Не спяшайцеся кінуць камень.... 21.by

Не спяшайцеся кінуць камень...

26.10.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У карпункт газеты патэлефанавала абураная чытачка, каб выразіць сваю нязгоду з матэрыялам "Мінулае мінула" ("Звязда"за 19 кастрычніка). Справа ў тым, што ў інтэрнаце па Савецкай Канстытуцыі, дзе абсталяваны два пакоі ў якасці часовага прытулку для былых зняволеных, жывуць яе дзеці. Марыя Іванаўна (так яна, прынамсі, назвалася) горача даводзіла, што сяліць сумніўны "кантынгент" побач з "нармальнымі людзьмі" ні ў якім разе нельга. "Былыя зэкі абавязкова прынясуць з сабой парадкі "зоны", тут звычайнымі стануць п'янкі, гулянкі з усімі магчымымі наступствамі. Паселяць чатыры ці пяць чалавек — да іх прыйдзе яшчэ дзесяць, — не давала нават слова ўставіць жанчына. — Моладзь будзе глядзець на ўсё гэта... Няхай бы вызвалілі для такой установы барак (ёсць такія, напрыклад, на вуліцы Герояў абароны Брэсцкай крэпасці), папярэдне адсяліўшы жыльцоў у асобныя кватэры, ды выдзелілі б там гэтым людзям пакоі. А так улады робяць абы-што, а вы іх падтрымліваеце..."

Я прапанавала чытачцы выкласці свае меркаванні на паперы. Яна сказала, што, можа, потым, як збярэцца з думкамі, як утаймуе хваляванне, трохі супакоіцца. Вельмі ж эмацыйна выкладвала жанчына-маці сваю пазіцыю. Яна гаварыла многа, казала, што я сама не ведаю нічога пра падобны "кантынгент", таму і пішу лёгка.

Вось тут шаноўная Марыя Іванаўна памыляецца. Адразу пасля заканчэння ўніверсітэта я працавала ў пружанскай раённай газеце. Жыла ў інтэрнаце адной будаўнічай арганізацыі, дзе амаль трэць паверха нейкі час займалі так званыя "хімікі" — гэта значыць, асобы, якія адбывалі пакаранне ва ўмовах вольнага пасялення. Не сказаць, што яны паводзілі сябе вельмі буйна. Але ж некалькі інцыдэнтаў было... Разы два яны так моцна стукаліся ў дзверы нашага пакоя, што выломвалі ручку звонку. Гэта азначала, што ранкам з пакоя не было ніякай магчымасці выйсці. Мне на працу даводзілася збірацца раней за ўсіх (таварышкі працавалі ў бібліятэцы, у іх чытальная зала адчынялася толькі ў 11 гадзін). Яшчэ шчасце, што наш пакой на другім паверсе выходзіў акном на казырок уваходных дзвярэй. Таму я вылазіла на той самы казырок і прасіла каго-небудзь аб дапамозе. Дапамога звычайна прыходзіла ў выглядзе нефармальнага старасты нашага паверха, добрага хлопца Сашы, які браў падручны інструмент у сваім КаМАЗе і адчыняў нашы дзверы.

Успомніўшы той далёкі эпізод, падумала, што цяпер, стоячы амаль на даху, я званіла б і начальніку міліцыі, і кіраўніку раёна, каб паведаміць аб парушэнні сваіх грамадзянскіх правоў і паклікаць на дапамогу. А тады, па-першае, не было тэлефонаў, а па-другое, у галаву не магло прыйсці нічога такога. Вызвалілі, ну і дзякуй Богу, хутчэй — на працу.

Прыводжу той амаль анекдатычны выпадак для таго, каб сказаць, што такія праблемы існавалі і іх нейкім чынам вырашалі ва ўсе часы. Добра, што мы ўвогуле можам іх зараз выносіць на абмеркаванне, выказваць сваю пазіцыю, прыцягваць увагу грамадскасці.

Нядаўна прачытала ў расійскай прэсе, што ў Варонежы адкрываюць прытулак на 200 месцаў. Для гэтага адсялілі два старыя дамы, зрабілі там капітальны рамонт. Але насельнікі суседніх кварталаў, мякка кажучы, не ў захапленні ад рашэння ўладаў. Яны лічаць, што такая колькасць былых зняволеных — гэта перадумова для стварэння ачага крыміналу. І гэта цалкам верагодна. Ды і ў Расіі зусім іншая сітуацыя. Там падобныя мерапрыемствы праводзяцца на спонсарскія сродкі. Бо многія багатыя маюць досвед адсідкі — таму і ахвяруюць шчодра. У нас жа прытулкі абсталёўваюцца за дзяржаўныя грошы, і няма магчымасці будаваць асобныя памяшканні.

І абсталяванне тых некалькіх пакояў у брэсцкім інтэрнаце — гэта, напэўна, нейкі сродак вырашэння хоць часткі праблемы. Людзі, якія працуюць з вышэйназванымі асобамі, гатовы прыводзіць дзясяткі прыкладаў, калі чалавек, няхай і былы злачынца, вернецца на волю, памыкаецца без жытла, без грошай ды і зноў трапляе за краты. Але папярэдне ён некага абрабуе, нешта ўкрадзе. Гэта значыць, зноў з'явяцца ахвяры злачынстваў. Усё роўна ж яны пасля калоніі вяртаюцца ў грамадства, дзе ўсе мы жывём. Дык лепш працягнуць руку дапамогі хаця б таму, хто здольны гэтую дапамогу прыняць. Лепш для ўсіх нас. Тым больш што ўсе мы цудоўна ведаем: па-рознаму людзі трапляюць за краты, і розныя там бываюць вязні. А сярод нас часта ходзяць тыя, па кім сапраўды плача турма. Таму, можа, і не варта ўсіх мераць на адзін капыл.

Што датычыць таго інтэрната, пра які так непакояцца жыльцы, іх бацькі (і іх можна зразумець), то начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага РАУС Брэста і яго калегі з абласнога ўпраўлення казалі, што кантроль будзе жорсткі. Жылплошчу атрымаюць толькі тыя людзі, якія падаюць надзею на выпраўленне. У рэшце рэшт, пакоі выдзелілі не навечна. Калі ўзнікнуць праблемы, адпаведныя рашэнні можна і перагледзець.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У карпункт газеты патэлефанавала абураная чытачка, каб выразіць сваю нязгоду з матэрыялам "Мінулае мінула" ("Звязда"за 19 кастрычніка). Справа ў тым, што ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика