Журавінавыя грошы
08.10.2011
—
Новости Общества
|
Журавіны вабяць людзей у балота. Чырвоныя, сакавітыя, буйныя і дробныя. Блізкія і далёкія. Цяпер пераважна далёкія. Бо ўскраіны балот ужо абабраныя і за добрай ягадай трэба прайсці не адну сотню метраў, а мо і кіламетр-другі. Дарога па балоце цяжкая і доўгая, яе немагчыма прайсці хутка. Чым глыбей кіруеш у балота, тым больш складаны і небяспечны гэты журавінавы шлях. Пад нагамі дрыжыць багна, боты вось-вось начэрпаюць халоднай і бруднай вады. Да запаветнай ягады яшчэ не блізка, але нават бабулька на восьмым дзясятку гадоў не падае выгляду, што стамілася ад бясконцай хады і хоча прысесці. Яна ведае, што дарога па ягады куды лягчэй, чым зваротны шлях з важкімі кашамі і мяхамі. Журавіны — цяжкая праца. Каб сабраць ягад як мага болей, трэба шукаць некранутыя месцы. За вёскай Азяраны Жыткавіцкага раёна некранутых балот яшчэ бяскрайняе мора. Мы часта здзіўляемся, чаму журавіны гэтак дорага каштуюць. Маўляў, на балоце іх багата, растуць самі, не патрабуюць догляду. Але разважаць падобна могуць хіба тыя, каму не давялося ісці бясконцай журавінавай дарогай, гнуць дзень спіны, мокнуць пад дажджом. Цягнуць на сабе 20-кілаграмовы мех. І яшчэ, адна справа наведаць журавінавы край, каб набраць спелай ягады для папаўнення зімовага ласункавага запасу, і зусім іншая, збіраць журавінку для заробку. Людзям, якія жывуць абапал журавінавых балот, ягады заўсёды былі падтрымкаю сямейнага бюджэту. Асабліва, калі год спрыяльны і ўраджай на купінах шчодры. Калі на балоце невысокая вада. А кошт на ягады, наадварот, высокі. Але азяранцы не радуюцца цяперашняй цане, якую прапануюць ім нарыхтоўшчыкі, — за кілаграм усяго трынаццаць тысяч рублёў (цана мінулага чацвярга). Не спяшаюцца здаваць сабраныя ягады. Але пакуль надвор'е дазваляе, усё-роўна ідуць у балота. Бо спадзяюцца, што цэны зноў пачнуць расці. Так бывае амаль заўсёды: чым халадней на дварэ, тым менш ахвочых церабіць балотныя прасторы. І тады попыт на журавіны само-сабою ўзрастае. А пакуль што ў скляпах і сенцах азяранцаў і іншых вёсак Тураўшчыны чакае свайго часу — чакае сабраны ўжо ўраджай — і па дзвесце, і па трыста, і нават болей кілаграмаў. — Звычайна кошт журавінаў гэткі, як і на чарніцы, — кажуць жыхаркі вёскі Азяраны. — Чарніцы сёлета былі нават па 25 тысяч, а за журавіны больш чым 17 тысяч не давалі. І іх можна зразумець. І нават паспачуваць. Гэта ж колькі адмерана імі багнавых дарог, колькі сіл патрачана, каб данесці ягады дадому, не падушыць іх. Спрактыкаваны збіральшчык за дзень здольны набіраць і трыццаць кіло. А вось данесці нават да дарогі не кожнаму па сілах. Маладая азяранская маці Марыя Лебядзінская на парозе хаты перасыпала ягады, каб паставіць іх у прахалоднае месца. Баіцца, каб не пацяклі. Паспрабуй потым здай іх за добрую цану. У Марыі расце чатырохгадовы сынок Дзяніс. Ёсць на каго траціць грошы. Вось і хочацца ёй зарабіць. Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Жыткавіцкі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Журавіны вабяць людзей у балота. Чырвоныя, сакавітыя, буйныя і дробныя. Блізкія і далёкія. Цяпер пераважна далёкія. Бо ўскраіны балот ужо абабраныя і за добрай...
|
|