105-гадовы Фёдар Ядчук: "Жаночым цярпенню і мудрасці я манументы б ставіў. Каб іншыя вучыліся"
08.04.2011
—
Новости Общества
|
Фёдар Іосіфавіч Ядчук з Драгічына ў лютым адзначыў свой 105-ы дзень нараджэння. Калі мне расказалі аб гэтым у мясцовым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, захацелася пазнаёміцца з гэтым чалавекам, спытаць, што трэба, каб і мужчыны жылі доўга. Бо нашы доўгажыхары, як вядома, спрэс жанчыны. Тут жа такі выпадак! Тым больш, паведамілі ў цэнтры, дзядуля цікавы суразмоўца. Хоць, як аказалася, жыццё чалавек пражыў нялёгкае, і па гэтым жыцці можна пісаць гісторыю памежнага краю. Нарадзіўся Фёдар у невялікім гарадку Владава, які цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. Сям'я бацькоў была вялікая, дружная, працавітая. Меншая сястра Фёдара Іосіфавіча жыве зараз у Польшчы. Апошні раз бачыліся вельмі даўно... А тады жылі ў асноўным сваёй гаспадаркай. У свой час Фёдар прайшоў тэрміновую службу ў Войску Польскім. Тым часам у іх гарадок пераехала сям'я з Драгічынскага раёна. На дачку гаспадароў, прыгажуню Любу, і паклаў вока зухаваты владаўскі хлопец. Але ў 1939-м пачалася Другая сусветная вайна. Фёдара прызвалі ваяваць з немцамі. Разам з дваццаццю іншымі салдатамі ён трапіў у палон. Той эпізод жыцця сталы чалавек да гэтай пары не можа ўспамінаць спакойна. Многае сцерлася з памяці, але засталося агульнае адчуванне кашмару і небяспекі. Некалькі яго аднапалчанаў — яўрэяў і беларусаў — адразу накіравалі ў канцлагер Майданэк і спалілі там. А яму з таварышам удалося ўцячы. Ён дабраўся ў сваю Владаву. Хуценька ажаніліся з Любай. Але заставацца ў родным горадзе было небяспечна. І яны накіраваліся фактычна ў бежанцы, у Днепрапятроўскую вобласць Украіны. ![]() Так яно і сталася, калі вярнуліся ў Людвінава, вёску, дзе яна нарадзілася. Там засталі яе стрыечнага брата, Леона. Да вайны ён жыў у маёнтку Ажэшкаў, быў заможным чалавекам. Ён і дапамог на першай пары абсталявацца. Зажылі лепш. Фёдар быў майстрам на ўсе рукі, ён усім дапамагаў будаваць дамы, клаў печы, выконваў любую работу па добраўпарадкаванні. Паступова ў сям'і завялася капейка. Нарадзілася яшчэ двое дзяцей. Пазней яны з жонкай набылі невялікі домік у Драгічыне, і галава сям'і да пенсіі працаваў у будаўнічай арганізацыі. Ён і зараз жыве ў тым доме. Жонка памерла ў 83 гады. Пра яе ён без слёз гаварыць не можа: "Мая Любачка, хоць і нашмат маладзейшая за мяне, але заўжды была ў мяне ў вялікай пашане. Я калі працаваў у людзей, печы клаў, вокны рабіў, на розных кабет нагледзеўся. Бывала дзівіўся, як з імі мужыкі жывуць. А дадому прыйду — хацелася Любу на руках насіць: яна ж такая спакойная, такая памяркоўная была, мудрая. Бывала, слова дрэннага не скажа, голасу не павысіць. Гаспадыня была цудоўная, усё у яе руках ладзілася. Я, каб мог, жаночаму цярпенню і мудрасці манументы да неба ставіў бы. Каб іншыя вучыліся... А цяпер нявестка ў мяне залатая — Таццяна. Даглядае мяне, важдаецца, як з малым дзіцем. Без яе я да дактароў не заеду, нікуды не траплю". Нявестка Фёдара Ядчука, Таццяна Андрэеўна, медыцынскі работнік. Яна ціск памерае, укол зробіць, а таксама прыбярэ і нагатуе. Аслеп ён у 93 гады. Завезла тады дзядулю ў бальніцу, а там сталі сумненні выказваць, ці трэба аперацыю рабіць у такім узросце. Нявестка настояла. Пасля аперацыі на адно вока зрок поўнасцю вярнуўся. І сталы чалавек чытае. Чытае ён, дарэчы, на польскай, рускай, беларускай мовах, хоць у школу ніколі не хадзіў. Сам навучыўся. Як і многае ў жыцці. Чытае дзядуля Фёдар цяпер найбольш Біблію, святыя кніжкі. Але разважаць любіць на ўсялякія тэмы. "Жыць, — кажа, — трэба па сумленні, нікога не крыўдзіць, дрэннага не рабіць. А гарэлку піць з розумам. Я заўсёды мог чарку выпіць, але п'яным за ўсё жыццё мяне ніхто не бачыў". Пагаварыць можна было б і больш, ды Фёдар Іосіфавіч сябе няважна адчуваў. Тыдзень таму ўнук вазіў яго на пахаванне сястры жонкі. І пасля гэтага літаральна злёг. Калі не ў форме, то фатаграфавацца, зразумела, не захацеў, прапанаваў свой здымак з дня нараджэння, калі яго прыходзілі віншаваць работнікі сацыяльнай службы. А літаральна ўчора нявестка сказала па тэлефоне, што свёкру палепшала, ён значна акрыяў і ўзяўся чытаць свае любімыя кніжкі. "Звычайна бацька на здароўе не скардзіцца, кардыяграма ў яго такая, што дактары здзіўляюцца, — расказаў сын доўгажыхара Віктар, — толькі вось недачувае". А калі ў паліклініцы прапанавалі набыць слыхавы апарат коштам каля 500 тысяч рублёў, Фёдар Іосіфавіч адмовіўся, палічыў, што дорага. Пасля кожнай пенсіі, паводле слоў сына, абавязкова дае па сотні тысяч то аднаму ўнуку, то другому. "Такія яны, старыя бацькі, што жывуць для дзяцей і ўнукаў да апошняга свайго дня", — заўважыў сын. У дзядулі, дарэчы, пяць унукаў, дзевяць праўнукаў. — А на сваім 105-гадовым юбілеі, — расказала Жанна Касяк, спецыяліст цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, — ён гаварыў, што ўдзячны Богу за ўсё, што было ў жыцці. Цяпер жа гатовы ў любую хвіліну адысці, каб сустрэцца з дарагімі яму людзьмі, і найперш, са сваёй Любай. Яшчэ расказваў, якім у маладосці быў кавалерам, як любіў спяваць, танчыць. І нават рызыкнуў станцаваць з дарагой госцяй пад апладысменты прысутных... Святлана ЯСКЕВІЧ. Драгічынскі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фёдар Іосіфавіч Ядчук з Драгічына ў лютым адзначыў свой 105-ы дзень нараджэння. Калі мне расказалі аб гэтым у мясцовым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага...
|
|