"Шафер?.. Госця з такім прозвішчам у нас няма!", або 100 старонак пра самае галоўнае на вяселлі
04.06.2011
—
Новости Общества
|
Днямі ў рэдакцыю "Звязды" завіталі вядомыя этнакультуролагі, вядучыя пастаяннай рубрыкі нашай газеты Аксана Катовіч і Янка Крук. Нагод для інтэрв'ю аказалася, уласна кажучы, дзве. Першая: у выдавецтве "Адукацыя і выхаванне" рыхтуецца да выхаду кніга вышэйназваных аўтараў пад назвай "Беларускае вяселле: традыцыі і сучаснасць". Другая: ужо сёння пабачыў свет сціслы варыянт гэтага выдання — кніга, ці, як яе называюць самі аўтары, брашура на сто старонак "Беларускае вяселле: патаемныя ключы сямейнага шчасця". Яна, дарэчы, стала "першай ластаўкай", першаадкрывальніцай цэлай серыі "Духоўная спадчына беларусаў", якую заснавалі і мяркуюць працягваць разам з выдавецтвам Аксана Катовіч і Янка Крук. — Пра што кніга — зразумела, мяркуючы па назве. Але навошта спатрэбіліся два варыянты: пашыраны і сціслы? Я.К. — Вялікая кніжка "Беларускае вяселле: традыцыі і сучаснасць" — гэта, так бы мовіць, філасофія асэнсавання абраду вяселля ў беларускай традыцыйнай культуры ў цэлым, калі кожны атрыбут, кожнае рытуальнае дзеянне разглядаюцца на фоне нашай вуснапаэтычнай спадчыны, у кантэксце жыцця вёскі, сям'і, чалавека. У ёй мы спрабуем суаднесці абрад вяселля з касмічнымі прасторай і часам, вызначыць найбольш спрыяльныя для яго перыяды, вывесці сістэму абмежаванняў і гэтак далей... Сціслы ж варыянт, а менавіта "Беларускае вяселле: патаемныя ключы сямейнага шчасця", уключае ў сябе практычныя вытрымкі і мае выразную прыкладную накіраванасць. — Тэма беларускага вяселля падаецца вам актуальнай сёння? Я.К. — А вы паглядзіце, што адбываецца навокал. Мы жывём у эпоху глабалізацыі, калі кожны імкнецца адкрыць сябе сусвету і ўпусціць сусвет у сябе. Пры такім раскладзе вяселле як народны абрад становіцца першай ахвярай — у духоўным сэнсе — гэтага працэсу, яго распад, разлад, развальванне адбываюцца найбольш хутка. Суадносячы традыцыі і сучаснасць, мы хочам прымусіць чытача задумацца: а можа, не трэба з такой хуткасцю адкрываць сваю душу і абдымкі сусветнаму наплыву? Можа, ёсць сэнс захаваць сваё, этнічна-нацыянальнае? Бо цікавымі для ўсіх астатніх мы будзем толькі тады, калі здолеем захаваць сваю непаўторнасць. Яскравае сведчанне гэтаму — эка- і этнатурызм. Багатыя еўрапейскія турысты, якіх цяжка ўжо чымсьці здзівіць, едуць сёння ў тыя мясціны, дзе захавалася натуральнае аўтэнтычнае асяроддзе. Але яно важнае ў першую чаргу не для турыстаў, а для нас саміх. А.К. — Неяк па тэлебачанні паказвалі сюжэт пра тое, як у нас на Гродзеншчыне адраджаюцца "традыцыі вянчання". Па версіі аўтараў перадачы, раней маладыя ехалі ў храм на тройцы коней. Але ў нас, беларусаў, былі параконкі, інакш кажучы, двое коней у адной вупражы, а на "тройках" ездзілі ў Расіі... Добра, безумоўна, што ёсць імкненне адраджаць традыцыі, дух і душу народа. Але ж трэба рабіць гэта, абапіраючыся на дакладныя веды, гістарычныя факты пэўнай мясцовасці. — Дык што адбываецца з беларускім вяселлем? Чаму менавіта яго трэба ратаваць? А.К. — Яно трансфармуецца... у нешта незразумелае, усё часцей праводзіцца па прынцыпе "хто на што здольны"... Напрыклад, людзям чамусьці падаецца, што, калі яны перавяжуць сваццю і свата стужкамі з адпаведнымі надпісамі — назвамі іх ганаровых вясельных пасад, гэта будзе больш прыгожа, чым перавязванне сватоў (якія выконваюць даволі значную ролю на вяселлі) сапраўдным беларускім ручніком. І надпісы на гэтых стужках выглядаюць недарэчна. Сёння побач з жаніхом і нявестай у загсе стаяць "ганаровыя сведкі". Само слова "сведка" часцей за ўсё ўжываецца ў судовых справах. Давайце ўспомнім і зноў будзем ужываць назвы сябра і сяброўкі маладых, якія спрадвеку ўжываліся беларусамі падчас вясельных абрадаў: на Міншчыне маладыя прызначалі шафера і шаферку, на Гродзеншчыне і Брэстчыне — дружбантаў, на Гомельшчыне — маршалкаў, на Палессі распаўсюджаная назва — дружкі і г.д. Цудоўныя словы, а мы іх забываем. Даходзіць часам да камічнага. Прыйшоўшы на адно з вяселляў, пытаюся ў бацькі жаніха: "А хто ў вас шафер?" Той разгубіўся і адказвае: "Госця з такім прозвішчам у нас няма..." Я.К. — Хочацца, каб наша кніжка, прысвечаная беларускаму вяселлю, стала настольнай не толькі для тых, хто збіраецца пабрацца шлюбам, але і для спецыялістаў, якія маюць дачыненне да кантэксту вяселля. Каб яна аб'яднала іх вакол агульнай ідэі. Узгадайце: каб адсвяткаваць Дзень Святога Валянціна, працуе цэлая індустрыя, на ім "завязаны" самыя розныя галіны прамысловасці. У нас гэтыя галіны, сферы, арганізацыі, творчыя саюзы "завязаны" на вяселлі паасобку. Між тым, творчы патэнцыял загсаў, рэстаранаў, таго ж Саюза майстроў можна было б аб'яднаць вакол ідэі беларускага вяселля... Чаму не? Калі б гэтым займалася шырокае кола зацікаўленых структур, наша вяселле "выруліла" б у нармальнае рэчышча, яно стала б... людскім. — А гэта не акажацца зноў нейкім навязваннем чагосьці штучнага? А.К. — Аднойчы мужчына, які жаніў свайго сына, спытаў у мяне: "Як павіншаваць яго так, каб усе запомнілі?" Я параіла падчас віншавання дастаць кажух і пасцяліць яго на лаву, дзе сядзяць маладыя — як гэта рабілі нашы продкі. І пажадаць жаніху і нявесце шчасця і дабрабыту. Калі ён зрабіў усё гэта, госці падняліся з месцаў і пачалі стоячы апладзіраваць, у многіх на вачах былі слёзы... Народнае, спрадвечнае не можа быць штучным. Чамусьці мы запіхнулі нашы традыцыі ў далёкі куток, "зачынілі" за імі дзверцы. А калі адчыняем — і культура, і мова выходзяць адтуль, і людзі вельмі цёпла да гэтага ставяцца. — Падрыхтоўка да вяселля, яго правядзенне ўплываюць на далейшае жыццё маладых? А.К. — Як пасцеліце, так і спаць будзеце, — кажуць у народзе. Я.К. — А я дадаю: пакажыце мне відэазапіс любога вяселля, і я скажу, колькі і як будуць жыць маладыя ў шлюбе. — У такім выпадку скажыце: чаго не трэба рабіць падчас вяселля? А.К. — Насамрэч, такіх абмежаванняў шмат, і мы падрабязна расказваем пра іх у нашай кніжцы. Але на некаторых момантах хацелася б спыніцца асобна. Маладых, якія вяртаюцца з загса, бацькі па традыцыі сустракаюць на парозе хлебам з соллю. Хлеб — самая вялікая святыня на зямлі, быў, ёсць і будзе. А маладыя пачынаюць яго кусаць, ламаць — каб высветліць "хто будзе галоўны ў сям'і". А далей... Надламаны і абкусаны бохан кідаюць дзе заўгодна — на падаконніку, у гардэробе — замест таго, каб у якасці святыні і галоўнага абярэгу паставіць яго на пачэснае месца, на стол перад маладымі, і, безумоўна, не ў абкусаным выглядзе. Недарэчна вызначаць з дапамогай святыні, хто будзе ў сям'і галоўным. Ды і ўвогуле — галоўным у сям'і спрадвеку лічыўся мужчына. "Пойдзем" далей, у залу. Людзі садзяцца за састаўленыя сталы, накрытыя абрусамі. Вельмі важна, каб маладыя селі за адзін — цэльны — стол, каб яны не аказаліся за двума рознымі, хоць і прыстаўленымі адзін да аднаго, сталамі, з розных бакоў ад сутарэння. Гэта трэба ведаць, за гэтым трэба пільна сачыць. Нішто, ніякая "дробязь" не павінна раздзяляць маладую пару падчас вяселля. Шмат пытанняў узнікае ў дачыненні да паводзінаў бацькоў маладых. Іх роля падчас вяселля вельмі адказная. Акрамя ўсяго іншага, яны перадаюць у спадчыну маладым сваю "долю". Таму залішне казаць, што ідэальным лічыцца варыянт, калі маладых і праводзяць, і сустракаюць бацькі, якія знаходзяцца ў пары, — муж і жонка. Калі ж у наяўнасці, напрыклад, разведзеная маці або бацька-ўдавец, тады праводзіць і сустракаць маладых павінны іншыя людзі, так званыя пасаджоныя бацькі. Не трэба думаць: "Як гэта я не буду сваю дачку сустракаць? Што людзі скажуць?". Гэта ўсё другаснае. Важна, каб дачцэ ці сыну перадалася "шчаслівая доля". Таму для выканання некаторых вясельных функцый і прызначаюцца пасаджоныя бацькі: шчаслівая жанатая пара з радзіны, з блізкіх людзей, якім вы давяраеце. Я.К. — Што мы назіраем на вяселлях? Маладыя пасядзелі паўгадзіны за сталом, а ў перапынку разбегліся ў розныя бакі: ён — да сваёй кампаніі, яна — да сваёй... Гэта недапушчальна. Раней як было? Хросны бацька адразу пасля вянчання браў ручнік і звязваў ім рукі маладых, каб на працягу ўсёй вясельнай імпрэзы яны сядзелі побач, каб ніхто паміж імі не праскочыў. А кіданне букета нявесты ў натоўп незамужніх дзяўчат? Па-першае, гэты букет павінен быць недатыкальным. Па-другое, кідаць "ад сябе" — увогуле не ў традыцыі беларусаў, такая звычка прыйшла з Захаду. Мы ж кідаем "ад сябе" толькі на пахаванні — жменьку пяску, каб развітацца з памерлым. Кіданне "падвязкі" нявесты ў натоўп хлопцаў я ўвогуле не каментую. Гэта аніяк не стасуецца з прыроднай сціпласцю, стрыманасцю і цнатлівасцю беларусаў. Сёння першую шлюбную ноч маладыя часта праводзяць у нумары знятага атэля. Важна, каб у такім выпадку ложак засцілала або сама маладая, або яе маці, або нехта з вельмі блізкіх людзей, і каб пасцельная бялізна была не "казённая", а свая. — Як маладым засцерагчыся ад сурокаў? Я.К. — Тут працуе "комплексны падыход", цэлая група абярэгаў. Перш за ўсё гэтую ролю выконвае вэлюм: яго кароткая частка закрывае вочы, а доўгая — валасы. Абярэгамі з'яўляюцца пальчаткі нявесты і насовачка-хусцінка жаніха. Ну і, безумоўна, можна выкарыстоўваць нейкія атрыбуты чырвонага колеру: скажам, чырвоны крыжык, вышыты на адзенні з унутранага боку, чырвоная стужачка, пакладзеная ў кішэню, чырвоны паясок, якім можна падперазацца пад адзеннем. Абярэгам ад дурнога вока будзе і дробка чацвярговай солі, пакладзеная ці зашытая ў нейкае патаемнае месца. А.К. — Падчас аднаго з вяселляў мы параілі бацькам выкарыстаць у якасці абярэгу чырвоныя гронкі рабіны — іх проста паклалі на сталы, паставілі ў вазы замест заморскіх дарагіх букетаў... Гэта было неверагодна прыгожа, незвычайна і кранальна... — А які час у народзе лічыцца самым спрыяльным для вяселля? Я.К. — Першы перыяд, самы спрыяльны для вяселляў, — час з дня восеньскага раўнадзенства (а лепш з Пакроваў — 14 кастрычніка) і да пачатку Піліпаўскага посту (да 27 лістапада). Ён называўся "вялікая вясельніца", бо на яго звычайна прыпадала самая вялікая колькасць вяселляў. Другі спрыяльны перыяд — зімовы Мясаед: з 21 студзеня і да пачатку Масленіцы (восьмы тыдзень перад Вялікаднем). А.К. — А вось пра веснавыя, майскія, вяселлі казалі: "Як беднаму жаніцца, дык і ноч кароткая". Трэба было рана ўставаць, каб паспець аддаць усе свае намаганні зямлі, якая чакала працавітых рук і насення для будучага ўраджаю. — Калі ўсё зрабіць правільна, у адпаведнасці з традыцыямі нашых продкаў, не парушаючы няпісаных правілаў, не пераходзячы нябачных меж... Калі так зрабіць — ці можна спадзявацца на тое, што жыццё маладой сямейнай пары складзецца шчасліва? Я.К. — Складанае пытанне... Безумоўна, стапрацэнтнай гарантыі тут не дасі. Але я ўпэўнены: усё, пра што мы тут гаварылі, пра што напісалі ў сваёй кнізе, сапраўды "працуе". Калі падчас вяселля за адным сталом збіраецца ўвесь род — там кансалідуецца такая моцная жыццёвая энергія!... Галоўная задача прысутных — не распляскаць гэты каштоўны дар, правільна яго накіраваць, перадаць маладым у спадчыну. — І апошняе пытанне. Прадбачу, што пасля выхаду інтэрв'ю чытачы захочуць даведацца, дзе набыць вашы "... патаемныя ключы сямейнага шчасця"? А.К. — Кнігу "Беларускае вяселле: патаемныя ключы сямейнага шчасця" можна набыць у выдавецтве "Адукацыя і выхаванне" (тэлефон (017) 297 93 25, электронны адрас: аіv@аіv.bу), а таксама ў крамах "Белсаюздруку". Мы, як заўсёды, будзем рады атрымаць водгукі і пытанні нашых чытачоў, адказаць на іх на старонках газеты "Звязда" або асабіста. Тэлефануйце і пішыце нам на адрас газеты — з паметкай: "Для Аксаны Катовіч і Янкі Крука". Чым зможам — дапаможам! Гутарыла Наталля КАРПЕНКА. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямі ў рэдакцыю "Звязды" завіталі вядомыя этнакультуролагі, вядучыя пастаяннай рубрыкі нашай газеты Аксана Катовіч і Янка Крук. Нагод для інтэрв'ю...
|
|