Дар'я Домрачава: "Дзякуй, Беларусь!"
27.03.2012
—
Новости Общества
|
Рознакаляровыя букеты кветак і аркестр, шматлікія аўтографы і сціплыя твары дзяўчат. Нягледзячы на позні час, дзясяткі мінчан прыехалі ў Нацыянальны аэрапорт "Мінск" сустрэць жаночую зборную Беларусі па біятлоне. 25 сакавіка, 23.25. "Вена—Мінск" — рэйс, які ўжо загадзя чакалі беларускія заўзятары біятлона. На радзіму пасля доўгага, затратнага, але добрага сезона, вярталіся нашы біятлонныя "зорачкі" (Людміла Калінчык, Настасся Дубарэзава, Надзея Скардзіна) на чале з непаўторнай Дар'яй Домрачавай, чэмпіёнкай свету, уладальніцай двух Малых хрустальных глобусаў. Сустракалі спартсменак не толькі сваякі, але і моладзь, балельшчыкі, якія не спужаліся гэтага дзіўнаватага надвор'я, прыехалі, каб павіншаваць сваіх фаварытаў. Над галовамі плакаты накшталт "Мы табой ганарымся, чэмпіёнка!" альбо "Даша — ты №1", на тварах — шчырасць і ўсмешка. І ніякай незадаволенасці ад таго, што на гадзінку прыйшлося змяніць утульны ложак на вясновую прахалоду. Разам з усімі сваіх падапечных сустракаў і Андрыян Цыбульскі, галоўны трэнер зборнай, які разам з Клаўсам Зібертам на працягу сезона рыхтаваў дзяўчат да стартаў. — Вынікамі Дашы я задаволены, — кажа галоўны трэнер. — Вынікамі іншых дзяўчат — напалову. Парадавала прагрэсам Настасся Дубарэзава. Безумоўна, вялікі дзякуй Людзе Калінчык: нягледзячы на перапыненую летнюю падрыхтоўку, яна падтрымала каманду. На жаль, Надзя Скардзіна не выйшла на зададзены ўзровень. Але думаю, што да Алімпіяды справіцца. Журналістаў цікавілі не толькі вынікі. Нядаўна галоўны трэнер зборнай Расіі, у якой сезон не зусім атрымаўся, Вольфганг Піхлер нібы абвінаваціў Дар'ю Домрачаву ва ўжыванні допінгу. — На падобныя пасылы гэтых людзей я нават увагі не звяртаю. Лічу, што кожны трэнер сваю грунтоўнасць павінен даказваць у працы. А абвінавачваць кагосьці ў непрафесіяналізме — справа іншых людзей, але не трэнераў. Я магу паручыцца, што гэта галаслоўнае абвінавачванне. Яшчэ колькі хвілін — і з'явіліся дзяўчаты. Яны былі ўсцешаныя першым букетам, але, напэўна, не чакалі, якую авацыю ім зладзяць прыхільнікі. Дар'я шчыра ўсміхалася, у вачах — радасць. Яна і сапраўды заслужыла гэтых доўгіх чэргаў па аўтографы. "Гэты сезон — адзін з самых паспяховых у выступленнях нашых біятланістаў, — трымаў слова Вадзім Зайцаў, старшыня федэрацыі біятлона. — Дар'я Домрачава 16 разоў узыходзіла на п'едэстал. Я вельмі рады, што ў гісторыі суверэннай Беларусі ў нас ёсць чэмпіёнка свету. Мы ўпэўнены, што будучы сезон будзе яшчэ больш удалым для нашых спартсменак". — Насамрэч — вельмі цяжка знайсці падыходзячыя словы, перапаўняюць эмоцыі, — крыху дрыготкім голасам, трымаючы ружы, кажа прысутным Даша. — Хочацца аддзякаваць усім вам, дарагія балельшчыкі, за эмоцыі, за ўсмешкі, падтрымку, якую мы ўсе адчуваем за мяжой. Вельмі-вельмі прыемна, калі разумееш, што тваім перамогам радуецца ўся краіна. Дзякуй, Беларусь! Тарас ШЧЫРЫ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рознакаляровыя букеты кветак і аркестр, шматлікія аўтографы і сціплыя твары дзяўчат. Нягледзячы на позні час, дзясяткі мінчан прыехалі ў Нацыянальны аэрапорт...
|
|