У Маскве можна будзе зносіць перагародкі ў кватэрах без узгаднення. А як у нас?
29.10.2011
—
Новости Общества
|
У Маскве з 1 снежня значна спрашчаецца працэдура перапланіроўкі жылых і нежылых памяшканняў у шматкватэрных дамах. Згодна з пастановай урада Масквы, узгадняцца будуць толькі тыя віды перапланіроўкі, якія рэальна ўплываюць на бяспеку пражывання ў доме. Прыняты дакумент скасоўвае неабходнасць узгаднення наступных відаў работ: прылады рассоўных ці "карусельных" дзвярэй і вітрын з лёгкіх хуткаўзведзеных канструкцый без змены знешніх габарытаў памяшканняў; замены сталярных элементаў фасада; устанаўленне перагародак без павелічэння нагрузак на перакрыцці; змяненне матэрыялаў і пластыкі знешніх канструкцый, балконаў і лоджый; перастаноўкі награвальных (ацяпляльных) і газавых прыбораў без пракладкі дадатковых падводзячых сетак. Для зручнасці масквічоў ім у хуткім часе прапануюць каля 130 варыянтаў тыпавых перапланіровак кватэр. Гэтыя праекты можна будзе ўбачыць і выбраць на сайце Масжылінспекцыі, а таксама на сайце Маскоўскага навукова-даследчага інстытута тыпавога і эксперыментальнага праектавання. Тыпавыя праекты, апублікаваныя на сайтах, распаўсюджваюцца на 70% жылых дамоў, дзе пражываюць 80% масквічоў. Іх узгадненне будзе праходзіць у Масжылінспекцыі ў максімальна спрошчанай форме, у рэжыме "аднаго акна". Людзі самі павінны будуць выбраць варыянт перапланіроўкі, які ім падабаецца, і падаць заяву ў Масжылінспекцыю. Затым інспекцыя ўзгодніць праекты з Маскамархітэктурай. Калі ж перабудова закране вонкавае аблічча будынка, то спатрэбіцца ўзгадненне і з дэпартаментам культурнай спадчыны сталіцы. З 127 тыпавых рашэнняў перапланіроўкі 57 не запатрабуюць ніякіх узгадненняў з Масжылінспекцыяй. Удзел чыноўнікаў будзе неабходны, калі ўласнік будзе ўзаконьваць перапланіроўку. Перапланіроўка кватэры: толькі па правілах! Парадак перабудовы і перапланіроўкі жылых памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах рэгулюецца спецыяльным палажэннем, якое было зацверджана пастановай Савета Міністраў № 1805 ад 31.12.2006 г. Пераўладкаванне і перапланіроўка памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах, у якіх не абрана форма кіравання (не створана Таварыства ўласнікаў, ЖБК, МЖК і г.д.), праводзяцца з дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органа. У дамах арганізацый забудоўшчыкаў дазвол трэба атрымліваць у органах кіравання гэтых арганізацый. Пасля атрымання дазволу мясцовага выканкама вы складаеце дамову на распрацоўку праекта з праектнай арганізацыяй альбо праекціроўшчыкам, які мае спецыяльны дазвол (ліцэнзію). Праектная арганізацыя альбо праекціроўшчык распрацоўвае і ўзгадняе праект, а таксама пры неабходнасці забяспечвае ва ўстаноўленым парадку правядзенне дзяржаўнай пазаведамаснай экспертызы гэтага праекта. Што рабіць забараняеццаНельга праводзіць работы з парушэннем дзейных будаўнічых, супрацьпажарных, санітарна-гігіенічных і іншых патрабаванняў. Забаронена рабіць усё тое, што прыводзіць да зніжэння апорнай здольнасці канструкцый (асноў падмуркаў, калон, сцен, бэлек, перакрыццяў, апор, міжаконняў, канструкцый дахаў) а таксама гідра-, пара-, цепла- і гукаізаляцыі, бія- і вогнеўстойлівасці апорных і агароджвальных канструкцый. Тое ж самае, калі выкананне нейкіх работ цягне за сабой парушэнне рэжыму працы сістэм вентыляцыі, дыма- і газавыдалення, а таксама парушэнне і пагаршэнне параметраў працы інжынерна-тэхнічнага абсталявання дома ці асобных памяшканняў. Забараняецца праводзіць падобныя работы ў жылых памяшканнях без натуральнага асвятлення, усталёўваць перагародкі, якія трапляюць у аконныя праёмы, а таксама — дадатковае абсталяванне цэнтральнага ацяплення, гарачага водазабеспячэння і электратэхнічнага абсталявання, калі гэта прывядзе да павелічэння гранічна дапушчальных разліковых інжынерных нагрузак на адно памяшканне жылога дома. Пад забаронай — працы па змене каляровага рашэння фасада жылога дома, а таксама перабудова і перапланіроўка памяшканняў, калі жылы дом ва ўстаноўленым парадку прызнаны непрыдатным для пражывання і не падлягае аднаўленню. На што трэба дазвол выканкама і праектная дакументацыяУ гэтай катэгорыі работ — устаноўка (дэмантаж) стацыянарнага інжынернага абсталявання; уладкаванне і замена сістэм водазабеспячэння, газазабеспячэння, ацяплення, электразабеспячэння, каналізацыі, смеццевыдалення, газавыдалення, вентыляцыі; пераўладкаванне гідра-, пара-, цепла- і гукаізаляцыі; балконаў і лоджый; іншыя віды работ (па меркаванні мясцовага выканаўчага і распарадчага органа). Да ўвагі:для правядзення работ па разборцы існуючых і ўладкаванні новых перагародак патрабуецца дазвол мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, але распрацоўка праекта не патрабуецца. Што можна рабіць без атрымання дазволу і праекта Можна ўсталёўваць (змяняць) міжпакаёвыя дзверы ў межах дзвярнога праёму; уладкоўваць падвясныя (нацяжныя) столі; уладкоўваць і дэмантаваць стацыянарныя шафы і антрэсолі; усталёўваць вентыляцыйныя прыборы; мяняць электратэхнічныя вырабы (разеткі, выключальнікі, свяцільні) і падлогавыя пакрыцці, на тыя, што маюць аналагічныя тэхнічныя характарыстыкі; мяняць электрычныя пліты і санітарна-тэхнічнае абсталяванне. Гэтыя працы не з'яўляюцца пераўладкаваннем і перапланіроўкай жылога памяшкання. * * * У палажэнні таксама названы працы, на якія не трэба атрымліваць дазвол мясцовых улад і заказваць праект, але іх выкананне трэба ўзгадняць з пэўнымі арганізацыямі. Напрыклад, шкленне лоджый і балконаў (не блытаць з устаноўкай лоджый і балконаў) трэба ўзгадняць з раённым аддзелам архітэктуры. Усталёўка ўзмоцненых і дадатковых уваходных дзвярэй у памяшканні ўзгадняецца з ЖЭСам, таварыствам уласнікаў, ЖБК або МЖК — у залежнасці ад таго, у каго дом знаходзіцца на абслугоўванні. Святлана Бусько. ДАРЭЧЫ Згодна з палажэннем, у перыяд правядзення пераўладкавання і перапланіроўкі памяшкання ў выхадныя і святочныя дні забараняюцца работы, якія ствараюць шум або вібрацыю. У працоўныя дні такія работы нельга пачынаць раней за 9 гадзін і заканчваць іх пазней за 19 гадзін. Прымяняць пры правядзенні работ абсталяванне і інструменты, ад працы якіх узровень шуму і вібрацыі перавышае ўстаноўленыя санітарныя нормы, таксама забараняецца. Забаронена выкарыстоўваць пасажырскія ліфты для транспарціроўкі будаўнічых матэрыялаў і іх адходаў без пакавання. Каментарый спецыяліста Галоўны інжынер праектаў РУП "Інстытут "Белжылпраект" Аляксандра Кісялёва: — Гэта вельмі добры крок — публікацыя ў адкрытым доступе варыянтаў тыпавых перапланіровак, каб людзі ведалі, што можна рабіць, а што нельга. Гэта значна спрашчае жыццё. Але дазваляць рабіць перапланіроўкі бескантрольна, без усялякіх узгадненняў, нельга. Напрыклад, вы хочаце, каб у вас над кухняй размяшчаўся санвузел суседа? Каб, калі ў яго прарве каналізацыю, усё гэта пацякло ў вашу кухню? Такія выпадкі былі. Пры гэтым сусед быццам бы не зрабіў нічога заганнага — проста знёс перагародку і пашырыў санвузел. Бывае, жыхары ў панэльных дамах б'юць апорныя сцены, закладваюць там праёмы. Часцей за ўсё — паміж кухняй і пакоем. Але гэта апорная сцяна, на ёй яшчэ 8 паверхаў стаяць. Потым у верхніх кватэрах узнікаюць расколіны на сценах. Таму заўсёды трэба спачатку пракансультавацца са спецыялістам у мясцовым выканкаме, а не ў будаўнікоў, якія "дазваляюць" са словамі: "Гэта тонкая перагародка, можна". Так, яна ўсяго 120 мм, але гэта апорная сцяна. Самавольная перапланіроўка часта прыводзіць да парушэння і планіровачных рашэнняў, і апорнай здольнасці сцяны. Потым, калі трэба ўсё гэта зацвярджаць (перапланіроўка заўсёды выяўляецца пры продажы кватэры, капрамонце, атрыманні кватэры ў спадчыну), даводзіцца плаціць штрафы. Акрамя таго, калі штосьці зроблена з парушэннем правілаў, трэба будзе гэтыя праблемы вырашаць: рабіць праект узмацнення апорнай канструкцыі, праходзіць дзяржаўную экспертызу, наймаць арганізацыю, якая выканае работы, наймаць праекціроўшчыкаў, якія б сачылі, як усё манціруецца, запрашаць тэхнагляд з ЖРЭА... Усё гэта, па-першае, вельмі доўга і клапотна, а па-другое, каштуе немалых грошай. Часам працэс расцягваецца на два гады! Мы пастаянна сутыкаемся з такімі сітуацыямі, бо часта не ўзгадняем падобныя праекты. Не раз даводзілася чуць: "Калі б я толькі ведаў, чым усё гэта абернецца! Калі б толькі хто-небудзь сказаў, што нельга рабіць гэты праём паміж пакоем і кухняй, я не рабіў бы нізашто!" Былі выпадкі, калі з-за самавольных перапланіровак рушыліся пад'езды. У Маскве, дарэчы, цалкам узгадненне не адмяняецца, яно адбываецца, але ў спрошчанай форме. Акрамя таго, перапланіроўку ўсё роўна трэба ўзаконіць. У нас усё практычна тое ж самае. Той жа прынцып "адзінага акна". Адзінае — масквічы зараз дзякуючы апублікаваным варыянтам тыпавых перапланіровак могуць, не выходзячы з дома, даведацца, што можна рабіць, а што нельга. Нам жа трэба ісці ў выканкам.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Маскве з 1 снежня значна спрашчаецца працэдура перапланіроўкі жылых і нежылых памяшканняў у шматкватэрных дамах. Згодна з пастановай урада Масквы, узгадняцца...
|
|