Як я правяла адпачынак...
03.09.2011
—
Новости Общества
|
Толькі дурні не мараць пра адпачынак. І працаголікі. Я не тое і не другое, я — звычайная сярэднестатыстычная жанчына, таму пра чарговы адпачынак пачынаю марыць яшчэ на зыходзе папярэдняга. Калі пра гэта думаеш, дык і праца ладзіцца, і хмурыя будні праходзяць весялей: нешта плануеш, вымалёўваеш, адкладваеш грошы на паездку, перыядычна абмяркоўваеш з сябрамі ці калегамі нюансы... Словам, адпачынак — як Новы год: цэніш не столькі сам факт, колькі прадчуванні і прыгатаванні. Але сёлета я вырашыла ўсё перайначыць і наперакор усеагульнай адпускной ліхаманцы засталася дома. Захацелася раптам цішыні і спакою: паваляцца на канапе, папстрыкаць пультам тэлевізара, пагартаць глянцавыя часопісы, "павісець" на тэлефоне, забаўляючыся размовамі з сябрамі, спячы пірог, занесці, нарэшце, у хімчыстку старыя, але мілыя сэрцу рэчы, пафарбаваць аконную раму... Увасабляць планы ў жыццё пачала менавіта з апошняга пункта — на мой погляд, найбольш празаічнага. Купіла белай фарбы, самай дарагой з усіх, што былі на рынку. Знайшла па аб'яве майстра, дамовілася пра сустрэчу. Прыехала мілая дзяўчына нядробнага целаскладу, ростам пад метр восемдзесят. Прыдзірліва агледзела акно і балконныя дзверы, сказала, што работы тут — кот наплакаў (дні на два, максімум — на тры) і загадала дакупіць шпаклёўкі. Праз тры дні аконныя рамы, пакрытыя двайным слоем фарбы, зіхацелі як новыя. Праўда, увесь гэты час даводзілася спаць з расчыненымі вокнамі і не адлучацца з дому надоўга. Галіна — так звалі майстра — аказалася дзяўчынай не толькі ўнушальных габарытаў, але і адпаведнага апетыту. Паколькі працавала яна з душой, душу трэба было ўвесь час падсілкоўваць. Тры дні я не вылазіла з кухні: смажыла курыцу, начыняла фаршам салодкі перац, наразала бутэрброды... Галя засталася задаволенай. Сказала, што яе даўно так не кармілі, забрала заробленыя грошы і пайшла. На наступны дзень я паспрабавала зачыніць акно. Дзе там! Яно і блізка не хацела зачыняцца, а спробы прымяніць больш радыкальныя меры (паляпаць па раме малатком) прывялі да нечаканага выніку: рама так і не стала на месца, затое хруснула шкло.Тэрмінова выкліканая Галіна чамусьці пакрыўдзілася і нават крыху раззлавалася: заляцела фурыяй у пакой, агледзела раму і заявіла, што ніякай яе віны тут няма, проста вокны старыя, таму і рассохліся. Параіла знайсці сталяра. Сталяр знайшоўся ў ЖЭСе. Ён прыйшоў праз некалькі дзён увечары, з металічнай лесвіцай, наборам загадкавых інструментаў і маладым ружовашчокім напарнікам. Удваіх яны выцягнулі з "петляў" аконныя рамы і сталі над імі варажыць. "А я кажу, трэба счасаць бакавіну і верх!" — пачула хвілін праз дзесяць голас старэйшага. "Ды не, Міхалыч, спачатку трэба падчасаць ніз, і рама акуратненька ўпішацца ў зазоры!" — не пагаджаўся напарнік. Яшчэ праз некалькі хвілін раздалося злавеснае скрыгатанне і нешта гучна бразнулася аб падлогу. Падазраючы горшае, зазірнула ў пакой. На падлозе, прыціснуты металічнай лесвіцай, ляжаў Міхалыч, трымаючы на выцягнутых руках нахіленую раму. Напарнік стаяў на падаконніку і намагаўся зверху стрымаць яе падзенне... Перамог закон сусветнага прыцягнення: фантан асколкаў узляцеў уверх і рассыпаўся па падлозе... Я кінулася ратаваць Міхалыча. Ён падняўся, строс з сябе шкляныя кавалкі і заявіў, што працягваць працу сёння не будзе. Маўляў, неабходна тэрмінова, зараз жа, кампенсаваць яму маральны ўрон... Я палезла ў шафу па бальзам, настояны яшчэ маёй бабуляй "на сарака травах". Праз гадзіну мы ўтраіх — я, Міхалыч і яго напарнік Лёша — сядзелі на кухні за сталом і спрабавалі падлічыць працэнт верагоднасці сур'ёзных адносін паміж Пугачовай і Галкіным... Бабулін бальзам канчаткова зацэментаваў нашу ўпэўненасць у тым, што ўсё гэта звычайны піяр. "Ды хто ён такі, каб яна на яго западала?!" — абураўся Міхалыч, стукаючы далоняй па стале. "Ды хто яна такая, каб ён па ёй сох?" — дысаніраваў Лёха... Якраз у гэты момант зазваніў тэлефон. Тэлефанавала мая стрыечная цётка з Чарнігава, якая каторы ўжо год пагражала прыехаць летам у госці, але кожны раз у апошні момант мяняла свае планы. "Гэта я, каток! — зашчабятала яна, ледзь паспеўшы павітацца. — Узяла білет на кіеўскі цягнік, паслязаўтра раніцай буду ў вашай сталіцы. Хачу, нарэшце, надыхацца паветрам радзімы". — "І як доўга вы збіраецеся ўдыхаць гэтае паветра?" — разгублена пацікавілася я. — "Дні тры-чатыры, максімум тыдзень. Так што надакучыць табе не паспеем!" — адказала яна і паклала трубку... Убачыўшы мой засяроджаны твар, Міхалыч і Лёха пачалі дружна збіраць інструменты, спрытна вывуджваючы іх з-пад асколкаў. "Прыйдзем заўтра!" — запэўніў Лёха. "Не, заўтра не прыйдзем, заўтра мы ў 119-й працуем. Так што прыйдзем паслязаўтра, у другой палове дня", — падкарэктаваў напарніка Міхалыч. І, падміргнуўшы мне на развітанне, яны зніклі ў праёме дзвярэй. Паслязаўтра раніцай я стаяла на пероне і пільна ўглядалася ў твары людзей. Яны бадзёра выскоквалі з вагонаў поезда "Кіеў—Мінск" і, злучыўшыся ў адзіны пасажырапаток, уліваліся ў адтуліны падземнага перахода. Праз паўгадзіны паток парадзеў, па пероне сноўдалі адзінокія пасажыры, але ніхто з іх і блізка не быў падобны на маю чарнігаўскую цётку. Па спіне прабег халадок: а раптам нешта здарылася ў дарозе? "Жанчыну, якая сустракае сваякоў з Чарнігава, просяць падысці да цэнтральнага ўвахода ў вакзал!" — раптам пачула я і кінулася да падземнага перахода. Леакадзія Андрэеўна, маленькая, худзенькая і чамусьці перафарбаваная з брунеткі ў бландзінку, стаяла побач з гарой клункаў, упэўнена трымаючы пад руку дзяжурнага міліцыянера. Другой рукой міліцыянер трымаў пухлага карапуза гадоў пяці, які нешта энергічна жаваў. — Вашы? — спытаў страж парадку, як мне падалося, з палёгкай. Цётка кінулася мяне абдымаць, потым падпіхнула ў бок карапуза: — Гэта Віталік, мой унучак. Я даўно абяцала яму вашу сталіцу паказаць. Віталік радасна ўткнуўся перапэцканым шакаладам тварыкам у мае калені і абхапіў іх рукамі — на белых штанах выразна абазначыліся карычневыя плямы. — Вялікі вам дзякуй! — какетліва прашчабятала цётка, павярнуўшыся да міліцыянера. Мы забралі сумкі — іх аказалася сем штук — і пайшлі на стаянку таксі. Віталік крочыў наперадзе і цягнуў велізарны "кіеўскі" торт... Не паспелі зайсці ў кватэру і распакавацца, як пазваніў Міхалыч — папрасіў нікуды не сыходзіць. Леакадзія Андрэеўна з цікавасцю разглядала пусты аконны праём маёй спальні. — Бабуль, я хачу яшчэ цукерак! — адцягнуў яе ад акна Віталік. — Пачакай, золатка, яны ў зялёным рукзаку, зараз дастану, — сказала Леакадзія і пайшла ў суседні пакой, куды мы часова выгрузілі ўсе рэчы. Назад яна прыбегла з хуткасцю, не характэрнай для жанчыны саліднага ўзросту: — Мы забылі на вакзале Віталікаў рукзак! Віталік, напалоханы не столькі самім гэтым фактам, колькі перспектывай адсутнасці цукерак, адразу зароў. Цётка кінулася тэлефанаваць начальніку вакзала, я — выклікаць таксі, каб паехаць на пошукі прапажы. Рукзак знайшоўся амаль адразу ж. Праўда, яго ўжо аформілі як згубленую рэч, таму прыйшлося прайсці праз працэдуру папяровага пераафармлення. Да таго ж ніякіх цукерак у рукзаку не аказалася, і я, каб папярэдзіць Віталікава румзанне, пабегла ў супермаркет... Адчыніўшы дзверы сваёй кватэры, яшчэ з парога пачула песню, якую выконвалі ў тры галасы: два з іх былі мужчынскія, адзін — жаночы. На кухні за сталом, застаўленым чарнігаўскімі пачастункамі, сядзела мая Леакадзія Андрэеўна, справа і злева ад яе — Міхалыч і Лёха. Побач, на канапе, з недаедзеным кавалкам кіеўскага торта ў руцэ спаў Віталік. — Прыма-ай рабо-оту, га-аспадыня! — нараспеў прапанаваў мне Міхалыч. — Шкло ўставілі, акно зачынілі... Заўтра, у крайнім выпадку, паслязаўтра пачынім дзвярную ручку і адрамантуем люстру — яна выпадкова на падлогу ўпала, калі раму паднімалі... — Ды бог з ёю, з люстрай, — супакоіла яго Леакадзія Андрэеўна. — Давайце яшчэ паспяваем! Тут яна паглядзела ў мой бок і ўсміхнулася — светла і радасна: — Дарэмна ты, золатка, на вакзал лётала. Знайшоўся Віталікаў рукзачок — я ж сама яго ў іншую сумку запіхнула, а потым забылася... Сядай, частуйся торцікам, ды паедзем горад глядзець. ... Праз тыдзень мне патэлефанавала калега, пацікавілася, як прайшоў адпачынак. "Лепш не пытайся", — адрэзала я. Наталля УЛАДЗІМІРАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Толькі дурні не мараць пра адпачынак. І працаголікі. Я не тое і не другое, я — звычайная сярэднестатыстычная жанчына, таму пра чарговы адпачынак пачынаю марыць яшчэ... |
|