Мае заклятыя суседзі, альбо Што не дае жыць спакойна на лецішчы?
16.07.2011
—
Новости Общества
|
"Ну, як вам адпачываецца на дачы? З суседзямі, напэўна, сварыцеся?" — пытаюся ў знаёмай, якая на ўсё лета перабіраецца з горада бліжэй да прыроды. "Не, у нас пакуль што ўсё добра і спакойна. У стылі "Санта-Барбары", — адказвае мая. Але часам даводзіцца чуць пра суседскія адносіны, якія хутчэй нагадваюць не меладраму, а трылер. Гараджане, якія ў сваіх кватэрах літаральна "адчуваюць" суседзяў праз падлогу, сцены і столь, атрымаўшы большую асабістую прастору, пачынаюць за яе ваяваць. Скаргі дачнікаў бываюць розныя. Адны маюць пад сабой грунтоўную аснову, а іншыя проста атручваюць жыццё. Тонкая сабачая душа На гаспадароў гэтага лецішча пад Заслаўем ніколі ніякіх нараканняў не было. Кожны год яны прыязджалі сюды, лічы, на ўсе цёплыя месяцы, пакідаючы ў спакоі душны горад, і мірна адпачывалі, час ад часу наведваючы суседзяў і пераказваючы ім апошнія навіны пасёлка. "Спакойныя такія людзі, добрыя", — казалі пра іх. Усё змянілася сёлета, пасля таго, як гэтыя "добрыя людзі" пацвердзілі такое меркаванне пра сябе. З вясны па пасёлку бадзяліся двое малых шчанюкоў. Невядома, адкуль яны там узяліся, ды гэта, зрэшты, і мала каго цікавіла. Відавочна было, што сабакі нічыйныя і вельмі галодныя. Аднойчы шчанюкі забеглі на тое самае лецішча, якое цяпер выклікае столькі хваляванняў. Гаспадары паглядзелі на худых жывёлін і пашкадавалі прагнаць. Тым больш што ў мінулым годзе нехта пару разоў пералазіў праз лёгкія драўляныя веснічкі і нахабна таптаўся па градах з клубніцамі. А летам, калі свежае паветра вакол, сон бывае надзвычай моцны. Таму сабакі засталіся на ўчастку ў якасці вартаўнікоў. Цяпер яны падраслі і ўжо сядзяць на ланцугах, калі ж праходзіць нехта міма — сумленна гаўкаюць. Бакі ў сабак заўважна пакруглелі, а поўсць стала блішчэць. Здавалася б, гаспадары цяпер могуць моцна спаць і не хвалявацца за свой ураджай. Суседзі ж лічаць, што гэта наўрад ці. Тут ужо ўзнікае пытанне, як наогул магчыма заснуць? Справа ў тым, што калі настае ноч, сабакі брахаць не перастаюць, а робяць гэта ледзь не з двайным стараннем.Яны ж яшчэ часам і выюць. Вока самкнуць немагчыма, наракаюць суседзі. А гаспадары тым часам спакойна працягваюць гадаваць сваіх гадаванцаў, матывуючы іх неўраўнаважаны характар тым, што сабакі былі бяздомнымі і яшчэ не зусім забыліся на мінулае цяжкае жыццё. Таму і такія нервовыя. Пройдзе час — супакояцца. Суседзі за галаву бяруцца і думаюць хто пра атруту ў кавалку каўбасы, хто пра скаргу ў патрэбныя інстанцыі. Жыццё ў чужым цені У адным пасёлку з нервовымі сабачкамі жыве чалавек, сэнс існавання якому атручвае суседскі двухметровы плот. Але тут патрэбная перадгісторыя. Спачатку гаспадар злашчаснага плота збудаваў на сваім участку дом. Вялікі, двухпавярховы, з чырвонай цэглы. Заказаў вокны з натуральнага дрэва, зрабіў веранду. Карацей кажучы, ёсць на што паглядзець. Толькі цікаўных гэты чалавек, відаць, не надта любіў, таму і заняўся пабудовай плота. Той, хто цяпер церпіць прысутнасць на сваім двары вялізнага ценю ад яго, спачатку проста назіраў, як цаглінка за цаглінкай расце плот у вышыню і, па-першае, поўнасцю закрывае агляд з аднаго боку, а па-другое — крадзе магчымасць што-небудзь пасадзіць на даволі значнай частцы зямельнага надзелу. Без сонца, у цені, ніякая гародніна не прыжываецца. Вайна ішла яшчэ тая. Скардзіліся куды толькі можна — старшыні садовага таварыства, у райвыканкам, але плот так і не знік. "Ды і як яго зрушыш цяпер, хіба што толькі ўзарваць", — жартуюць жыхары пасёлка. А гаспадар участка, на якім ляжыць цень, хвалюецца за бескарысныя цяпер для агародніцтва метры, але з суседам не канфліктуе. З-за двухметровага плота таго цяжкавата выцягнуць на размову. Абрыкосы — не альпійскія дрэвы — Мае дзеці вельмі любяць абрыкосавае варэнне. Хоць і дарослыя ўжо, а ўсё роўна, калі сезон, прыязджаюць пакаштаваць, расказвае жыхарка Брэста Ніна Анатольеўна. Ніна Анатольеўна мае ўчастак за горадам, дзе пабудаваны невялікі драўляны дамок, пасаджана шмат агародніны і кветак і куды любяць наведвацца ў госці шматлікія родзічы. Два гады таму суседні ўчастак памяняў гаспадароў. Маладая пара, якая яго набыла, і чуць не хацела пра розныя гуркі-памідоры на сваім лецішчы. Толькі газон, альтанка і прыгожы дом. Праціўнікі расліннай разнастайнасці аказаліся супраць нават суседскіх абрыкосаў. Самае вялікае дрэва расце якраз побач з іх участкам. Гэтая дзяўчына захацела сабе альпійскую горку. Прыехалі нейкія спецыялісты, зрабілі. Якраз пад маім плотам, скардзіцца Ніна Анатольеўна. Адносіны ва ўладальнікаў альпійскай горкі і абрыкосавага дрэва абвастраюцца тады, калі апошняе пладаносіць. Дрэва старое, разгалістае, таму спелыя абрыкосы падаюць не толькі на свой двор, але і на суседскі. І калі гаспадыня ведае процьму рэцэптаў, як іх зварыць-закатаць-з'есці, то маладым суседзям тыя абрыкосы ні ў якім выглядзе не патрэбныя: — Мінулыя суседзі ў мяне іх вёдрамі бралі. Ягад жа шмат, усе не з'ядаем. А гэтыя кажуць, што паданкі гніюць, патрабуюць, каб мы што-небудзь з дрэвам зрабілі. А што зробіш? Калі спілоўваць тую вялікую галіну, што да іх у двор расце, можна і ўсё дрэва адразу зразаць. Што ўжо там ад яго застанецца? Суседзі матывуюць свае патрабаванні тым, што гнілыя ягады разводзяць на альпійскай горцы сырасць і гразь, перашкаджаюць расці адмысловым дарагім кветкам. Тыя хварэюць і прападаюць. Да абвінавачванняў у стварэнні неналежнага санітарнага стану на суседскай клумбе Ніна Анатольеўна ставіцца спакойна: — Галоўнае, каб якім бензінам уночы не падлілі мой абрыкос. А то хто іх ведае... Гэта вам не пляж!... І нават не салярый! Марына зараз вучыцца ў Мінску. Дом бацькоў, куды прыязджае на выхадныя і канікулы, знаходзіцца ля Гродна. Прычым горад зусім недалёка, многія гродзенцы ў гэтым пасёлку маюць дачы. Побач з домам пасаджаны сад, дзе можна прыемна бавіць час летам. Аднойчы бацька Марыны атрымаў надзвычай дзіўную скаргу ад суседа: "Што ваша дачка сабе дазваляе? Як мне цяпер хадзіць па двары, калі побач жыве такая бессаромніца?" — злаваўся ён. Бацька спачатку не зразумеў, чаго гэта яго дзіця так абражаюць, і хацеў нават даць кухталя панікёру. Але ўсё ж вырашыў спачатку спытацца, у чым жа тут справа. Аказалася, што сусед патрабуе, каб Марына хадзіла загараць у сад толькі ў "прыстойным выглядзе". То бок, каб не забывалася апранаць верхнюю частку купальніка. Да таго ж сусед яшчэ колькі хвілін з надрывам распавядаў, як яго хвалююць густы і выхаванне сучаснай моладзі і даводзіў, што загараць вось так дзяўчатам ледзь не смяротна небяспечна. Бацька толькі пасмяяўся. Каб убачыць, што нехта загарае ў нашым садзе, патрэбна вельмі пастарацца. Дрэвы даволі старыя, трэба проста неймаверна прыглядацца. Сусед паабяцаў паскардзіцца "куды трэба", калі такое яшчэ паўторыцца, а Марына сумуе, што прыйдзецца хадзіць паласатай. Дзяўчаты яе зразумеюць. А сусед? Ганна ГАРУСТОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Ну, як вам адпачываецца на дачы? З суседзямі, напэўна, сварыцеся?" — пытаюся ў знаёмай, якая на ўсё лета перабіраецца з горада бліжэй да прыроды. |
|