Важна не "што і колькі", а як падаць

29.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

— Цана на елкі сёння не залежыць ад вышыні дрэўца, — гаворыць Мікалай, прадавец лясных прыгажунь, у вялікай колькасці прадстаўленых разам з хвоямі на рынках Гомеля. — Усе хочуць як мага больш прыгожую, сіметрычную і "каб галінкі густыя". Вось такія даражэй і каштуюць. Менш чым за 50-100 тысяч не знойдзеш усё роўна!

Так, сапраўды, тыя елкі, што побач і танней — выклікаюць толькі сум. І ўсё ж натуральная елка абыходзіцца танней за штучнае дрэўца. Больш выгадна набываць яе непасрэдна ў лясгасе. Там кошт каля 45 тысяч рублёў. Калі купляць елку з перасоўнага гандлёвага пункта лясгаса, а папросту кажучы, з машыны — кошт павялічваецца да 55 тысяч рублёў. На рынку ж такая прыгажуня будзе каштаваць не менш за сто тысяч. Штучныя елкі — прадукт даўгавечны, але, у адрозненне ад натуральных, дарагі. У залежнасці ад памеру яна можа абысціся ў суму ад 200 да 700 тысяч рублёў.

Тавараў на рынках Гомеля шмат, аднак не сказаць, што і пакупнікоў — натоўп. Адзіная чарга, дзе давялося пастаяць хвілін 30 — да абменніка. Суайчыннікі ў асноўным здавалі валюту — у невялікай колькасці. За прадуктамі харчавання чэргаў увогуле няма. Тым больш, гамяльчане спачатку пільна вылічваюць, дзе, што і за колькі. Пераднавагоднія пакупкі выклікаюць зараз увогуле шмат эмоцый: ад "купіў на халяву!" да "а там у два разы танней..." Мой прагматычны сусед шукаў для дзіцяці жучка-робата — ёсць такі цацачны хіт продажу, ад якога малыя проста пішчаць. Адну і тую ж мадэль на працягу тыдня ён знайшоў у розных крамах па цане ад 16 да 39 тысяч за штуку. Дзіцячую палатку купіў за 87 тысяч рублёў, а потым у маркеце побач пабачыў такую ж — за 285 тысяч рублёў. Увогуле ж ён даў параду: для таго, каб зрабіць пакупкі сёлета, трэба мець двух сяброў — інтэрнэт і аўтамабіль.

На зніжкі, распаўсюджаныя ў іншых краінах, гамяльчанам разлічваць не прыходзіцца. Аб'явы пра іх ёсць, аднак толькі для таго, каб прывабіць пакупніка. Вядома, на шампанскае і цытрусавыя звычайны грамадзянін па традыцыі раскашэліцца. А вось пра некаторыя іншыя прадукты гэтага не скажаш. Свініну на Цэнтральным рынку Гомеля яшчэ, магчыма, і набудзе (ад 45 да 55 тысяч за кг), а вось ад ялавічыны хутчэй за ўсё адмовіцца (60-80 тысяч за кг). Яблыкі (10-11 тысяч за кг) — па аднаму на члена сям'і — купіць, як і традыцыйныя духмяныя мандарыны (13,5-15 тысяч за кг). У межах даступнасці селядцы салёныя і кураняты бройлерныя прыкладна па адной цане — 24-27 тысяч за кг. Беларускі карп каштуе амаль столькі ж — ад 21 да 27 тысяч за кг, у залежнасці ад памеру. А вось што дакладна сёлета будзе на навагоднім стале гамяльчаніна, дык гэта бульба. І таму, што ўрадзіла на славу, і таму, што кошт на яе прывабны: 1300-1700 за кг. Бачыла і за 1 тысячу зусім нядрэнную.

Ну а далей настае час для разгулу фантазіі гаспадынь. Бо вядома: сапраўдная жанчына не толькі скандал і капялюшык можа зрабіць з таго, што пад рукой, але і страву да навагодняга стала. Важна не "што і колькі", а — як падаць. Напрыклад, ікру можна ўзяць не чырвоную, а бялковую — хто там што пасля келіха шампанскага рассмакуе?..

Дарэчы, усе крамы завалены цмокамі — пластмасавымі, керамічнымі, металічнымі... Праўда, паколькі ніхто з вытворцаў не ўяўляе, што ж гэта такое, звычайна атрымліваецца або кракадзіл з крыламі, або кажан з мордачкай коткі, або жаба з грабеньчыкам праз спіну. Хочацца верыць, што памяркоўны беларус, які ў пераднавагодні час рызыкнуў выцягнуць з-пад матраца частку валюты або зняць грошы з карткі, не вельмі павядзецца на такія прымітыўныя псеўдаўсходнія спакусы...

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

 
 
 

РЕКЛАМА