"Каб канкурыраваць на кітайскім рынку, трэба праводзіць гібкую палітыку"
21.03.2012
—
Новости Общества
|
"Мы адзначаем дваццацігоддзе палітыкі ўсходняга вектара, — распавядае дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта , загадчык кафедры мовазнаўства і краіназнаўства Усходу факультэта міжнародных адносін БДУ, прафесар Аляксандр Гардзей. — Дваццаць гадоў таму Рэспубліка Беларусь стала суверэннай дзяржавай і набыла ўсе адпаведныя атрыбуты. Рашалася шмат важных задач, звязаных з органамі дзяржаўнага кіравання — узніклі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства знешнеэканамічных сувязяў. Ствараліся інстытуты, якія забяспечвалі супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з краінамі свету. Тады былі ўсталяваны дыпламатычныя адносіны Беларусі з Кітаем, Манголіяй, В'етнамам". Усходні вектар — адзін са стратэгічна важных кірункаў знешнепалітычнай дзейнасці нашай дзяржавы. Таму мы вырашылі скарыстацца з такой нагодый і даведацца ў эксперта, якія вынікі атрыманы за дваццаць год і ў чым далейшае супрацоўніцтва бачыцца найбольш перспектыўным? — Аляксандр Мікалаевіч, што вам падалося найбольш значным сярод дасягненняў у адносінах Беларусі з усходнімі краінамі? — Самым галоўным з'яўляецца тое, што за дваццаць гадоў супрацоўніцтва Беларусі і Кітая краіны сталі стратэгічнымі партнёрамі. Так, у 1992 годзе наш тавараабарот складаў 4 млн долараў, а ў 2010 годзе — 2 млрд 520 млн долараў. Аднак трэба падкрэсліць, што Кітай не ўваходзіць у лік асноўных інвестараў у беларускую эканоміку. Адзначу, што Кітай добра ўсведамляе мэты, якія ён ставіць перад сабой у супрацоўніцтве з Рэспублікай Беларусь, у той час як мы ў пэўных выпадках рэалізуем не ўсе магчымасці выгаднага супрацоўніцтва. У палітычнай сферы ўсё зразумела: Кітай падтрымлівае нас у розных міжнародных арганізацыях, у тым ліку і ў Савеце Бяспекі ААН. Дзякуючы гэтай падтрымцы мы адчулі сусветны крызіс не так востра, як жыхары іншых краін. — Як адбываецца наша эканамічнае супрацоўніцтва? — Варта прыгадаць, што ў сакавіку 2009 года банкі Беларусі і КНР падпісалі валютныя свопы, па якіх наша дзяржава атрымала ад Кітая 20 млрд юаняў — гэта 3 млрд долараў. Адначасова наш бок пералічыў у КНР 8 трлн беларускіх рублёў, таму зараз мы можам супрацоўнічаць не праз долары, а з дапамогай юаняў і беларускіх рублёў. У снежні 2009 года было падпісана рамачнае пагадненне, згодна з якім кітайскі "Эксімбанк" адкрыў Беларусі крэдытную лінію ў памеры 5 млрд 700 млн долараў для фінансавання інвестпраектаў з удзелам кітайскіх кампаній (напрыклад, аб'ём кітайскіх інвестыцый у індустрыяльны парк у галіне нанабіятэхналогій фармацэўтыкі, што размесціцца пад Мінскам, да канца 2012 года, па нашых падліках, можа скласці 1,5 млрд долараў). — Зразумела, што Кітай шмат укладае ў нашу эканоміку і таксама атрымлівае выгаду. А ці экспартуе Беларусь свае тавары на рынак Кітая? — У 2010-м тавараабарот з Кітаем склаў менш за 2% беларускага экспарту. Паспрабую растлумачыць, чаму так адбываецца. Возьмем, напрыклад, кар'ерныя самазвалы. У КНР іх актыўна пастаўляе амерыканская кампанія "Катэрпілар" і робіць гэта без перадаплаты, праз разлік ў растэрміноўку. Адначасова, паколькі кітайскі бок набывае гэтыя аўтамабілі, даводзіцца разгортваць унутры краіны буйную інфраструктуру для іх абслугоўвання — такім чынам амерыканская кампанія замацоўваецца на кітайскім рынку. У той жа час наш БелАЗ, напрыклад, вымушаны патрабаваць перадаплату. Каб канкурыраваць на кітайскім рынку, трэба праводзіць гібкую палітыку. — А наша ўпадабаная многімі малочная вытворчасць? — Тут я вымушаны засмуціць нашых вытворцаў малочнай прадукцыі: кітайцы практычна не ўжываюць малака. Гэта звязана з традыцыйным ладам жыцця, з традыцыйнай культурай харчавання. — Якія тавары мы маглі б прадставіць на іх рынку, каб яны былі запатрабаваныя? — Што датычыцца малочнай прадукцыі, можна спрабаваць прасоўваць нашы сыры і масла: яны паступова становяцца папулярнымі сярод кітайцаў. Аднак для гэтага трэба вытрымаць канкурэнцыю з еўрапейскімі гандлёвымі дамамі тыпу "Карэфур", якія прадаюць гэтыя прадукты ў Кітаі. Перавага нашых сыру і масла была б у тым, што яны б каштавалі значна танней, чым тыя, што прывезены з Новай Зеландыі і Аўстраліі і зараз ляжаць на паліцах крам. Каўбасы таксама сталі з'яўляцца ў Кітаі. Я не магу пакуль сказаць, наколькі папулярны гэты прадукт, але звычайна ўсім падабаецца новае, тое, чаго раней не было. Мне падаецца, даволі паспяхова маглі б гандляваць нашы кампаніі, якія вырабляюць шакалад і цукеркі. Доўгі час кітайцы не ўмелі вырабляць якасны смачны шакалад, але зараз там сталі з'яўляцца заходееўрапейскія маркі. Аднак смак нашага і іх шакаладу вельмі адрозны, таму можна было б паспрабаваць. — Відавочна, што для пашырэння нашай прысутнасці на кітайскім рынку недастаткова толькі якаснай вытворчасці. Патрэбна структура, якая каардынавала б запыты кітайскага боку і прапановы беларускага... — Так, мы плануем ствараць інфармацыйна-аналітычны цэнтр унутры Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. Дарэчы, сам інстытут створаны 12 снежня 2006 года. Яго мэтай было аб'яднанне спецыялістаў-кітая- знаўцаў у розных галінах навуковых ведаў — ад лінгвістаў да палітолагаў, каб наладзіць нашу працу ў двухбаковых адносінах. Гэты цэнтр будзе займацца выпрацоўкай пэўных рэкамендацый нашым прадпрыемствам, установам, органам дзяржаўнага кіравання па двухбаковым супрацоўніцтве. — Кітай — наш стратэгічны партнёр, а для плённага супрацоўніцтва патрэбна веданне не толькі мовы, але і пэўных геаграфічных, сацыяльных асаблівасцяў краіны-сяброўкі. Спецыялістаў такога профілю, магчыма, не хапае, аднак іх рыхтуюць у вашым інстытуце... — Мы ўваходзім у 20-ку лепшых інстытутаў Канфуцыя сярод 358-мі падобных, што існуюць у свеце. Падкрэслю, што пры БДУ створаны тэхнапарк, дзе вядзецца даволі плённае супрацоўніцтва з кітайскімі прадпрыемствамі — прычым як сталічнымі, так і правінцыйнымі. Што датычыцца студэнтаў, то наш інстытут становіцца асноўным у падрыхтоўцы кітаязнаўцаў. Наладжаны курсы для навучэнцаў рознага ўзроўню. Таксама падтрымліваем і іншыя ўстановы, у якіх выкладаецца кітайская мова. Агульная колькасць навучэнцаў — каля 640 чалавек. Плануецца і стварэнне філіялаў Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ ў абласных гарадах — у першую чаргу ў Гомельскім і Гродзенскім дзяржаўных універсітэтах. — З якімі яшчэ ўсходнімі краінамі, акрамя Кітая, Беларусь развівае супрацоўніцтва? — Нядрэнна развіваюцца стасункі з Рэспублікай Карэя — даволі паспяхова дзейнічае іх пасольства. Відавочны прагрэс у супрацоўніцтве з В'етнамам: падпісаны дамовы аб навучанні іх спецыялістаў у нас і нашых у іх. Даволі цесныя кантакты наладжаны з Турцыяй. З Японіяй супрацоўніцтва нашай краіны адбываецца, у асноўным, па чарнобыльскіх праектах. Што датычыцца кафедры мовазнаўства і краіназнаўства Усходу факультэта міжнародных адносін БДУ, то яна мае добрыя стасункі з універсітэтамі Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і Кувейта. — Усход, як вядома, — справа тонкая. У іх вельмі моцныя традыцыі і асаблівая нацыянальная культура. Наколькі цесным можа быць наша супрацоўніцтва з усходнімі краінамі і ў якіх кірунках яго лепш развіваць? — Пачынаць трэба, лічу, са сферы адукацыі і культуры, але пасля далучаць эканамічныя праекты. Кіплінг некалі сказаў: "Усход ёсць Усход. Захад ёсць Захад. Разам ім не сысціся". Аднак мы з вамі — не зусім заходнія людзі. Праз нашу традыцыйную культуру ў нас ёсць доступ да Усходу. Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Мы адзначаем дваццацігоддзе палітыкі ўсходняга вектара, — распавядае дырэктар Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага... |
|