Андрэй Швед: "Мэта адна — у найбольш кароткія тэрміны знайсці гэтага падонка або групу асоб і пакараць у адпаведнасці з беларускім законам". 21.by

Андрэй Швед: "Мэта адна — у найбольш кароткія тэрміны знайсці гэтага падонка або групу асоб і пакараць у адпаведнасці з беларускім законам"

13.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Намеснік генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэй ШВЕД правёў учора прэс-канферэнцыю, дзе расказаў журналістам самыя апошнія звесткі (па стане на 12 гадзін дня) аб выбуху на станцыі метро "Кастрычніцкая":

— Зараз следчай групай праведзены агляд месца здарэння, ёсць сотні рэчавых доказаў, мы з імі працуем. Акрамя таго, мы завяршаем агляд пашкоджанага саставу электрацягніка. З раніцы пачалася і па цяперашні час праводзіцца судова-медыцынская экспертыза целаў загінулых. На гэты момант загінула 12 чалавек: 11 загінулі непасрэдна на месцы, адзін, на жаль, сканаў у бальніцы падчас аказання медыцынскай дапамогі. Пакуль з 12 загінулых з большай доляй верагоднасці ўстаноўлены асобы дзесяці. Па двух астатніх, на жаль, пакуль я не магу афіцыйна пацвердзіць іх асобы, праца ў гэтым напрамку вядзецца.

Андрэй Швед паведаміў, што Беларусь зацікаўлена ў тым, каб любыя арганізацыі, любыя асобы, любыя дзяржавы аказалі рэальную практычную дапамогу, а таксама адзначыў, што ўжо з раніцы працуюць спецыялісты ФСБ Расіі, выбухатэхнікі, а 13 красавіка павінны прыбыць следчыя са следчага камітэта Расіі, якія маюць вопыт расследавання крымінальных спраў, звязаных з тэрарызмам. "Будзем абменьвацца вопытам падчас расследавання гэтай крымінальнай справы", — сказаў ён.

— Калі спецыялісты іншых дзяржаў гатовы аказаць садзейнічанне, то мы будзем гэта толькі вітаць, — сказаў намеснік генпракурора. — Мэта адна — у найбольш кароткія тэрміны знайсці гэтага падонка або групу асоб і пакараць у адпаведнасці з беларускім законам. Я мяркую, што меры павінны быць да такіх людзей адэкватнымі, безумоўна, у рамках закона, але адэкватнымі.

Што тычыцца версій, то на гэтае пытанне Андрэй Іванавіч не адказаў, спаслаўшыся на тое, што больш падрабязная інфармацыя будзе агучана пазней:

— Мэта зразумелая — дэстабілізацыя грамадскага становішча ў нашай краіне. Ніякіх гучных заяў рабіць не буду, але разам з тым трэба набрацца цярпення — у вельмі кароткія тэрміны мы давядзём да грамадскасці важную інфармацыю па гэтай справе. І ёсць пэўныя ўстаноўленыя намі прыкметы злачынца. Ужо адпрацоўваюцца некалькі асоб. Гэтыя прыкметы вельмі канкрэтныя, вельмі зразумелыя, і па гэтых прыкметах мы будзем працаваць, — сказаў Андрэй Швед, але не ўдакладніў, ці ёсць затрыманыя. — Скажу так: ёсць канкрэтныя асобы, у дачыненні да якіх мы праводзім канкрэтную працу.   — Па папярэдніх звестках, атрыманых падчас агляду, магутнасць выбуховага прыстасавання складае не менш за 3 кілаграмы ў тратылавым эквіваленце. Гэтае выбуховае прыстасаванне было набіта, калі так можа сказаць, рознымі пашкоджвальнымі элементамі — шарыкамі, прутамі металічнымі, цвікамі. Што тычыцца таго, ці былі аналагі ў сучаснай Беларусі, то, па маіх звестках, мы ўпершыню сутыкнуліся з такім праяўленнем тэрарызму на тэрыторыі нашай краіны. Але смею вас запэўніць, што ў нас маюцца ўсе неабходныя сродкі для таго, каб раскрыць гэтае злачынства, — паведаміў Андрэй Швед. — Выбух быў такой моцы, што лаўка на станцыі практычна знішчана, знойдзены толькі асобныя яе фрагменты. Прынамсі, выбух быў, я акуратна выкажуся, у раёне лаўкі. Дзе менавіта дакладна — на гэта адказ павінны даць спецыялісты. Пакуль у нас няма экспертнага заключэння, я не магу афіцыйна сказаць наконт дакладнага месцазнаходжання выбуховага прыстасавання адносна лаўкі.

Таксама, па словах намесніка генеральнага пракурора, хутчэй за ўсё выбуховае прыстасаванне было радыёкіруемае:

— Пакуль па інфармацыі, якая маецца, не ідзе гаворка пра смяротніка — верагоднасць радыёкіруемага прыстасавання вельмі вялікая.

Андрэй Швед таксама заявіў, што не мае інфармацыі, ці ведалі спецслужбы пра магчымасць тэракту яшчэ да выбуху:

— Гэта вы спытайце ў спецслужбаў, я такой інфармацыяй на гэты момант не валодаю.

Карыстаючыся выпадкам, Андрэй Іванавіч звярнуўся з заклікам да грамадзян дапамагчы праваахоўным органам, калі ёсць нейкая карысная інфармацыя па справе, і, вядома, папрасіў не распаўсюджваць чуткі:

— Я б папрасіў усіх асоб, асабліва тых, якія знаходзіліся на станцыях метро "Купалаўская" і "Кастрычніцкая" 11 красавіка ў перыяд часу з 17:40 да выбуху і якія могуць нам што-небудзь паведаміць, аказаць нам усялякае садзейнічанне. Наконт відэакамер у метро магу сказаць наступнае: праца вядзецца, і гэтая праца дае свае вынікі. Што тычыцца аматараў распаўсюджваць чуткі, то хацеў бы іх папярэдзіць з усёй сур'ёзнасцю ажно да крымінальнай адказнасці: калі нехта хоча на касцях, калі можна так сказаць, нашых з вамі грамадзян распіярыць і стварыць нейкія сітуацыі, то я магу сказаць толькі адно — мы гэта ўсё пільна адсочваем. І не толькі лжывыя ўкіды, звязаныя з ўсялякім праяўленнем актаў тэрарызму, але і іншыя каментары ў СМІ наконт трагедыі на станцыі метро "Кастрычніцкая". Зараз з'яўляецца вельмі шмат "каментароў" у двукоссі, якія ніякага дачынення да рэчаіснасці не маюць. Пакуль я так акуратна выкажуся, — заявіў Андрэй Швед. (Адпаведную заяву з папярэджаннем аб магчымай адказнасці Генпракуратура апублікавала ў той жа дзень.)

Павел БЕРАСНЕЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Намеснік генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэй ШВЕД правёў учора прэс-канферэнцыю, дзе расказаў журналістам самыя апошнія звесткі (па стане на 12...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика