А ты кажаш, вясна. Мо і праўда, вясна?... 21.by

А ты кажаш, вясна. Мо і праўда, вясна?..

01.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сядзім з дачкой у чарзе ля аднаго з кабінетаў дыспансэра спартыўнай медыцыны, людзей — процьма. Адны ідуць без чаргі, бо ім выступаць на спаборніцтвах, другія — бо яны ўдзельнікі зборных камандаў, трэція — бо іх арганізавана прывёў трэнер. Астатнія, натуральна, сварацца. Вось адзін бацька малога спартсмена счапіўся ў вуснай перапалцы з трэнерам, якая спрабуе па-за чаргой правесці групу з дзесяці дзяцей. Ні пра што не дамовіўшыся, яны ідуць высвятляць адносіны да загадчыцы. Потым праходзіць хвілін дваццаць, а назад яны не вяртаюцца. "Мабыць, пазабіваліся", — жартуе мужчына, які з сынам заняў чаргу пасля нас. Мы з ім адзіныя, хто не лямантуе, а стаічна пераносіць цяжар доўгага чакання. А яшчэ дзеці, якія праходзяць камісію самастойна, без бацькоў.

Побач стаяць хлопчыкі гадоў дзевяці і вядуць цікавую гутарку. "Чаму ў цябе ў медычнай картцы прозвішча перакрэслена і напісана іншае?", — пытае меншы ў большага. "А ў мяне два таты, — адказвае таварыш па секцыі. — Спачатку быў адзін, потым мама з ім пасварылася. Цяпер — другі. Адзін быў Саша, другі Сяргей". "Ну і каторы лепшы? — не ўтрываў мой дарослы сусед па чарзе. "Па мне дык абодва нядрэнныя, але ж мама выбірае", — па-філасофску заключае спартсмен-пачатковец.

Тым часам нам тлумачаць прычыну такога наплыву людзей. Усе групы розных спартыўных школ павінны прыходзіць медкамісію ў адпаведнасці з графікам. Але некаторыя трэнеры і кіраўнікі школ "праспалі" свой час і не накіравалі дзяцей на медыцынскае абследаванне яшчэ зімой. А цяпер прыйшла вясна, пайшлі праверкі, і тых удзельнікаў секцый, якія не маюць медыцынскай даведкі, да трэніровак не дапускаюць. Вось і пайшлі валам: хто па графіку, хто без графіка, таму і ўтвараюцца натоўпы ледзь не пад кожным кабінетам. Што такое праходжанне камісіі па-за графікам, мы адчулі яшчэ на мінулым тыдні, калі на прыём да доктара трапілі праз чатыры гадзіны чакання. А з другога боку, зразумела, што ў такой сітуацыі, якая склалася, быццам бы ніхто не вінаваты. Незразумела толькі, чаму правяральшчыкі сталі зазіраць у спартыўныя школы толькі з надыходам вясны. Хіба раней яны холаду баяліся?

Праўда, пакуль што вясна цяплом яшчэ нікога не наталіла. Яна наогул сёлета прыйшла з халадком клопатаў і праблем. Акурат з яе надыходам палезлі ўгару цэны. І гэтаму працэсу пакуль што не відно канца. Вясна яшчэ адзначылася войнамі ў Афрыцы, фінал якіх не можа прадказаць ніводзін, нават самы геніяльны, аналітык, і страшнейшым землятрусам у Японіі, колькасць ахвяраў якога нават пакуль нельга падлічыць дакладна.

Прыродная катастрофа, якая пацягнула за сабой яшчэ і тэхнагенную, атрымала нечаканы водгук у інтэрнэце. Мэтр расійскага кіно Мікіта Міхалкоў неасцярожна выказаўся наконт рэлігійна-філасофскай праблемы граху і кары за яго. Неасцярожна, бо, захапіўшыся разважаннямі, прывёў за прыклад і японцаў, якія церпяць. І нават калі не хацеў пакрыўдзіць людзей з далёкай краіны, то зачапіў за самае жывое і балючае. А цяпер мусіць апраўдвацца. І, вядома, у адказ пачаўся вэрхал. Усе нядобразычліўцы паспяшаліся звесці рахункі з рэжысёрам і павесіць на яго нават тых сабак, якіх ён і ў вочы не бачыў. Зараз жа сам д'ябал не разбярэцца — хоць Мікіта Сяргеевіч сябе і назваў у сваім твітары "Бесагонам" з прэтэнзіяй на разгон д'яблаў — хто ў той дыскусіі праведнік, а хто "бес" . І ўсё ж, на мой погляд, не трэба было чапаць Японію, якая яшчэ не пахавала свае ахвяры. Бо таму, хто страціў блізкіх, застаўся без даху над галавой, пазбавіўся ўсяго нажытага, не суддзя той, хто з разумным выглядам разважае перад камерай, жэстыкулюючы рукамі ў пярсцёнках, і ведаючы, што ля парога яго чакае машына з мігалкай. Зусім не суддзя.

Гэтай вясной наогул вельмі шмат мітусні, баязлівых клопатаў, апасенняў. Адны тэрмінова купляюць машыны, бо летам іншамаркі, як вядома, падаражэюць. У Брэсце з гэтай нагоды перапоўнены ўсе гасцініцы. Ахвотныя купіць машыны едуць бліжэй да мяжы з Расіі, іншых краін. Нашы суайчыннікі таксама пазычаюць грошы, бяруць крэдыты, высільваюцца, як могуць, каб набыць новы транспартны сродак. І цяпер нават на рэгістрацыю ўжо новых машын чэргі займаюць ледзь не з пяці раніцы. У адзін з выхадных дзён мой сваяк стаяў у такой чарзе: раптам рэгістраваць перасталі, бо завіслі камп'ютары. Аказалася, мышы перагрызлі провад. Суперсучасная тэхніка бывае зусім безабароннай перад звычайнымі грызунамі... Ва ўсёй чаргі ледзь не здарыўся нервовы зрыў.

А яшчэ людзі мітусяцца ў банках. Адны купляюць валюту, іншыя спрабуюць высветліць у супрацоўнікаў, што будзе далей, ці варта пакідаць валютныя ўклады, ці лепей іх забраць. Тыя, як могуць, супакойваюць.

Нервуюцца і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, іх падначаленыя: толькі распачнуць сеяць, а тут зноў мароз, зноў холад.

І ўсё ж вясна паступова прыходзіць. На поўдні краіны з'яўляюцца першыя краскі. Хочацца думаць, што цяпло і адвечная прыгажосць вясны нагрэюць зямлю і душы. Павінна ж пацяплець.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сядзім з дачкой у чарзе ля аднаго з кабінетаў дыспансэра спартыўнай медыцыны, людзей — процьма. Адны ідуць без чаргі, бо ім выступаць на спаборніцтвах, другія — бо...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика