Калі ад валюты "адчэпяцца" чэргі?. 21.by

Калі ад валюты "адчэпяцца" чэргі?

23.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Літаральна ў бліжэйшыя дні, у маі, валютны рынак Беларусі павінен стабілізавацца, попыт насельніцтва ў валюце будзе задаволены. А пакуль чэргі ля абменнікаў не знікаюць, супрацоўнікі аховы правапарадку раяць адэкватна ацэньваць сітуацыю і не набываць валютную наяўнасць у валютчыкаў. Парушэнне парадку правядзення валютных аперацый караецца штрафам у памеры да 3,5 млн рублёў з канфіскацыяй прадмета здзелкі.

Як вядома, у краіне склалася адмоўнае сальда плацежнага балансу, пры якім імпартуецца больш, чым паступае экспартнай валютнай выручкі. Урад і Нацбанк распрацавалі шэраг мер, скіраваных на стабілізацыю сітуацыі. "На сёння мы правялі перамовы з Расіяй адносна знешняй пазыкі, — кажа начальнік галоўнага ўпраўлення валютнага рэгулявання і валютнага кантролю Нацыянальнага банка Анатоль МАРОЗ. — Расійская Федэрацыя са свайго боку запатрабавала праграму мер па выхадзе з крызісу. Літаральна на наступным тыдні або ў пачатку мая гэта пытанне павінна вырашыцца, і далей будуць прымацца крокі па стабілізацыі валютнага рынку Беларусі. Будзе разглядацца і пытанне аб збліжэнні курсаў, выхад на адзіны курс".

Ажыятаж на рынку наяўнасці Беларусі быў створаны самімі фізічнымі асобамі, скупка валюты якімі справакавала адмоўнае сальда для рэспублікі і станоўчае для насельніцтва. Так, на працягу мінулага года насельніцтва набыло 1,5 млрд долараў, прычым больш за 1 млрд — толькі за тры месяцы, а менавіта з кастрычніка па снежань. Ажыятажны попыт на валюту быў абумоўлены ў тым ліку пэўнымі зменамі на знешнім рынку, у прыватнасці, ва Украіне. У студзені гэтага года сітуацыя нібыта стабілізавалася: насельніцтву было прададзена каля 50 млн долараў, а ў лютым — 12 млн. Аднак у сакавіку гэтая лічба дасягнула 700 млн долараў. Таму 22 сакавіка ўпраўленне Нацбанка прымае рашэнне не траціць золатавалютныя рэзервы, якія забяспечваюць эканамічную бяспеку краіны, на падтрыманне банкаў для продажу насельніцтву валюты. Банкі пачалі дзейнічаць паводле іншай схемы: колькі яны набывалі ў насельніцтва, столькі маглі і прадаваць. На ажыятаж гэта не паўплывала, пра што яскрава пачалі сведчыць чэргі ля кожнага абменнага пункта, але дзяржава захавала золатавалютныя рэзервы. Значна ўскладніла сітуацыю і тое, што насельніцтва пачало актыўна здымаць валютныя ўклады і разам з новай набытай валютай захоўваць у банкаўскіх ячэйках (на сёння ў банках занятыя ўсе такія ячэйкі), што раўназначна, па сутнасці, захоўванню "ў панчохах". З той толькі розніцай, што ячэйкі адназначна больш надзейныя. Валюта такім чынам "выпала" з банкаўскай сферы.

Паводле слоў першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў Віктара СЯНЬКО, набываць валюту неабходна толькі ў абменных пунктах, паколькі выявіць сапраўднасць банкнот можа толькі банк. Акрамя таго, ніхто не адмяняў пакарання за незаконныя валютныя аперацыі. Толькі за дваццаць дзён красавіка супрацоўнікамі органаў унутраных спраў складзена 118 адміністрацыйных пратаколаў у дачыненні да асобаў, якія займаюцца незаконнымі валютнымі аперацыямі. Дарэчы, гэта толькі пратаколы, складзеныя ў дачыненні да валютчыкаў, а не да прадпрымальнікаў, якія рэалізуюць тавар за валюту, хоць гэта таксама з'яўляецца парушэннем і караецца па законе. У валютчыкаў былі канфіскаваныя грашовыя сродкі ў суме, эквівалентнай 300 млн беларускіх рублёў. У дачыненні да асобаў, якія сістэматычна займаліся незаконнымі валютнымі аперацыямі і атрымалі даход у буйным памеры, заведзены тры крымінальныя справы. Так, у гэтым месяцы па матэрыялах органаў унутраных спраў заведзена крымінальная справа ў дачыненні да 46-гадовага магіляўчаніна, які са жніўня 2010 года па сакавік гэтага ажыццяўляў незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, звязаную з валютна-абменнымі аперацыямі, і атрымаў даход у памеры 76 млн рублёў. Санкцыя дадзенага артыкула Крымінальнага кодэкса (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць) прадугледжвае ад штрафу да пазбаўлення волі тэрмінам да 3 гадоў.

А ў Баранавічах махлярка пад прапановай продажу долараў авалодала больш як 900 тыс. рублёў мясцовай пенсіянеркі. 74-гадовая жанчына паведаміла міліцыі, што ў той дзень яна прыйшла да аднаго з абменных пунктаў валюты, дзе збіралася набыць долары. Да яе падышла невядомая жанчына, прапанавала валюту і паказала 300 долараў ЗША. Пакуль пенсіянерка даставала з сумкі 936 тыс. рублёў, махлярка замяніла банкноты, згорнутымі аддала жанчыне, узяла рублі і знікла. Пенсіянерка вырашыла праверыць у абменным пункце, ці не фальшывыя долары ёй прадалі, разгарнула скрутак і пабачыла ўсяго сем долараў. Па факце заведзена крымінальная справа.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Літаральна ў бліжэйшыя дні, у маі, валютны рынак Беларусі павінен стабілізавацца, попыт насельніцтва ў валюце будзе задаволены. А пакуль чэргі ля абменнікаў не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика