Раста і безграшоўе
08.04.2011
—
Новости Общества
|
У рэдакцыю "Звязды" звярнуўся жыхар Магілёва, інвалід Вялікай Айчыннай вайны Альберт Абрамовіч з просьбай надрукаваць яго зварот да міністра сельскай гаспадаркі. Праблема, з якой магілёўскі ветэран звяртаецца да ўладаў, — не яго асабістая, а грамадская. Справа ў тым, што Альберт Абрамовіч занепакоены лёсам ракі Раста і яе поймай. Для таго, каб усім было зразумела: Раста — невялікая рэчка ў Чавускім раёне Магілёўскай вобласці, прыток больш вядомай Проні. Ветэран, якому цяпер 85 гадоў, з'яўляецца старэйшым ураджэнцам вёскі Гарбавіцкая Слабада. Ён вырас на беразе Расты і памятае, якой рака была мнагаводнай, багатай на рыбу і ракаў і як шмат добрага сена давалі паплавы! "У межах кіламетра ад Расты людзі, якія жылі на хутарах і вёсках, не мелі калодзежаў, — піша міністру Абрамовіч. — Усе іх патрэбы задавальняла рэчка. Сама яна насычалася дробнымі рачулкамі і крыніцамі. Да вайны былі на ёй млыны і сажалкі пры іх. Але потым усё гэта было знішчана". — Да вайны я лавіў ракаў у Расце і вазіў іх у Магілёў на гандаль, а паплавы людзі называлі сапраўднымі перлінамі, — узгадвае ветэран. — А цяпер... Якія там ракі і сена? Трэба з гэтым нешта рабіць, таму што ў Беларусі, на жаль, няма бязмежных земляў, каб імі раскідвацца. Трэба выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы з розумам! "Пойма ракі — да 20 квадратных кіламетраў, — працягваецца зварот. — Ці можна прыцягнуць гэтыя землі ў гаспадарчы абарот? Зрабіць каскады сажалак з наступным зарыбленнем? А берагі скарыстаць для размяшчэння дамоў адпачынку, турыстычных аб'ектаў і гэтак далей? Дайце рэчцы Раста другое дыханне!" Вось з такой прапановай звяртаецца ветэран з Магілёўскай вобласці ў Міністэрства сельскай гаспадаркі. Улады Магілёўскай вобласці і Чавускага раёна ведаюць пра трывогі Альберта Абрамовіча. Ветэран пабываў на прыёме ў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка: усё пачалося з пытання пра пераараную цяжкай сельскагаспадарчай тэхнікай дарогу да могілак паблізу вёскі Слабада, а закончылася гутаркай пра добраўпарадкаванне ракі Раста. — Трэба расчысціць пойму ад пустазелля, паставіць плаціны, зрабіць сажалкі, зарыбіць іх і стварыць урэшце зону адпачынку для жыхароў абласнога цэнтра, — ветэран упэўнены, што гэта выдатны план развіцця тэрыторыі. — Так, ніхто і не супраць, — пагаджаецца старшыня Чавускага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Чыканаў. — Але грошай на такія вялікія праекты нестае. — Грошы заўсёды можна адшукаць і рабіць усё паэтапна, — настойвае Абрамовіч. — Цяпер жа ёсць інвестары. Трэба толькі варушыцца і думаць. У гэтых мясцін ёсць патэнцыял! На прытоку самой Расты, рэчцы Рудзея, створана вялікае вадасховішча, на берагах якога размешчаны прафілакторыі і санаторыі. Менавіта тут планавалася зона адпачынку для жыхароў горада Магілёва, але само вадасховішча, паводле слоў спецыялістаў, зрабілі няправільна. На дне застаўся торф, які пры цёплым надвор'і змяняе якасць вады, яе колер і пах. Адным словам, там можна катацца на лодцы і водным матацыкле, але плаваць, асвяжацца ў спякоту ўсё ж не рэкамендуецца. Што датычыцца ракі Раста, то яе наваколле даўно аблюбавалі дачнікі з Магілёва. Там жа ёсць і калгасныя палі. Аляксандр Чыканаў лічыць, што на Расце можна паспяхова развіваць аграэкатурызм. — Гэта можа стаць выйсцем, бо, паўтаруся, цяпер вялікія інвестыцыйныя праекты рэалізаваць складана, — гаворыць старшыня раённага Савета дэпутатаў. — А што датычыцца самага надзённага — дарогі да вясковых могілак, то абавязкова зробім да Радаўніцы, каб людзям было зручна пад'ехаць. Альберт Абрамовіч прыклаў да свайго звароту лісты з розных ведамстваў, якія прыйшлі ў адказ на яго прапановы. Аддзел энергетыкі і паліва Магілёўскага аблвыканкама паведаміў, што будаўніцтва на Расце міні-ГЭС эканамічна немэтазгоднае з-за вялікіх тэрмінаў акупнасці такога праекта. Камітэт эканомікі аблвыканкама наконт зоны адпачынку расказаў, што ў любы момант гатовы разглядзець пытанне аб заключэнні дамовы з патэнцыйным інвестарам аб стварэнні аздараўленча-турыстычнага комплексу ў басейне ракі Раста. Аднак дзе адшукаць гэтага інвестара? — Адным словам, адказ ва ўсіх адзін — прабачце, але безграшоўе, — каментуе ветэран. Сам Альберт Абрамовіч ужо даўно жыве ў Магілёве, але ў родную вёску часта прыязджае як на дачу. Больш за тое, ён стаў ініцыятарам усталявання ў Гарбавіцкай Слабадзе дзвюх памятных дошак. — Мая місія — пакінуць на роднай зямлі памяць пра тых людзей, якія тут жылі, — гаворыць пенсіянер. На дошках — імёны і выявы тых, хто загінуў у Першую і Другую сусветныя войны на франтах, хто стаў мірнай ахвярай апошняй вайны і вярнуўся з яе інвалідам. Грошы на ўсталяванне памятных дошак ветэран збіраў з нашчадкаў жыхароў Гарбавіцкай Слабады (нават у Прыбалтыцы), дапамаглі і проста добрыя людзі. Два помнікі ўсталяваныя ў бярозавым гаі паблізу дарогі: першы — у 2005 годзе, а другі — летась, з урачыстай цырымоніяй і ўдзелам праваслаўнага святара. Развіццё турыстычных маршрутаў, калі на Расце з'явіцца зона адпачынку для магілёўцаў, на думку Альберта Абрамовіча, дазволіць людзям даведацца пра мінулае гэтых мясцін. Цяпер жа, паведаміў Чавускі райвыканкам, вёска Слабада Гарбавіцкага сельсавета ўключана толькі ў пешаходны альбо веласіпедны маршрут "Па месцах баявой славы". Безумоўна, пагаджаецца ветэран, у мясцовых уладаў шмат праблем — так бы мовіць, бягучых. Забеспячэнне жыццядзейнасці людзей, павышэнне дабрабыту, стабільная праца прамысловасці, вытворчасці малака, мяса ды бульбы... Спіс можна працягнуць. Таму ветэран лічыць, што для вырашэння праблемы трэба падключыць рэспубліку, і з гэтай нагоды ён і папрасіў надрукаваць у газеце "Звязда", падпісчыкам якой ён з'яўляецца, зварот да міністра сельскай гаспадаркі, і будзе чакаць слушнага адказу. — Расту трэба зрабіць па-людску і давесці да розуму, каб кожны кавалак зямлі пусціць у справу, на карысць людзям і краіне, — перакананы інвалід вайны з Магілёва Альберт Абрамовіч. Ілона Іванова. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У рэдакцыю "Звязды" звярнуўся жыхар Магілёва, інвалід Вялікай Айчыннай вайны Альберт Абрамовіч з просьбай надрукаваць яго зварот да міністра сельскай...
|
|