, якія там наедкі былі, якія напіткі, госці, строі, гульні, танцы...

Што найболей уразіла?

У зале, апроч іх, яшчэ тры кампаніі былі — розныя па велічыні, але чыста жаночыя... І добра ж «нагудзеліся», калі ў рэстаран двух немцаў прынесла — не сказаць, каб прыгожых, не сказаць, каб маладых (хутчэй наадварот), але ж цвярозых... Дык ім нават з'есці не далі: не белы быў танец, — дзве жанчыны пацягнулі ў круг, чатыры — потым разбілі... Смешна глядзець.

Гэта — яна мне. Я ёй...

Як на сённяшні розум, — тое вяселле было камерным, бо спраўлялася яно ў шыкоўнай гарадской кватэры і гасцей там садзілі па «камерах»: гэта значыць, самых ганаровых, самых дарагіх сабралі ў адным вялізным пакоі (тады я нават не ведала, што такія ў гарадах бываюць), моладзь — у трохі меншым другім, усіх астатніх — суседзяў, супрацоўнікаў і г.д. — у найменшым трэцім. У чацвёртым — хораша граў аркестрык...

Маладым — гэта само сабой — было месца паўсюль: прыходзілі, хвілін з дзесяць сядзелі (прымалі віншаванні, «саладзілі» напоі) ды збягалі, каб праз паўгадзінкі з'явіцца зноў...

Зрэшты, пасля чарговага перапынку перамяшчацца сталі не толькі яны: некага з маладзейшых пацягнула ў пакой да пажылых, бо там спяваліся песні, некага з пажылых — да моладзі: прынамсі, вокам не паспела міргнуць, — да мужа падсела маладзіца, завяла нейкую размову. Хацела спачатку і я прычыніцца — «тры грошы» дзе ўставіць, — аказалася, не: яна гаварыла толькі да яго.

Што рабіць было мне? Парай слоў перакінулася з суседкай злева, падтрымала чыюсь прапанову выпіць, прыкусіла...

І пры гэтым краёчкам вока бачыла, што чарнявая па-ранейшаму штось даводзіць мужу, што ён ветліва слухае — не ў турме ж гадаваны...

Цяжка сказаць, колькі б гэта цягнулася, калі б не хлопец, што сядзеў насупраць і назіраў «карціну» наўпрост — у поўным аб'ёме. Назіраў спачатку з усмешкай, потым — з ціхім раз-пораз «Ну ни фига себе!.. Во дает!..», якое дзеўка не магла не заўважыць. І не пачуць.

Што зрабіла, пачуўшы? Устала, з сумам паглядзела на хлапца, спакойна сказала яму:

— Знаете, молодой человек, в ваши двадцать это может и смешно, в мои тридцать — нисколько.

Валянціна Доўнар.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Амаль па класіку: Бывай, марозны, звонкі вечар, Бывай, пушысты, мяккі снег... У метро, пад зямлёй, вясна, відаць, не адчувалася б, але... Кабета насупраць — высокая,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика