Пра цану і бясцэннасць чалавека і яго жыцця. 21.by

Пра цану і бясцэннасць чалавека і яго жыцця

04.06.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У нумары 85 газеты "Звязда" ад 11 мая гэтага года быў апублікаваны артыкул спадара Сымона Свістуновіча "Жыццё ідзе сваім шляхам". Шаноўны аўтар артыкула дае свой водгук на рэакцыю хрысціянскіх цэркваў з нагоды прыняцця закона РБ "Аб рэпрадуктыўных тэхналогіях і правах грамадзян пры іх выкарыстанні". У прыватнасці, сп. Свістуновіч звяртаецца да майго артыкула "Рэлігійна-этычная экспертыза закона РБ "Аб рэпрадуктыўных тэхналогіях і правах грамадзян пры іх выкарыстанні". Заўсёды радасна мець справу з адкрытым і шчырым меркаваннем чалавека і грамадзяніна, няхай нават гэта меркаванне не супадае з тваімі асабістымі перакананнямі. Думаю, у карэктнай і шчырай спрэчцы мы заўсёды зможам наблізіцца да ісціны. Таму я і хацеў бы, у сваю чаргу, адказаць на некаторыя пярэчанні паважанага спадара Свістуновіча.

Сучаснае грамадства прынята называць грамадствам спажывання. Спажыванне тавараў і паслуг — аснова эканомікі і сучаснага грамадскага ўладкавання. Кожнае грамадства мае сваю ідэалогію, сваю адзнаку свету і міжчалавечых адносін. У чым жа выражаецца ідэалогія грамадства спажывання? — Усё мае сваю цану. Усё купляецца і ўсё прадаецца. Менавіта гэта, паводле меркавання паважанага апанента, і "забяспечвае празрыстасць і яснасць у адносінах паміж людзьмі". "Цынічна, але ясна..." — шчыра заключае аўтар.

У гэтым і ёсць глыбінная прычына нашага разыходжання. Усё хрысціянства, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці, не прымае такога погляду на рэчы. Грунтуючыся на Бібліі — Слове Бога, хрысціянства заўсёды сцвярджала і будзе сцвярджаць, што ў гэтым свеце ёсць тое, што ўжо само па сабе БЯСЦЭННАЕ. Бясцэннае чалавечае жыццё — яно ёсць дарунак Бога, бясцэнная любоў, паколькі Сам Гасподзь ёсць Любоў, бясцэннае сяброўства, бясцэнная Бацькаўшчына... Гэта першааснова хрысціянскага веравучэння супадае і са здаровай маральнай інтуіцыяй любога чалавека, неабавязкова хрысціяніна. На гэтым, трэба казаць, і грунтавалася жыццё нашай цывілізацыі тысячагоддзямі. З майго пункту погляду, бяда нашага часу і заключана якраз у тым, што ўсё прадаецца і ўсё купляецца: і любоў, і сяброўства, і Бацькаўшчына, і жыццё чалавека... А цяпер вось будзем гандляваць яшчэ і мацярынствам, бацькоўствам, дзецьмі. І, вядома ж, добрая мэта, як заўсёды, апраўдвае сродкі. А дзеля дасягнення добрай мэты ўсе сродкі добрыя. Але штодзённы вопыт нашага жыцця і вопыт гістарычны даказваюць памылковасць такой жыццёвай устаноўкі. Глыбінныя маральна-этычныя асновы, з хрысціянскага пункту погляду, — гэта не тое, што можа змяніцца пад уплывам часу, краіны, сацыяльна-эканамічнага кантэксту або моды. Творца Сусвету раз і назаўсёды ўстанавіў не толькі законы фізічнага свету, але і законы маральныя. І тое, што жыццё ідзе сваім шляхам, не значыць, што мы павінны пад уплывам нейкіх умоў змяняць свяшчэнныя ўстоі жыцця нашага грамадства: сям'ю, мацярынства, бацькоўства, сяброўства, любоў, Бацькаўшчыну, веру, ахвярнасць. І тая адзнака, якая гучыць з вуснаў прадстаўнікоў хрысціянскіх цэркваў, не ёсць прыдумка змрочных цемрашалаў у расах і сутанах, ворагаў прагрэсу і развіцця, якія імкнуцца ўмяшацца ў жыццё свецкага грамадства. У сваіх адзнаках мы, хрысціяне, грунтуемся на Слове Божым — Бібліі, на біблейскім разуменні чалавека, каштоўнасці, або, лепш казаць, бясцэннасці чалавечага жыцця, на двухтысячагадовай духоўнай і культурнай традыцыі хрысціянства. І, заўважце, у адзнацы сучасных рэпрадуктыўных тэхналогій, нягледзячы на ўсе нашы канфесійныя размежаванні, мы аднадумцы. Такая наша хрысціянская вера. Кожны вырашае сам, ці быць яму хрысціянінам у поўным сэнсе гэтага слова або жыць без Хрыста, у адпаведнасці з тэндэнцыямі секулярнага свету. Немагчыма быць хрысціянінам трошкі або напалову. Пытанне заўсёды стаіць рубам: або ты прымаеш Евангелле, або яго адкідаеш.

Пасля заяў прадстаўнікоў хрысціянскіх цэркваў Беларусі з нагоды законапраекта часта прыходзілася чуць і такі папрок: па якой прычыне царква ўвогуле ўмешваецца ў свецкае заканадаўства? Сядзіце, маўляў, у сваіх храмах, чытайце малітвы, а ў наша жыццё не ўмешвайцеся. Што хацелася б сказаць з гэтай нагоды? Хрысціянін, нягледзячы на свае рэлігійныя погляды, гэтакі ж грамадзянін, як і атэіст. І калі дазволена атэісту выказваць сваё меркаванне, то гэта дазволена і хрысціяніну. Скажу больш. Хрысціяне складаюць калі не большую, то ўжо дакладна вельмі значную частку нашага грамадства, і мы разлічваем, што наша меркаванне будзе пачута.

Але вернемся да контраргументаў спадара Свістуновіча. Згодна з яго меркаваннем, святарам і багасловам зусім не варта было б акцэнтаваць грамадскую ўвагу на этычнасці пытанняў прымянення рэпрадуктыўных тэхналогій, паколькі быццам бы самі святары зрабілі малітву хадавым таварам. Па сутнасці гэта і ёсць яго галоўны аргумент, які ставіць пад сумненне ўсе вывады прадстаўнікоў хрысціянскіх цэркваў.

Не ведаю, ці адносіць сябе сп. Свістуновіч да якой-небудзь хрысціянскай царквы, але ўвогуле, згодна з хрысціянскім веравучэннем, адлюстраваным у Бібліі, кожны хрысціянін павінен клапаціцца пра ўтрыманне царквы і свяшчэннаслужыцеляў. Ёсць у асяроддзі хрысціян такое паняцце, як ахвяраванне, і яно апрыёры з гандлем нічога агульнага не мае. І памыляецца той, хто думае, што ахвяраванні хрысціян святары кладуць сабе ў кішэню. Гэта сродкі, большая частка якіх ідзе на ўтрыманне храма, сацыяльныя патрэбы, рэлігійную адукацыю. Але ўсё-такі гэтая тэма непасрэдных адносін да тэмы рэпрадуктыўных тэхналогій не мае.

Гранічна шчыры мой суапытальнік і ў адзнацы сурагатнага мацярынства. Надта характэрна нават само словаўжыванне: "Нарадзіла, грошы атрымала — і бывай, дарагая! А як па-іншаму?". Тыповая псіхалогія прадстаўніка грамадства спажывання... Усё купляецца і ўсё прадаецца. Работу выканала, грошы атрымала — і гуляй. Такія вывады найбольш яскрава падкрэсліваюць маральную сумніўнасць усёй практыкі сурагатнага мацярынства. Усё проста і ясна, даруйце за параўнанне, як на вуліцы чырвоных ліхтароў. Бо і там, і тут адбываецца эксплуатацыя рэпрадуктыўных функцый жанчыны. Хрысціянства бачыць у зараджэнні жыцця чалавека і ў мацярынстве свяшчэнную тайну і таінства, якое не можа стаць прадметам гандлю. Чалавек бясцэнны і кампрамісаў тут у хрысціян быць не можа.

Нягледзячы на ўсе прыведзеныя аргументы сп. Свістуновіча ў абарону практыкі т.зв. "донарства" палавых клетак, не прагучала ніводнага па сутнасці праблемы. Тое, што народжаных дзяцей кідаюць іх бацькі, яшчэ не значыць, што практыка т. зв. "донарства" добрая. Дрэнна і тое, і іншае. Адны кідаюць сваю крывіначку, а іншыя за грошы даюць свае палавыя клеткі, не задумваючыся пра тое, што ад іх народзіцца іх кроў ад крыві і плоць ад плоці. Як у першым, так і ў другім выпадку мы маем справу з безадказным бацькоўствам і безадказным мацярынствам. Але чамусьці першае сп. Свістуновіч люта асуджае, а другое — апраўдвае. Зусім жа відавочна, што абодва гэтыя выпадкі — аднаго поля ягады. І абодва яны ў аднолькавай меры сведчаць пра маральны ўпадак грамадства.

І дарэмна паважаны апанент адмаўляе рэальнасць пагрозы таго, што сваяцка-кроўныя сувязі з шырокім ужываннем ДРТ могуць згубіць сваю празрыстасць. Па-першае, усё-такі праблема бясплоддзя вельмі актуальная для Беларусі. Ледзь не кожная пятая сужэнская пара бясплодная. Таму цалкам можна чакаць у выпадку шматгадовага ўжывання донарскіх палавых клетак у пераадоленні бясплоднасці блізкасваяцкія шлюбы з усімі іх негатыўнымі наступствамі.

Надта цікавая мне як багаслову тэорыя сп. Свістуновіча пра тое, што, аказваецца, згодна з біблейскім сюжэтам(!), да Адама і Евы таксама жылі людзі. З прадстаўніцай гэтага роду быццам бы і ажаніўся братазабойца Каін. Перачытайце, калі ласка, сп. Свістуновіч, уважліва 4 главу кнігі Быцця. Па тэксце Бібліі няма абсалютна ніякіх падстаў для такога роду сцвярджэнняў. Але і гэта зноў жа да асноўнага прадмету нашай дыскусіі не мае прамых адносін.

Далей, апанент пытаецца: "Цікава, а чаму царква дапусціла прыняцце закона аб ДРТ у Расіі?". У Расіі Руская Праваслаўная Царква выступала супраць прыняцця закона аб ДРТ. Але ў Расіі, як і ў нас, свецкая дзяржава і заканадаўцы могуць або прыслухацца, або не прыслухацца да меркавання Царквы.

Гучыць таксама абвінавачанне ў тым, што Царква быццам бы не клапоціцца пра лёс кінутых дзяцей, а ўлазіць у пытанні, якія яе не датычацца. Гэты папрок не мае падстаў. Царква прымае самы актыўны ўдзел у папярэджванні і вырашэнні праблемы сацыяльнага сіроцтва: усебаковая падтрымка дзіцячых дамоў і іх выхаванцаў, заклікі да ўсынаўлення і, нарэшце, самі ўсынаўленні. Магу назваць дзясяткі хрысціянскіх сем'яў, якія ўсынавілі і прынялі на выхаванне дзяцей-сірот.

Шчыра кажучы, здзіўляе эпілог артыкула сп. Свістуновіча: "У свой час царква выступала супраць абортаў. І што? Словы, словы, словы... А хіба ў Святым Пісанні не сказана: судзіце не па словах, а па справах?" Царква як выступала, так і працягвае выступаць супраць абортаў і многае для гэтага робіць. Гэта якраз тая сфера, дзе не толькі словы.

Перад Богам жа ўсе будзем адказваць па справах сваіх. І няхай яны ў нас будуць сапраўды маральнымі і добрымі!

Протаіерэй Георгій РОЙ, выкладчык МінДА, настаяцель Свята-БарысаГлебскага храма вёскі Накрышкі, кандыдат багаслоўя.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нумары 85 газеты "Звязда" ад 11 мая гэтага года быў апублікаваны артыкул спадара Сымона Свістуновіча "Жыццё ідзе сваім шляхам". Шаноўны аўтар артыкула дае...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика