Хатні абярэг. 21.by

Хатні абярэг

01.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Венік быў абярэгам ад нячыстай сілы, калі яго паставіць каля дзвярэй хаты ці хлява, павярнуўшы "дагары нагамі" (г.зн. пруткамі ўгору), але добра ведалі: пераварочваць мятлу такім чынам у хаце — да галаўнога болю. У дні, калі, як лічылася, вядзьмаркі злосна лютуюць, з венікам рабілі пэўныя дзеянні: чыталі замовы і абмахвалі жывёлу мяцёлкамі, падвешвалі венік у хляве, закопвалі ў парозе ці ўвогуле спальвалі.

 Венік шырока выкарыстоўвалі ў якасці абярэгу для парадзіхі і нованароджанага (яго маглі пакласці пад падушку ці пад калыску, пры галаве; часам два венікі ставілі крыж-накрыж). Для аховы ад злых духаў венік маглі пакласці пад падушку маладым.

 Ратуючы свой ураджай ад птушак, грызуноў і іншых шкоднікаў, "калядны" венік клалі ў снапы ці рассыпалі па прутку ў склепе ці ёўні. З той жа мэтай на Палессі з дзеркачом у руках абыходзілі поле па сонцы і мялі "ад сябе".

 Па народных павер'ях, кругавыя абходы з венікам у руках абараняюць жытло ці цэлы населены пункт ад рознага зла. У некаторых рэгіёнах існаваў звычай пры пажары абыходзіць са старым венікам палаючую хату.

 Лічылі, калі абмесці тройчы курніка і закапаць у ім гэту мятлу, то куры хварэць не будуць і іх не з'ядуць драпежныя звяры.

 Ад нападкаў чужых пчол на свае вуллі засцерагаліся трыма асінавымі каламі і венікам, кажучы: "Сядайце, чужыя пчолы, на асінавыя калы ды й на стары венік — і адсюль не адыходзьце!".

 Калі цяжка збівалася масла ці блыталіся ніткі ў аснове пры ткацтве, "пад работу" падкладалі стары венік.

 Каб добра пёкся хлеб, на прыпечку спальвалі некалькі пруткоў са старога веніка.

 Цэлы шэраг магічных дзеянняў з венікам ці яго пруткамі існаваў у народнай медыцыне. Напрыклад, дзевяць пруткоў са старога веніка падвешвалі ў галаве дзіцячай калыскі (ці зашывалі ў адзенне дзіцяці) ад сурокаў ці начных крыксаў; калі дзіця доўга не хадзіла, яго ставілі на венік, затым венік ссякалі, а пруткі раскідвалі; для лячэння радыкуліту секлі бярозавы венік на парозе ці на паясніцы хворага.

 Венік з асіны, выраблены ў Сілуянаў дзень (12 жніўня), можа пазбавіць вас ад сурокаў і застарэлых захворванняў.

 Ведалі: каб у хаце быў лад і дабрабыт, новай мятлой трэба крыху памесці ў хату, перш чым пачнеш месці з хаты.

 Стары, скарыстаны, зношаны венік знішчалі таксама незвычайна. Яго адносілі як мага далей ад хаты; кідалі ў раку; закідвалі на дах хаты; спальвалі на рытуальным вогнішчы (у Чысты чацвер; на Вялікдзень, на Юр'я альбо Купалу). Існавала забарона спальваць венік у сваёй печы. Гэта магло наклікаць моцны вецер ці прыцягнуць у хату сваркі і спрэчкі; таксама казалі, што ў такім выпадку можа трэснуць печ ці каршун з'есць птушанят.

 Венік выкарыстоўвалі як для спынення працяглых дажджоў, так і для таго, каб выклікаць дождж у час засухі. На Палессі, каб выклікаць дождж, у калодзеж кідалі сухі венік; на скрыжаванні дарог спальвалі 12 венікаў; абыходзілі з венікам вёску. Каб спыніць дождж, праз акно выкідалі венік і хлебную лапату ці закідвалі венік на дах.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Венік быў абярэгам ад нячыстай сілы, калі яго паставіць каля дзвярэй хаты ці хлява, павярнуўшы "дагары нагамі" (г.зн. пруткамі ўгору), але добра ведалі:...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика