"Прыгожая ў нас пасажырка, высокая, стройная, і апранута па модзе," — так пра адну пекную дзяўчыну адзываюцца працаўнікі чыгуначнай станцыі Маладзечна. Трэба адзначыць, што так думаюць не толькі яны. Многія маладзечанцы і госці горада вельмі любяць гэтую асобу і гатовы былі б аддаць ёй усе кароны прыгажосці. Аднак "Пасажырка" — гэта толькі... скульптура. "Хто ж яго пасадзіць, ён жа помнік," — сказаў герой аднаго вядомага кінафільма. Так і пра "Пасажырку" можна сказаць: "Хто ж прымусіць яе закахацца, у яе ж бронзавае сэрца?! А, можа, гранітны каменьчык у грудзях?..."
Скульптуру паставілі ля чыгуначнага вакзала ў г. Маладзечна як яшчэ адзін прадмет упрыгажэння горада да свята "Дажынкі", якое хутка мае тут адбыцца. Яе скульптар Вадзім Мацкевіч адзначае, што "Пасажырка" магла і не з'явіцца. Бо ў яго былі яшчэ дзве магчымыя работы для гэтага месца. Першы варыянт — стрэлачнік. Другі — дзяўчына-няўдачніца, якая, сагнуўшыся, цягне маленькі чамаданчык і выглядае так, нібы ёй вельмі цяжка. І ўсё ж выбралі трэцюю версію — "Пасажырку": маладую, прыгожую, што элегантна цягне за сабой чамадан на колцах, на якім утульна прымасціўся кот. Наведнікі вакзала ў захапленні ад дзяўчыны. Яны і фатаграфуюцца з ёй, і абдымаюцца, і цалуюцца, і імкнуцца падступіцца з якога толькі магчыма боку. А некаторыя спрабуюць падскочыць, каб быць з ёй аднаго росту. Абдзеленыя каханнем мужчыны гладзяць ёй і калені, і іншыя часткі цела, відаць, сапраўды шкадуючы, што яна не жывая. Аднак прыгажуня застаецца непрыступнай і раўнадушна глядзіць наперад. За гэта яна паспела нажыць сабе ворагаў. "Пасажырцы" ўжо два разы адрывалі завушніцы. Прычым зрабіць гэта можна было, толькі павіснуўшы на іх. Насіць такое ўпрыгажэнне наўрад ці атрымаецца, ды і каштоўнага металу там зусім мала. Чарговыя завушніцы прымацуюць з дапамогай гарачай зваркі. Так яны даўжэй паслужаць прыгажуні і будуць выратаваныя ад несумленных прыхільнікаў.
"Гераіня вакзала" мае сапраўдны прататып — дзяўчыну Надзею, якая вучылася ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, а зараз працуе ў Мінску спецыялістам па падборы кадраў. Надзея вельмі любіць ездзіць па розных гарадах і краінах, а таму дух падарожжаў уласцівы як самой дзяўчыне, так і яе адбітку.
Асабіста мне імпануе тое, што "Пасажырка" сімвалізуе студэнтку, якая вяртаецца ў родны горад. Гэта як маладосць, якая ніколі не пакіне Маладзечна і заўсёды будзе яго вернай спадарожніцай.
"Прыгожая ў нас пасажырка, высокая, стройная, і апранута па модзе," — так пра адну пекную дзяўчыну адзываюцца працаўнікі чыгуначнай станцыі Маладзечна. Трэба...