Zамор'е

07.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дарагія Сара і Энжы

Штогадовы спіс самых высокааплатных актрыс Галівуда апублікаваў уплывовы амерыканскі часопіс Fоrbеs. Анджэліна Джолі і Сара Джэсіка Паркер зарабілі з мая 2010 па май гэтага года па 30 млн долараў і з'яўляюцца самымі дарагімі актрысамі Галівуда.

Фінансавы дабрабыт Джолі дапамаглі ўмацаваць шпіёнскі баявік "Солт" і драма "Турыст" з Джоні Дэпам. Абедзве карціны, хоць і не карысталіся высокай папулярнасцю ў ЗША, усё ж сабралі ў пракаце 300 млн і 280 млн долараў адпаведна, у асноўным за кошт цікавасці замежных гледачоў. Поспехі Сары Джэсікі Паркер на прафесійнай ніве аказаліся сціплымі: фільм "Сэкс у вялікім горадзе-2" прынёс стваральнікам 290 млн долараў. Аднак, акрамя здымак у кіно, Паркер прыстойна зарабляе на продажы сваёй парфумерыі і рэкламе.

Аналагічны леташні спіс узначальвала актрыса Сандра Балак, якая зараз апусцілася на дзявятую пазіцыю з 15 мільёнамі долараў. Астатнія месцы ў першай пяцёрцы дасталіся Джэніфер Эністан (28 млн долараў), Рыз Уізерспун (28 млн) і Джуліі Робертс (20 млн). За імі ідуць: Крыстэн Сцюарт (20 млн), якая згуляла ў працягу вампірскай сагі "Сага. Змярканне. Зацьменне", Кэтрын Хэйгл (19 млн) і Кэмеран Дыяс (18 млн). Замыкае ганаровы пералік Мэрыл Стрып, заробкі якой за год Fоrbеs ацэньвае ў 10 млн долараў.

     Юбілей "моднай бомбы": купальніку-бікіні — 65!

Незвычайны юбілей днямі адзначыў бікіні калі не па ўсім свеце, дык у свеце моды — сапраўды. 65 гадоў таму французскі інжынер Луі Рэар прадставіў грамадскасці першы міні-купальнік. Вось так інжынерная думка, папрацаваўшы ў атрыманай у спадчыну мсье Рэарам майстэрні па пашыве жаночай бялізны, увасобілася ў гэтай неад'емнай дэталі летняга жаночага гардэроба.

Чатыры трыкутнікі тканіны, злучаныя матузамі, выклікалі фурор і тут жа былі прызнаны чымсьці, што выходзіць за рамкі прыстойнасці і добрага густу. Цікава, што назву "бікіні" новая мадэль купальнага гарнітура атрымала ў гонар каралавага вострава Бікіні ў Ціхім акіяне. Над ім незадоўга да прэзентацыі купальніка ЗША здзейснілі выпрабаванні ядзернай бомбы. Купальнік гэтага фасону таксама меў эфект выбуху бомбы. Аднак бомба аказалася запаволенага дзеяння: справа ў тым, што на шматлікіх курортах Францыі, Італіі і Іспаніі бікіні забаранялі да сярэдзіны пяцідзясятых гадоў. Ватыкан асуджаў такі ўбор, лічачы яго амаральным. Сітуацыю змяніў кінематограф. У фільме Ражэ Вадзіма 1956 года ў бікіні з'явілася Брыджыт Бардо, якая ў тыя гады была ў Еўропе такім жа сэкс-сімвалам, як Мэрылін Манро ў Амерыцы.

Пасля такой рэкламы бар'ераў на шляху бікіні ў масы застацца проста не магло. Дамы ў купальніку з дзвюх частак глядзяць з плакатаў у стылі пін-ап, пазней бікіні становіцца афіцыйнай спартыўнай формай на спаборніцтвах па пляжным валейболе і бодыбілдынгу. Між тым, выяву жанчыны ў чымсьці падобным на сучасны паасобны купальнік можна ўбачыць на рымскай мазаіцы ІV стагоддзя! Так што ўсё новае ў модзе — добра забытае старое, калі яшчэ старажытныя рымлянкі выкарысталі аналаг бікіні для заняткаў спортам. Зрэшты, некаторыя забароны, звязаныя з бікіні, з'яўляюцца і ў цяперашні час. Улады індыйскага штата Гоа, напрыклад, забаранілі выкарыстоўваць на рэкламных плакатах выявы дзяўчын у гэтым купальніку. Паводле меркавання мясцовых улад, гэта стварае няправільны імідж штата — як месца, прызначанага для сэкс-турызму.

Цікава, што агульная плошча тканіны, якая выкарыстоўвалася для пашыву першых бікіні, складала 30 квадратных цаляў (гэта больш за 70 квадратных сантыметраў). Цяперашнім модніцам, мабыць, цяжка такое ўявіць. Дарэчы, назваўшы сваю мадэль купальніка "бікіні", стваральнікі сапраўды намякалі на ядзерны выбух. Мадэль купальніка, якая папярэднічала гэтай, звалася "Атам". Рэкламны слоган, які суправаджаў выпуск новай мадэлі, абвяшчаў: "Бікіні — падзелены Атам!".

Знешні выгляд гэтага купальніка стаў змяняцца, бо мода — спадарыня пераменлівая. Верхняя частка бікіні — гэта ўжо не толькі два трыкутнікі на вяровачках, гэта можа быць і палоска тканіны, і бюстгальтар на костачках, і спартыўны топ. Ніжнюю частку таксама ёсць з чаго абраць — падыдуць і стрынгі, і міні-шорты. Аматарку нават самых адважных мадыфікацый бікіні з сучаснага пляжа за "амаральны" ўбор не выганяць. Аднак варта памятаць аб правілах этыкету, якія абвяшчаюць, што купальнік дарэчны толькі на пляжы. Адпраўляючыся ж у прыбярэжную кавярню, у нумар атэля або на прагулку па набярэжнай курорта, лепш апрануць што-небудзь яшчэ — хоць бы накінуць хустку-парэа.

  Знойдзены скарб магараджаў

Індыйскія даследчыкі знайшлі незлічоныя скарбы ў падземных сховішчах індуісцкага храма ХVІ стагоддзя ў паўднёвым штаце Керала.

Кошт знойдзенага скарбу ацэньваецца ў фантастычную суму — трыльён індыйскіх рупій (прыкладна $22 млрд). У скляпах храма Падманабхасвамі, пабудаванага ў ХVІ стагоддзі, знойдзены куфары прыкладна з тонай залатых манет, тонай золата, мяшкамі дыяментаў і розных каштоўных камянёў. Там захоўваліся інкруставаныя смарагдамі і рубінамі кароны, залатыя каралі, а таксама залатая статуя бога Вішну вышынёй 1,2 метра.

Скарбы былі знойдзены, калі прадстаўнікі ўрада адкрылі сховішчы, выйграўшы судовую цяжбу з адвакатамі адной арыстакратычнай сям'і, пад чыім кантролем знаходзілася гэтае месца. Сама скарбніца індуісцкага храма Падманабхасвамі была апячатана ў ХІХ стагоддзі. Адмыслоўцы мяркуюць, што гэтыя скарбы — ахвяры вернікаў богу Вішну, назапашаныя за некалькі стагоддзяў. Паводле мясцовых легендаў, яны былі замураваны магараджамі ў тоўстыя сцены храма. Найбольшую цікавасць навукоўцаў выклікалі манеты з усяго свету, у тым ліку брытанскай Ост-Індскай кампаніі, Венецыі, Аўстраліі, суседняга княства Майсур.

У храме Шры Падманабхасвамі, пабудаваным у ХVІ стагоддзі кіраўнікамі каралеўства Траванкарэ, цяпер узмоцнены меры бяспекі. Будынак акружаны шчыльным кальцом паліцыі. Пасля скасавання каралеўства Траванкарэ храмам кіраваў дабрачынны фонд, які кантралюецца нашчадкамі каралеўскай сям'і. Аднак, пасля таго, як знайшлі скарб, Вярхоўны суд перадаў залаты, у прамым сэнсе гэтага слова, храм дзяржаве. Пасля гэтых знаходак храм Падманабхасвамі па багацці можа параўнацца са знакамітым храмам Венкатэшвара ў штаце Андхра-Прадзеш.

  Чарвяк Баскервіляў

Падобна на тое, што фінскія навукоўцы зрабілі рэвалюцыю ў рыбалцы: яны стварылі падкорм, дзякуючы якому чарвякі блішчаць ярка-зялёным колерам, а пад уздзеяннем святла, да таго ж, пачынаюць флюарэсцаваць, аб чым паведамляецца на афіцыйным сайце распрацоўшчыкаў Brіghtbаіt.

Як няцяжка здагадацца, жаданнем маніпулятараў было стварыць ідэальную прынаду для рыбы. Наступныя эксперыменты паказалі, што на такіх чарвячкоў з вялікім імпэтам бярэцца самая разнастайная рыба, пачынаючы ад ляшча і ліня і завяршаючы ласосем. Цяпер падкорм прайшоў санітарныя праверкі, і, як паведамляюць навукоўцы, прызнаны бясшкодным. Набыць слоік такога падкорму ў Вялікабрытаніі ўжо можна ў крамах дробнага гандлю за 3,99 фунта стэрлінгаў. Паводле інструкцыі, перад тым, як адправіцца на рыбалку, у слоік падсаджваюць 40 чарвячкоў. З'еўшы падкорм, чарвякі на працягу сутак будуць выпраменьваць зялёнае святло.

 
 
 

РЕКЛАМА