Сёння пачынаюцца салаўіныя вечары
21.05.2011
—
Новости Общества
|
У гэтую суботу пад кіраўніцтвам грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны (АПБ)" стартуе ў Мінску акцыя "Салаўіныя вечары". Як адзначыў рэдакцыі спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін, у сувязі з тым, што сёлета салаўі ў Беларусь прыляцелі значна пазней, чым у мінулыя гады, і спяваюць неахвотна, пачатак акцыі быў перанесены з 14 мая па 21 мая. Руслан Шайкін адзначыў, што прычынай больш позняга прылёту салаўёў у нашу краіну, магчыма, з'яўляецца пахаладанне ў першай палове мая. За апошняе дзесяцігоддзе гэта самы позні прылёт салаўёў у Беларусь. Як паведамляе вялікі знаўца пеўчых птушак Віталь Яковіч, яшчэ ў 80-я гады салаўі прыляталі да нас у першай дэкадзе мая. Потым на працягу апошніх гадоў першых салаўёў магчыма было пачуць ужо значна раней — напрыканцы красавіка і ў пачатку мая. Аднак сёння ў Мінску салаўі спяваюць мала і не вельмі дружна. Магчыма, што гэта тлумачыцца і скарачэннем колькасці гэтых птушак. Менавіта таму цяпер неабходна правесці ўлік салаўёў і высветліць, ці стала гэтых птушак сапраўды менш або сітуацыя стабілізуецца ў трэцяй дэкадзе мая. Падчас акцыі "Салаўіныя вечары" АПБ арганізуе назіральныя пляцоўкі, на якіх усе аматары прыроды змогуць паслухаць песні салаўёў і паназіраць за крылатымі вакалістамі. Спецыяльныя пляцоўкі будуць дзейнічаць 21 мая ў Цэнтральным батанічным садзе і Мінскім заапарку. Акрамя знаёмства з салаўём наведвальнікі гэтых пляцовак змогуць пагутарыць са спецыялістамі АПБ, прафесійнымі арнітолагамі і атрымаць адказы на самыя розныя пытанні "крылатай" тэматыкі. З дапамогай бінокляў і падзорных труб магчыма будзе паназіраць і за іншымі відамі птушак. Канчатковым вынікам акцыі "Салаўіныя вечары" ў Мінску стане распрацоўка "Салаўінай карты". Паўдзельнічаць у гэтай акцыі можа любы жыхар Мінска. Для гэтага неабходна здзейсніць такі своеасаблівы экатур па Мінску, патэлефанаваць у АПБ і паведаміць аб месцы спеваў салаўёў па тэлефонах: 8 (017) 263 06 13, 8 (017) 263 01 30, Vеlсоm 8 (029) 101 68 87, МТС 8 (029) 223 06 13, або праз SMS-паведамленне на кароткі нумар 0841. Сяргей КУРКАЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэтую суботу пад кіраўніцтвам грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны (АПБ)" стартуе ў Мінску акцыя "Салаўіныя вечары". Як адзначыў рэдакцыі...
|
|