Прызёр чэмпіянату свету па лёгкай атлетыцы Андрэй Міхневіч: "У чарговы раз даказаў, што рана мяне спісваць з рахункаў"
17.09.2011
—
Новости Общества
|
На сёлетнім чэмпіянаце свету, які прайшоў у пачатку верасня ў паўдёвакарэйскім горадзе Дэгу, Андрэй Міхневіч заваяваў бронзавы медаль. Ніхто і не здзівіўся: Андрэй, а таксама дзяўчаты-штурхальніцы ядра (жонка Андрэя, Наталля, таксама сусветна вядомая спартсменка, віцэ-чэмпіёнка пекінскай Алімпіяды) заўсёды ў выпадку чаго выручаюць усю лёгкую атлетыку ў выкананні медальных планаў. Як заваёўваўся гэты медаль, а таксама аб вершаскладанні, падарожжах і вялікім тэнісе мы паразмаўлялі са знакамітым атлетам. — Андрэй, у тваёй кар'еры былі медалі самых розных спаборніцтваў, у тым ліку Алімпіяды і чэмпіянатаў свету. Ці засталося яшчэ да чаго імкнуцца ў спорце? — Кожны спартсмен імкнецца выйграць Алімпійскія гульні, і я не выключэнне. Сябры мае так і кажуць, што мне засталося толькі выйграць Алімпіяду. Бываюць перыяды, што прыходзіш трэніравацца і не знаходзіш адпраўнога пункту, з якога табе трэба рухацца, цяжка пачаць. Вядома, усё пройдзена ўздоўж і ўпоперак, і Алімпіяда застаецца тым стымулам, з якім сілы знаходзяцца самі па сабе. — Якія ўражанні пакінуў чэмпіянат свету ў Паўднёвай Карэі? — Вельмі станоўчыя. Пачынаючы ад сустрэчы ў аэрапорце і заканчваючы ўсялякай дробяззю кшталту падачы інфармацыі ў вёсцы, дзе жылі спартсмены. Яна нагадала алімпійскую вёску ў Пекіне. Гэта якасць азіятаў — гасціннасць. Спартсмены жылі ў дамах, спецыяльна пабудаваных да чэмпіянату свету. — Гэта былі так званыя "разумныя" дамы. Побач — два трэніровачныя стадыёны. У спякоту не трэба кудысьці ездзіць для трэніровак — усё на месцы. Харчаванне разнастайнае. Я быў на шматлікіх чэмпіянатах, дзе ўзнікае казус за казусам... — Напрыклад? — Не прыехаў аўтобус, які адвозіць на кваліфікацыю... Пачынаеш нервавацца. Каб удала прайсці спаборніцтвы, пажадана захаваць спакойную атмасферу ўнутры сябе. А калі аўтобус спазняецца на 20-30 хвілін, а ў нас да хвіліны разлічаны выхад у сектар, каб не тырчаць на спякоце... Чэмпіянат свету ў Хельсінкі ў 2005-м і праз год чэмпіянат Еўропы ў Гётэборгу — там, напрыклад, было жудаснае харчаванне. Спартсмены прыязджалі і пыталі, як тут справы. Усе адказвалі, што тут вельмі смачны хлеб. І ніхто не казаў пра смачнае мяса і пра тое, што яно там увогуле ёсць. Прызвычаіўшыся дома да больш-менш рэгулярнага харчавання, прыязджаеш на спаборніцтвы, і табе няма чаго есці... Гэта такія непрыемныя дробязі. У Карэі нічога падобнага не было, калі не ўлічваць надвор'е. Два-тры першыя дні было натуральнае пекла. Пашчасціла, што на фінале было больш-менш наша надвор'е — 26 градусаў і невялікая вільготнасць. Кваліфікацыя праходзіла ў іншых умовах: 35 градусаў і неймаверная вільготнасць — так з мяне не лілося ніколі. Хто гэта перажыў, той і выступіў удала. Амерыканцы з палякамі прыехалі за два тыдні да спаборніцтваў на акліматызацыю. Я лічу, што гэта катаванне для арганізма. У выніку алімпійскі чэмпіён Маеўскі займае 9-е месца, і ні адзін з чатырох амерыканцаў не трапляе ў тройку лідараў. Нам нашы даследчыя інстытуты заўсёды рэкамендуюць: трэба ехаць на акліматызацыю. На самай справе гэта глупства, асабліва калі ў нас спаборніцтвы не тыдзень-два, а ўсяго тры дні. — У чым яна праяўляецца — акліматызацыя? — Першую ноч пасля прылёту спіш без задніх ног. А вось другая ноч — бяссонная. У нас гэта ноч — перад кваліфікацыяй. У Карэі я лёг у 11 гадзін, а ў гадзіну ночы прачнуўся — як абедзенны сон. З часу да чатырох не спіцца — я чытаю, гляджу кіно. Калі гэта здарылася першы раз, я нерваваўся: галоўнае ж выспацца перад спаборніцтвамі. А цяпер ведаю, што галоўнае — спаць спакойна перад фіналам, а ў кваліфікацыі я як-небудзь выступлю. — Наколькі важны гэты медаль? — Не скажу, што ён самы галоўны. Летась, калі я выйграў залаты медаль на чэмпіянаце Еўропы, я плакаў. Медаль даўся мне вельмі цяжка, я выйграў усяго сантыметр, і мне было балюча, за тое, як прайшоў той сезон, як мы яго пражылі, як мы мучыліся. Той залаты медаль быў шчасцем. А сёлета ў чарговы раз даказаў сабе і зласлоўцам, што рана спісваць мяне з рахункаў. — Няўжо нехта імкнуўся гэта зрабіць? — Пасля чэмпіянату свету ў Берліне, калі ў лёгкаатлетаў не было медалёў, у тым ліку ў мяне, і ў Наташы, многіх выклікалі ў высокія кабінеты, пыталі, што здарылася. І папракалі потым, што, маўляў, прайшла Алімпіяда і вы "забілі" на спорт. Але даказваць трэба ў першую чаргу сабе, што ты нешта яшчэ можаш. Бо пачынаеш сезон звычайна з думкамі: "Мне гэта трэба? За плячыма ўжо шмат, і ты можаш спыніцца...". Тым больш, што я мала каму што павінен. Так, мне шмат дала дзяржава, але не да такой ступені, каб кожны год паміраць у сектары. У мяне ёсць мэта — Алімпійскія гульні. — Часта ўзнікаюць думкі закончыць? — Апошнія некалькі гадоў — у пачатку кожнага сезона. А потым з трэнерам знаходзіш пункт адліку. Сёлета, напрыклад, рэкорд Беларусі, які 27 год стаяў, мы знялі. Таму я не веру спартсменам, якія заканчваюць за тры месяцы да Алімпіяды — была такая спартсменка са Швецыі, маўляў, няма матывацыі. Алімпійскія гульні — надзвычайная матывацыя, і адпачынак — не адпачынак. — Значыць, падрыхтоўка да Лондана пачалася? — Мы вярталіся з чэмпіянату свету і ў самалёце з трэнерам знайшлі тое, над чым трэба працаваць. Мы правялі дастойны сезон — гэта была абкатка перад Алімпійскімі гульнямі. І калі ўсё складзецца гэтак жа ўдала, не будзе траўмаў, то будзе вельмі цікава. — Чаму для Наташы гэты чэмпіянат прайшоў няўдала? — Гэта няўдалы збег абставін. Яна ехала са сваімі амбіцыямі, прычым выдатна падрыхтаваная. Але тое, што здарылася, вельмі крыўдна і балюча, у тым ліку ад таго, што менавіта ты трапляеш у гэтыя абставіны. — Так разнерваваўшыся з-за жонкі, можна і самому няўдала выступіць... — Таму мы не глядзім выступленне адно аднаго. У Пекіне я выступаў першы, а яна сядзела, зачыніўшыся, у сваім пакоі. Усе глядзяць па тэлевізары, а яна не глядзіць. Потым сяброўкі данеслі, што я трэцім стаў. А пасля выступлення глядзець спаборніцтвы — адно задавальненне, можна ж і пакрычаць. У 2006-м у Гётэборгу я стаў другім, прыехаў дадому, а Наталля якраз выступала — яна тады сантыметр выйграла. Я глядзеў па тэлевізары: не мог ёй ні крыкнуць, ні падказаць. На стадыёне крычыш, нават для сябе, каб выкрычацца, а тут — у тэлевізар. Не ведаю, што суседзі думалі. — На вашым з Наталляй сайце шмат фотаздымкаў з розных краін свету. Падарожжы — агульнасямейнае хобі? — Так, мы любім падарожнічаць, бо падчас спаборніцтваў не ўдаецца пабачыць нічога. Што я бачыў у Паўднёвай Карэі? Нічога. Мы ездзім у верасні, калі ў нас пачынаецца адпачынак. Ёсць месцы, куды мы даўно хочам трапіць, але не хапае ні часу, ні сродкаў. Я дагэтуль хачу з'ездзіць у Ватыкан. На чэмпіянаце Еўропы пабывалі ў Барселоне. Нам так спадабалася, што вырашылі праз месяц вярнуцца. Аказалася, што там, асабліва пад Барселонай, столькі цудоўных месцаў, што вяртацца можна 5-10 разоў і заўсёды атрымліваць задавальненне. — З чаго складаецца звычайны адпачынак сям'і Міхневічаў? — Першыя два-тры дні мы ляжым на пляжы, пакуль не надакучыць. У мяне быў толькі адзін сезон, калі я месяц праляжаў на пляжы і сказаў, каб не турбавалі мяне — гэта пасля Пекіна. А так пасля трох дзён на пляжы мы бяром напракат аўтамабіль і ездзім па розных месцах. — Не памылюся, калі скажу, што, як адпачываць сям'і, вырашаеш ты? — Зразумела. Але я раблю Наташы такія прапановы, ад якіх ёй складана адмовіцца. І падмацоўваю ўсё важкімі аргументамі. Я люблю рабіць людзям прыемнае. Заўсёды імкнуся і бацькоў выцягнуць. Дастаўляць людзям радасць прыемней, чым самому сабе. Гэта як дарыць падарункі куды прыемней, чым самому іх атрымліваць. А пачыналася ўсё яшчэ тады, калі ў нас не было Ільі. Мы падумалі: ну колькі можна сядзець дома? Я прапанаваў: бяром машыну і кожную нядзелю едзем па Беларусі ў якім-небудзь напрамку. Так мы крыху паездзілі, але доўга не атрымалася. Наташа чакала дзіця, у нас пачаліся іншыя радасці... — Як, дарэчы, пажывае маленькі Ілья Міхневіч? — Выдатна, вельмі рухавы, камунікабельны. У Стайках, калі мы на зборах, ён жыве з намі. Нам стварылі добрыя ўмовы, каб нас нічога не турбавала. — Куды едзеце адпачываць сёлета? — У Партугалію. Спачатку адпачнём ад сезона, нешта паглядзім, а затым вялікі-вялікі пляж і праца: бегатня, скачкі — карацей, падрыхтоўка да новага сезона. Мы не імкнёмся да паказнога камфорту — 5 зорак, атэль-парус. Адпачыць можна і ў палатцы. — Затое да ежы ў цябе ёсць патрабаванні. Сам можаш што-небудзь прыгатаваць? — Сам гатую толькі на зборах, і тое рэдка. У Партугаліі вялізныя крэветкі, і каштуюць яны тры капейкі. Нам падказалі, як іх прыгатаваць, — з прыправамі высмажыць у масле. Я і прыгатаваў. А дома гатуе Наташа. — На вашым сайце знайшла твае вершы — усе пра каханне. Было шмат дзяўчат, якім яны прысвячаліся? — Ды не. Быў перыяд, калі пісаў. Пішаш, калі нейкі эмацыянальны стрэс. Зараз знаёмыя пытаюць: у вас жа ўсё добра з жонкай, чаму не пішаш? А гэта ўжо іншае, іншая атмасфера, яшчэ і часу не хапае. Таму жонцы прысвечана ўсяго два вершы. Я пісаў, калі быў адзін: лежачы ў Стайках на канапе, прыдумваў усялякія рыфмы. Аднойчы перад 8-м Сакавіка патэлефанавалі з адной газеты і папрасілі павіншаваць жанчын. Я прапанаваў у вершаванай форме. А вы можаце? — яшчэ так недаверліва спыталі... Праз дзве гадзіны я напісаў "Да 8 Сакавіка". Магу прывесці пару радкоў: "Подарок я сам хоть куда. Здесь на полке лежит голубая тесьма. Обвяжу ей себя, на плечо яркий бант. Кто ж такому подарочку будет не рад?" — Некаторыя вершы пакладзены на музыку. Андрэй Міхневіч яшчэ і спявае? — У мяне з дзяцінства вісела на сцяне гітара — бацькі купілі. Іграць я не ўмеў, але заўсёды хацеў. У мяне дзядуля іграў на гармоніку, і пеў, і плясаў. Відаць, я ў яго. А аднойчы маці стрыечнага брата сыграла нам на фартэпіяна мелодыю песні "Іn аrmу nоw". Тады гэта мяне моцна ўразіла. Калі з'явіліся фінансавыя магчымасці, я навучыўся іграць на гітары. Пасля ў мяне з'явіўся сінтэзатар, нават запісы ёсць свае. Зразумела, усё гэта на аматарскім узроўні. Але развесяліць кампанію магу. Аднойчы Новы год мы з сябрамі адзначалі ў адным санаторыі. Расіяне прынеслі гітару, я ўзяў яе ў рукі. Аддавалі мне інструмент з асцярогаю, а пасля мае сябры здзіўляліся: дык ён у нас яшчэ і спявае! — А са спартыўных заняткаў што цікавіць? — Крыху гуляю ў тэніс. Спачатку з ракеткай я выглядаў, як карова на лёдзе. Гэта здаецца, што ракетку ўзяў — і гуляй. Я атрымаў некалькі ўрокаў, потым пачаў гуляць з сябрамі. Крос для мяне прабегчы — праблема. А гадзіну ў тэніс пагуляеш — і губляеш столькі ж вагі, як пасля прабежкі. Дарэчы, на тэніс мяне зацягнула Наташа. Падабаюцца горныя лыжы, але я ведаю, як лёгка там атрымаць траўму і назаўсёды развітацца са спортам. Таму лыжы пакуль пачакаюць. Тым больш, што ў спорце мне засталося не шмат часу — да Алімпіяды. — У Лондане? — У Рыа-2016. Гэта крайняя кропка, пасля якой я і думаць не буду застацца. Алена АЎЧЫННІКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На сёлетнім чэмпіянаце свету, які прайшоў у пачатку верасня ў паўдёвакарэйскім горадзе Дэгу, Андрэй Міхневіч заваяваў бронзавы медаль. Ніхто і не здзівіўся:... |
|