Сонца дзён яе.... 21.by

Сонца дзён яе...

04.06.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Лёс — як віно на палыне. Хоць сцэнарый пішы і здымай кіно. І хіба ж адно?!

Вось дзяўчынка-сірата. З сямі (!) гадоў яна батрачыла — працавала на багатых. Потым, падросшы (так сталася)... "улілася" ў адну з гэткіх сем'яў — насуперак волі заможных бацькоў стала нявесткай. Вось нарадзіла дзяцей і (чым?) сваім батрацкім паходжаннем уратавала сям'ю ад высылкі ў Сібір.

Але не ўратавала ад раскулачвання...

І мужа свайго — ад смерці: па хлуслівым даносе яго арыштавалі, "прызналі" ворагам народа.

Каб хоць неяк аблегчыць долю ягоных дзяцей (зацкуюць жа — было — не прымуць нідзе вучыцца!), жонка падала на развод і "перапісала" малых на сваё дзявочае прозвішча.

Яго, гэта прозвішча Лясун, і панеслі трое дзяцей Мітрафана Кашкана, потым яго ж перадалі сваім дочкам і сынам, сваім унукам, якія (на добры толк) павінны былі быць Кашканамі, бо дзед і прадзед іх, безумоўна ж, не быў ніякім кулаком, і ніякім ворагам (а тым больш народа): гэта афіцыйна прызнана (адзін з сыноў дамогся!), хоць і пасмяротна.

Альбо вось яшчэ...

Дзеці вайны (цэлае пакаленне!) раслі на леташняй перамёрзлай бульбе, на крапіве і лебядзе — на "падножным корме", бо хоць нейкія грошы ў выглядзе пенсій прызначалі далёка не ўсім. Нават тым, чые бацькі загінулі ці прапалі без вестак.

Ева Сашко аб нейкай падтрымцы з боку дзяржавы нават не марыла: першы муж памёр на пачатку вайны — пакінуў ёй, лічы, немаўля. Бацька другога сыночка (не да шлюбаў было!) тут, у Бярэзінскіх лясах, партызаніў...

Потым яго прызвалі на службу, накіравалі ў дзейную армію. Сыходзячы, ён абяцаў вярнуцца — да яе, да сына, якому даў сваё прозвішча, аднак слова свайго не стрымаў...

Жанчына чакала. Дзеці (клопатам яе) раслі і выраслі. Прычым той, другі, пакінуты бацькам хлопчык — надзіва прыгожым, сціплым, сумленным і з... вельмі рэдкім голасам. Дзякуючы яму, сваім песням Мікалай Кожухаў, аб'ехаў, лічы, паўсвету... Знайшоў бацьку. Выгадаваў траіх сыноў.

...Пра гэтых і многіх іншых сваіх землякоў — са шчырай замілаванасцю, з павагай, з любоўю — у розныя гады на старонках бярэзінскай раённай газеты распавядала няштатны карэспандэнт (альбо, як тут гавораць, народны журналіст) Ніна Мацвееўна Бурко.

Хто героі яе артыкулаў? Не без таго — людзі ў раёне (ды і краіне!) знаныя — ветэраны вайны і працы, ардэнаносцы. Прынамсі, Рыгор Ігнатавіч Еўдакімчык салдатам прайшоў усю вайну, пасля яе працаваў дырэктарам школы. Гвідон Іосіфавіч Рэут таксама ваяваў і 30 гадоў узначальваў адну з мацнейшых гаспадарак. Ветэран Вялікай Айчыннай Ігнат Васільевіч Лаўнік (першая прафесія — ляснік) пасадзіў 500 гектараў лесу і, як дырэктар, пабудаваў школу, Рыгор Мітрафанавіч Лясун (а па справядлівасці, якая ніколі не адновіцца, Кашкан) — інвалід вайны, з сям'ю класамі адукацыі (на большае сын "ворага народа" разлічваць не мог... Ды і вайна...), стаў лепшым бухгалтарам, рэвізорам, лепшым начальнікам кантрольна-рэвізійнага аддзела...

Але ж былі артыкулы і пра зусім іншы гераізм. Прынамсі, Ганна Васільеўна Арлова ў гады Вялікай Айчынай не была ні сувязной, ні падпольшчыцай, не трымала ў руках вінтоўкі: яна і яе пяцігадовая сястрычка (толькі двое з васьмі дзяцей Наталлі Багамякі!) выжылі ў блакадным Ленінградзе.

Раіса Іванаўна Сямашка таксама не ваявала. Яна, працуючы і гадуючы двух сыноў у Беразіно, як магла апекавала, амаль штодзённа праведвала хворую маці ў вёсцы Гарэнічы (за сем кіламетраў), потым забрала ў сваю сям'ю і дзевяць гадоў даглядала псіхічна нездаровую свякроў, а пасля таго адзінаццаць гадоў— прыкаванага да ложка мужа.

Яна ж, Раіса Іванаўна, пасля заўчаснай, недарэчнай смерці нявесткі дапамагае сыну выхоўваць унучку і ўнука.

Паважаюць на Бярэзіншчыне і Вольгу Васільеўну Бандарчык — цяпер. А быў жа, быў час, калі жыццё ёй здавалася раем — кожны дзень вясёлыя кампаніі, спіртное...

Спачатку яна яшчэ неяк трымалася, адчувала, што гэта да дабра не давядзе, а потым... Не разбярэш, што спачатку, што потым, — страціла жанчына працу, аўтарытэт, некалі прывабную знешнасць, здароўе, павагу людзей, страціла, можна сказаць, усё. Заставаліся хіба дзеці, якія па-ранейшаму гаравалі і шкадавалі матулю, хіба рэшткі сораму і... страх, што ў любы момант яе жыццё можа абарвацца.

І тады яна сказала сабе: "Усё, хопіць, адпіла...".

Цяпер Вольга Васільеўна ўжо на пенсіі (перад ёй — працавала загадчыцай сталовай), чым можа, дапамагае дзецям, радуецца ўнукам. І ўпэўнена: алкагалізм — гэта хвароба, якую лечаць не столькі дактары, колькі ўласнае жаданне паправіцца. Захочаш стаць чалавекам — станеш!

Бо іншага — часам — проста не дадзена...

Сваю родную маці Аляксандр Якаўлевіч Крыварот бачыў толькі на фотаздымку: бацька аўдавеў перад вайной. Тады ж — ажаніўся яшчэ раз, бо двое малых...

Ім, гэтым дзецям, вельмі пашчасціла: бацька сустрэў сапраўдную жанчыну. Жанчыну, якая не кінула малых нават пасля таго, як муж і іх бацька загінуў на фронце.

Да таго ж саму яе, як жонку франтавіка, немцы хацелі расстраляць. І расстралялі б разам з іншымі такімі ж "злачынцамі", каб да месца пакарання не прыбегла яе родная сястра, не давяла неяк немцам, што выйшла памылка, што тая жонка франтавіка Надзея Крыварот — гэта яна, і... не стала пад кулі, шапнуўшы сястры, каб бегла адсюль, бо ёй жа дзяцей гадаваць.

Дзеці (клопатам маці... Не мачахі ж?!) выраслі. Адзін з іх, Аляксандр Якаўлевіч Крыварот (светлай памяці!), быў лепшым кіроўцам у аўтапарку №22, потым там жа ўзначальваў Савет ветэранаў.

Ці вось яшчэ. Так склалася, што першы муж Соф'і Жураўлёвай раўнаваў яе, прыкладваўся да чаркі і потым біў. Падумала: калі не кіну яго, асірачу дзяцей...

Быў другі — вясёлы, гаманкі, але ж і ён... Толькі што крупы не лічыў: адно яйка дзяліў на дваіх, глядзеў, колькі жонка вады ў ванну набірае. Каб, крый божа, не лішняй!

Зноў сышла... Больш за тое — з Мінска вярнулася ў родную вёску, уладкавалася на працу, сабрала грошай, узялася будаваць новы дом. Ды з такім імпэтам, што адзін з будаўнікоў... за гаспадара застаўся. І цяпер, нарэшце, Соф'я Васільеўна ўсім задаволена: сваю радню, сваіх дзяцей і ўнукаў яна сустракае на парозе сваёй жа вялікай утульнай хаты.

Менавіта ў іх, тых хатах, кватэрах, дамах (найчасцей, вядома ж, у тых, дзе плачуць, а ў не ў тых, дзе скачуць) бывае намеснік старшыні раённага Савета ветэранаў вайны і працы Ніна Мацвееўна Бурко. Распытвае пра жыццё-быццё, чым можа, дапамагае ці падключае іншых. І, здараецца, піша, бо лічыць, што пра многіх людзей НЕ пісаць проста нельга!

Яшчэ адзін прыклад. Вольга Калясень у 15 засталася круглай сіратой, матуляй і бацькам для... дзесяцігадовага брата і трох сястрычак. Каб скончыць такі сярэднюю школу, дваіх дзяцей вырашыла здаць (хай прабачаць за гэтае слова) у інтэрнат, часова, і нават ужо завезла за 10 вёрст у Беразіно. Аднак праз некалькі гадзін, узяўшыся за ручкі, малыя пехам прыйшлі да бацькоўскай хаты. І сястра, убачыўшы іх, сказала, што больш нікога і нікому не аддасць!

І не аддала!..

І — з такім вось "пасагам" — выйшла замуж за каханага хлопца, нарадзіла ў дадатак да тых дзяцей, што былі, яшчэ пяцярых.

Рэдкія людзі і рэдкія лёсы!

Таму, відаць, па прапанове старшыні раённага Савета ветэранаў Мікалая Савельевіча Абазовіка, усе публікацыі Ніны Мацвееўны Бурко і сышліся пад адной вокладкай: атрымалася не тое, каб сапраўдная кніга, але...

— Гэта — цудоўны падарунак бярэзінцам! Асабліва цяпер — у час духоўнай бясхлебіцы, у час, калі размыты арыенціры, калі моладзь часта не ведае, як жыць, да чаго імкнуцца, з каго браць прыклад, — гаварыла падчас прэзентацыі загадчыца аддзела маркетынгу раённай бібліятэкі Тамара Мікалаеўна Круталевіч. — А тут усё відавочна: вось вашы дзяды і прадзеды, вашы бацькі, вашы аднавяскоўцы, землякі, вось тое, што за што яны змагаліся, вось тое, чым жылі і што спавядалі — самаадданую працу і дабрыню, адказнасць за іншых і людскасць, любоў да Радзімы...

— Не ўсе, на жаль, усведамляюць, што пакаленне ветэранаў Вялікай Айчыннай — гонар і душа нашай нацыі, нашага народа, што яно — унікальнае, — зазначыў Мікалай Савельевіч Абазовік. — Унікальнае тым, што за параўнальна невялікі адрэзак часу змагло перажыць столькі драматычнага, столькі трагічнага!.. І пры гэтым не зламацца, не спасаваць, захаваць найлепшыя чалавечыя якасці!.. І надзвычай правільна робяць тыя, хто запісвае іх успаміны, гісторыі іх жыцця. Гэта вельмі каштоўныя дакументы. Яны на многае праліваюць святло, яны вучаць жыць і пераадольваць цяжкасці. Асаблівасць яшчэ і ў тым, што ветэранаў вайны з кожным днём усё меней і меней: з 57 герояў шаноўнай Ніны Мацвееўны 11 гэтую кнігу пра сябе ўжо не пабачаць.

Што праўда, тое праўда: толькі адзін з ветэранаў Вялікай Айчыннай — Андрэй Пахомавіч Цялюк — прысутнічаў на прэзентацыі зборніка "Сонца майго дня — людзі". Ён прыехаў з няблізкай вёскі Быковічы, дзе, пасля смерці жонкі, жыве адзін. Але ж, як кажуць, фасону не губляе: мае цудоўнае пачуццё гумару, музыкальны слых, не п'е, не курыць, займаецца фізкультурай, з лекаў прызнае толькі цытрамон і карвалол... І гэта — прайшоўшы ўсю вайну (на хворых нагах, дарэчы), страціўшы на ёй бацьку і старэйшага брата... І гэта — самааддана адпрацаваўшы ўсё жыццё (спачатку на ферме, потым брыгадзірам у трэсце "Белсувязьбуд") і размяняўшы дзявяты дзясятак!

А вось ветэранаў працы "ў прэзідыуме" і ў актавай зале было значна больш: ардэнаносец, рацыяналізатар — гонар Бярэзіншчыны, аўтагрэйдарыст Анатоль Антонавіч Несцяровіч; у адной асобе вязальшчыца, вышывальшчыца, мастачка, настаўніца Тамара Рыгораўна Несцяровіч; эталон педагога Дзіна Дзмітрыеўна Трапянок; рэдкі па сваіх якасцях сацыяльны работнік Вольга Дзмітрыеўна Баранава; шчырая працаўніца, калгасніца Марыя Міхайлаўна Баранава...

— Пісаць пра людзей, іх жыццё вельмі не проста, — гаварыла прадпрымальніца і таксама няштатны карэспандэнт раёнкі (дарэчы, сёлета газеце 80!) Надзея Паўлаўна Мельнік. — Трэба ўмець выслухаць, трэба разам з чалавекам у думках прайсці, а дакладней — перажыць увесь яго шлях, потым падабраць адпаведныя словы. Гэта — цяжкая праца, праца найперш душы... Думаю, усе, пра каго пісала Ніна Мацвееўна, удзячны ёй за ўвагу, за прызнанне заслуг. Людзям пра сябе прыемна чытаць, асабліва — добрае... Гэта — гонар для іх сем'яў, для іх блізкіх.

...На прэзентацыі зборніка, безумоўна ж, слова далі і віноўніцы ўрачыстасцяў. Але, як і варта было чакаць, пра сябе яна нічога не сказала. Ды і каму, калі на Бярэзіншчыне ўсе ведаюць, што яна тутэйшая, нарадзілася напрыканцы вайны пятым дзіцем у гаротніцы маці (бацька хутка загінуў), працавала настаўніцай, старшынёй сельскага Савета, сакратаром Бярэзінскага райкама партыі, загадчыцай аддзела сацыяльнай абароны. І амаль заўсёды нешта пісала — вершы, даклады, справаздачы, артыкулы для раённай газеты. Пераважна — пра сваё... сонца. А сонца дзён яе — і насамрэч людзі.

Валянціна Доўнар, . Беразіно.

Р.S.Што надзвычай прыемна, Ніна Мацвееўна Бурко — пастаянная падпісчыца і аўтар "Звязды", сама чалавек досыць рэдкага лёсу. Але ж пра свой (абяцала!) потым.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лёс — як віно на палыне. Хоць сцэнарый пішы і здымай кіно. І хіба ж адно?! Вось дзяўчынка-сірата. З сямі (!) гадоў яна батрачыла — працавала на багатых. Потым, падросшы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика