Кошт платнага навучання ў ВНУ ў новым навучальным годзе будзе павышаны ў межах 20 працэнтаў. 21.by

Кошт платнага навучання ў ВНУ ў новым навучальным годзе будзе павышаны ў межах 20 працэнтаў

13.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Жук адзначыў, што павышэнне кошту навучання неабходна для забеспячэння нармальнага функцыянавання ўстаноў. Паводле яго слоў, павышэнне кошту да 20 працэнтаў — гэта мінімум, які дасць магчымасць нармальна функцыянаваць ВНУ краіны.

Аляксандр Жук таксама адзначыў, што ў розных ВНУ павышэнне цаны можа адрознівацца. "Кожная ВНУ павялічвае кошт у залежнасці ад сваіх рэальных затрат", — растлумачыў ён. У прыватнасці, у БДУ прынята ўжо рашэнне, што з новага навучальнага года плата за навучанне павысіцца толькі на 11 працэнтаў.

Паводле слоў першага намесніка міністра, цяпер прадугледжваецца змяненне суадносін па падрыхтоўцы спецыялістаў на дзённай і завочнай форме ў прыватных ВНУ.

У гэтым годзе плануецца набраць не больш як 60 працэнтаў абітурыентаў на завочную форму навучання, раней гэта лічба дасягала 70 працэнтаў. Астатнія абітурыенты будуць залічвацца на дзённую форму навучання. У перспектыве колькасць абітурыентаў-завочнікаў будзе змяншацца ва ўсіх ВНУ краіны, сказаў Аляксандр Жук. У першую чаргу гэта дасць магчымасць значна палепшыць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў. "Мы за колькасцю не гонімся", — падкрэсліў першы намеснік міністра. Паводле яго слоў, скарочаны набор на юрыдычныя і эканамічныя спецыяльнасці і набор замежных студэнтаў.

Аляксандр Жук паведаміў, што лічбы прыёму ў ВНУ краіны апошнім часам стабілізаваліся. У гэтым годзе набор абітурыентаў на бюджэтную дзённую форму навучання скарочаны на 300 чалавек, на платную — на 800 чалавек.

Гаворачы аб размеркаванні выпускнікоў, Аляксандр Жук адзначыў, што гэтыя пытанні адрэгуляваны ў адукацыйным кодэксе, які ўступае ў дзеянне з 1 верасня. "З верасня мы пераходзім на падрыхтоўку спецыялістаў на дагаворнай аснове. Усе студэнты будуць заключаць дагаворы, у якіх будуць агаворвацца ў тым ліку пытанні размеркавання", — праінфармаваў ён.

Калі выпускнік ВНУ, бюджэтнік, адмаўляецца працаваць па размеркаванні, у гэтым выпадку прадугледжана кампенсацыя кошту навучання. Выпускнік павінен вярнуць дзяржаве сродкі, затрачаныя на яго падрыхтоўку. Калі ён адмаўляецца кампенсаваць сродкі, пытанне будзе разглядацца ў судовым парадку. У кожнай установе адукацыі будзе створана камісія, якая прыме рашэнне або аб кампенсацыі сродкаў дзяржаве, або аб вызваленні ад кампенсацыі.

У ВНУ другога патоку як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці (акрамя завочнай і вячэрняй формы атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю) на ўсе формы атрымання адукацыі дакументы будуць прымацца з 16 па 25 ліпеня (на ваенныя факультэты — з 16 па 23 ліпеня).

Да ВНУ другога патоку належаць вышэйшыя навучальныя ўстановы дзяржаўнай і прыватнай форм уласнасці, за выключэннем ВНУ МУС, МНС, міністэрстваў абароны і культуры. Абітурыенты павінны падаць у ВНУ тры сертыфікаты ЦТ або два, калі ў ВНУ будзе праведзены ўнутраны экзамен па прадмеце. Унутрывузаўскія экзамены чакаюць абітурыентаў толькі па творчых дысцыплінах (малюнак, музыка, танец, сачыненне і інш.), літаратуры і фізічнай культуры.

Пры паступленні на спецыяльнасці "дзяржаўнае кіраванне", "дзяржаўнае кіраванне і права", "дзяржаўнае кіраванне і эканоміка", "міжнародныя адносіны", "міжнароднае права", "правазнаўства", "эканамічнае права", "журналістыка" (у тым ліку калі яна з'яўляецца дадатковай спецыяльнасцю), "міжнародная журналістыка", "мытная справа" трэба мець спецыяльную рэкамендацыю пасля праходжання прафесійна-псіхалагічнай гутаркі. Гэты дакумент павінны мець усе, хто выбраў дзённую, вячэрнюю або завочную формы атрымання адукацыі (у тым ліку дыстанцыйную), навучанне за скарочаныя тэрміны, а таксама тыя, хто будзе вучыцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.

Пры паступленні абавязкова будзе ўлічвацца сярэдні бал дакумента аб адукацыі. Такім чынам залічэнне абітурыентаў у ВНУ на навучанне за кошт сродкаў бюджэту і на ўмовах аплаты на месцы па ўсіх формах атрымання адукацыі праводзіцца па конкурсе на аснове агульнай сумы балаў, падлічанай па выніках здачы ўступных іспытаў і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

Ад абітурыентаў, якія вытрымалі ўступныя іспыты, але не прайшлі па конкурсе на дзённую бюджэтную форму навучання, для ўдзелу ў конкурсе ў гэтай жа ВНУ на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту (акрамя ВНУ сельскагаспадарчага профілю) дакументы будуць прымацца па 2 жніўня. Ад абітурыентаў, якія вытрымалі ўступныя іспыты, для ўдзелу ў конкурсе на дзённую, завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі на ўмовах аплаты — па 4 жніўня.

Залічэнне па раздзельным конкурсе абітурыентаў — выпускнікоў гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі будзе ажыццяўляцца толькі на бюджэтныя месцы. Залічэнне абітурыентаў на ўмовах аплаты будзе праходзіць па агульным конкурсе.

Як падкрэсліў Аляксандр Жук, апошнія гады ў абітурыентаў узрастае цікавасць да спецыяльнасцяў тэхнічнага, будаўнічага, тэхналагічнага профіляў, інфармацыйных тэхналогій. Аб гэтым сведчыць значнае павелічэнне конкурсу на гэтыя спецыяльнасці і павышэнне прахадных балаў. У гэтым годзе некаторыя беларускія ВНУ, у прыватнасці БДУ, БДУІР, БНТУ адкрываюць набор на некалькі суперсучасных спецыяльнасцяў, у тым ліку ў сферы нана- і біятэхналогій, касмічнай індустрыі, іншых інавацыйных сферах. Для ўсіх гэтых спецыяльнасцяў ВНУ падрыхтавалі ўжо адпаведны кадравы склад: вучоных, педагогаў, метадыстаў.

Беларускія ВНУ прыватнай формы ўласнасці ў 2011 годзе павялічаць прыём на дзённыя аддзяленні. Паводле слоў першага намесніка міністра, калі ў мінулым годзе прыём на завочную форму навучання ў ВНУ прыватнай формы ўласнасці складаў амаль 70 працэнтаў ад агульнага прыёму (у некаторых ВНУ паказчык дасягаў да 90 працэнтаў), то ў гэтым годзе на завочную форму навучання ў прыватныя ВНУ будзе прынята не больш як 60 працэнтаў першакурснікаў. "Перад міністэрствам пастаўлена задача скараціць колькасць студэнтаў завочнай формы атрымання адукацыі ў гэтых ВНУ да 25 працэнтаў, што паступова будзе рэалізавана", — адзначыў Аляксандр Жук і падкрэсліў, што пры гэтым колькасць месцаў на дзённым аддзяленні ў гэтых ВНУ будзе павялічвацца. У прыватныя ВНУ запланавана прыняць больш як 14 тыс. студэнтаў, з іх на дзённую форму атрымання адукацыі — 6 тыс., завочную — 9 тыс.

Гэтым летам прыём на ўзровень вышэйшай адукацыі будуць ажыццяўляць 55 вышэйшых навучальных устаноў: 45 дзяржаўнай формы ўласнасці, 10 — прыватнай. На ўсе формы атрымання адукацыі ў ВНУ запланавана прыняць амаль 105 тыс. чалавек, у тым ліку на дзённую форму 57,2 тыс. (у параўнанні з мінулым года прыём павялічыўся на 2,8 тыс.), на завочную — 48,1 тыс. студэнтаў. На навучанне за кошт сродкаў бюджэту запланавана прыняць 32,9 тыс. студэнтаў, што на 1 тыс. менш, чым у мінулым годзе, з іх на дзённую форму — 25 тыс., завочную — 7,9 тыс. чалавек.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Жук адзначыў, што павышэнне кошту навучання неабходна для забеспячэння нармальнага функцыянавання ўстаноў....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика