Ці падштурхне сустрэча да супрацоўніцтва?
08.04.2011
—
Новости Общества
|
Старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі правёў сустрэчу з прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнэсу. Размова на сустрэчы ішла пра рэалізацыю Дырэктывы Прэзідэнта Беларусі № 4, правядзенне ў 2011 г. Года прадпрымальнасці, а таксама перспектывы развіцця малога бізнэсу. Паводле даклада В. Дзічкоўскага, зараз у Баранавічах 5700 індывідуальных прадпрымальнікаў 1185 прыватных прадпрыемстваў, а ўсяго ў малым і сярэднім бізнэсе працуе 16 тысяч чалавек. Удзельная вага падатковых паступленняў у бюджэт горада складае больш за 23%, а доля экспарту дасягае 30,5%. З'явіліся і буйныя прадпрыемствы. Напрыклад, УП "Мэблевая фабрыка "Лагуна", на якой працуе 1300 чалавек, трапіла ў разрад горадаўтваральных. Кіраўнік горада прыцягнуў увагу прысутных да недахопу ў Баранавічах міні-кавярняў і магчымасці іх адкрыцця з дапамогай прадпрымальнікаў. На вялікі жаль, прадстаўнікі бізнэсу вялі на сустрэчы сябе не вельмі актыўна і задалі кіраўніку гарвыканкама толькі два пытанні. Адзін удзельнік пацікавіўся, на якую рэальную дапамогу можа разлічваць малы бізнэс, што працуе на экспарт? І яму адказалі, што ў пытаннях экспарту могуць быць аказаны бясплатныя кансультацыі мытнікамі. Пасольства Беларусі ў краіне, куды прадпрымальнік пастаўляе сваю прадукцыю, таксама можа аказаць пасільную дапамогу. А што датычыцца рэкламы, то гэта справа таго, хто працуе на экспарт. Прасоўванне прадукцыі на экспарт магчыма і праз конкурс "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынках Расіі". Другое пытанне, увогуле, не адносілася да праблемы прыватнага бізнэсу. Чалавека турбаваў стан вуліц у горадзе, а таксама тэрміны ўзвядзення ў мікрараёне Бараўкі школы і дзіцячага садка... Гэтая праблема для Баранавіч, бадай, самая набалелая. — Мы працуем над гэтымі пытаннямі, але яны капіталаёмістыя. Каб прывесці ўсе вуліцы горада ў парадак, патрэбна 400 млрд рублёў, а гэта больш за гадавы бюджэт горада. А дзіцячы садок у Бараўках запланавана ўзвесці ў наступным годзе, — адказаў В. Дзічкоўскі. Прадстаўнік Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Юркевіч, расказаў пра падтрымку, якую аказвае дзяржава прадпрымальнікам, і падкрэсліў, што сёння такую падтрымку ў першую чаргу атрымліваюць тыя, хто працуе на экспарт. Дырэктар Цэнтра стандартызацыі і метралогіі Мікалай Лабко выступіў з прапановай: — На працягу 3 гадоў з таго часу, як прадпрымальнік пачаў сваю дзейнасць, яго нельга правяраць. Чалавек працуе, і яму здаецца, што ўсё ў яго правільна, але не заўсёды так бывае. А чаму б праз паўгода працы не звярнуцца да нас? Мы бясплатна праверылі б прадпрыемства, і калі там ёсць нейкія адхіленні, то ўказалі б на іх. Думаю, што гэта было б на карысць усім. Такія сустрэчы выклікаюць цікавасць, але, як сказаў адзін з прадпрымальнікаў, 80% іх праблем павінны вырашацца тымі, хто займаецца бізнэсам. Сымон Свістуновіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі правёў сустрэчу з прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнэсу. Размова на сустрэчы ішла пра рэалізацыю... |
|