Геапалітычны тыдзень вачыма палітолага. 21.by

Геапалітычны тыдзень вачыма палітолага

07.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На гэтым тыдні стала вядома, што неўзабаве паўстануць перад судом пяцёра абвінавачваных у тэрарыстычных актах 11 верасня 2001 года. Тэрарызм падлягае безумоўнаму асуджэнню. Але шэраг пытанняў да праваахоўнай сістэмы ЗША ўзнікае. Па-першае, многія з асуджаных утрымліваюцца ў зняволенні ўжо па 8—9 гадоў, а да суда справа дойдзе толькі зараз. Часам за забойствы даюць меншыя тэрміны, чым тэрміны, якія гэтыя абвінавачваныя ўжо адсядзелі без законнага судовага прыгавору. Па-другое, яны падвяргаліся катаванням (так, паводле дакументаў ЦРУ, аднаго з іх 183 разы падвяргалі працэдуры імітацыі ўтаплення). Такім чынам, судзіць абвінавачваных будуць на аснове прызнанняў, дадзеных пад катаваннямі, што недапушчальна з пункту гледжання сучаснага міжнароднага права, але цалкам упісваецца ў практыку часоў інквізіцыі падчас палявання на ведзьмаў. Па-трэцяе, утрымліваюцца падсудныя не на тэрыторыі ЗША, злачынствы ў якіх ім інкрымінуюцца, а на тэрыторыі амерыканскай ваеннай базы на Кубе, прытым супраць згоды суверэннага ўрада гэтай краіны, неабходнасць у чым таксама выглядае досыць сумніўна. Па-чацвёртае, судзіць абвінавачваных будуць ваенным судом — гэта значыць хутка і з мінімальнай магчымасцю абароны іх правоў. Зразумела, калі ваенным судом судзяць уласных салдат і афіцэраў, якія ўзялі на сябе абавязкі перад сваёй краінай і парушылі іх. Але прычым тут грамадзяне іншых краін?

2 красавіка свет адзначаў 30-годдзе з моманту пачатку вайны паміж Аргенцінай і Вялікабрытаніяй за Фалклендскія астравы. Вядома, цуду не адбылося і адна з наймагутнейшых ваенных сіл у свеце — брытанская ваенная машына — разбіла сціплую па сваіх магчымасцях аргенцінскую армію. У той жа час многія вядучыя палітыкі Аргенціны заклікаюць да аднаўлення справядлівасці — вяртання Аргенціне адрынутых ад яе тэрыторый. Сітуацыя асабліва абвастрылася, калі на астравах была знойдзена нафта, якую здабывае Вялікабрытанія і якая, вядома ж, патрэбна і Аргенціне. Трэба адзначыць, што краіны Паўднёвай Амерыкі дружна падтрымліваюць Аргенціну ў гэтым працяглым канфлікце.

Леташнія падзеі ў Лівіі, Егіпце і Тунісе скранулі з месца цэлую лавіну працэсаў дэстабілізацыі. Пакуль свет пільна сачыў за падзеямі ў Сірыі і Іране, у Афрыцы фактычна сфарміравалася новая непрызнаная дзяржава. Выкарыстаўшы апрабаваную ў Лівіі тэхналогію абвяшчэння новай улады на ўскраіне і пераход у наступленне на астатнюю тэрыторыю, паўстанцы-туарэгі прыбралі да рук значную частку тэрыторыі Малі і аб'явілі аб утварэнні новай дзяржавы Азавад. Ці ўдасца ёй дабіцца міжнароднага прызнання, яшчэ невядома. Але аб тым, што заходняя падтрымка падзей у Лівіі, Тунісе і Егіпце здольная дэстабілізаваць увесь рэгіён, эксперты-палітолагі сумленна папярэджвалі яшчэ летась.

Чарговы прэзідэнт краіны Еўрасаюза пакінуў са скандалам высокую пасаду. Нагадаем, 17 лютага свой пост быў вымушаны пакінуць прэзідэнт ФРГ Крысціян Вульф, адразу пасля чаго пракуратура Гановера афіцыйна пачала расследаванне абвінавачванняў у карупцыі, якія шырока абмяркоўваюцца ў прэсе. Цяпер прыйшла чарга прэзідэнта Венгрыі Пала Шміта, аўтарытэт якога моцна ўпаў пасля таго, як яго пазбавілі ступені доктара навук з-за абвінавачванняў у плагіяце. Каля 90% яго навуковых работ аказаліся ім запазычанымі.

Дастаткова цікавы законапраект збіраецца ўнесці ў парламент урад Вялікабрытаніі. У адпаведнасці з ім, плануецца істотна пашырыць паўнамоцтвы праваахоўных органаў па кантролі за выкарыстаннем грамадзянамі магчымасцяў інтэрнэту і камунікацыйных сетак. Спецслужбы і паліцыя змогуць цалкам легальна вывучаць, каму грамадзяне тэлефануюць, з кім вядуць перапіску па электроннай пошце і якія сайты наведваюць. Вялікабрытанія, знакамітая сваім заклікам да абароны прыватных свабод грамадзян, відаць, збіраецца радыкальна змяніць сваю пазіцыю. А што зробіш — такія часы: усё больш тэрарызму, антыдзяржаўных выступленняў, масавых беспарадкаў. Таму праваахоўным органам лепш займацца прафілактыкай падобных цяжкіх злачынстваў, чым ліквідацыяй наступстваў.

У Цэнтральнай Азіі разгараецца канфлікт паміж Узбекістанам і Таджыкістанам. Найбуйнейшыя прамысловыя прадпрыемствы Таджыкістана спынены, паколькі Узбекістан адмаўляецца пастаўляць прыродны газ таджыкскім спажыўцам у ранейшых аб'ёмах. Палітолагі бачаць адной з асноўных прычын такога кроку ўзбекскага боку ўзвядзенне ў Таджыкістане Рагунскай ГЭС, якая, на думку Ташкента, пазбавіць Узбекістан часткі дэфіцытнай вады для арашэння ворных зямель.

5 красавіка адбылася 41-я сесія Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы. Нягледзячы на плёткі, якія хадзілі ў 2009—2010 гг., аб смерці Саюзнай дзяржавы, яна аказалася вельмі нават жывой і запатрабаванай. Знамянальнасць сесіі і ў тым, што яна праводзілася пасля парламенцкіх выбараў у Расіі, што запатрабавала правесці ратацыю кіраўніцтва. На сесіі Спікер Дзяржаўнай думы РФ Сяргей Нарышкін быў выбраны старшынёй Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Новы старшыня адзначыў, што Саюзная дзяржава з'яўляецца лакаматывам інтэграцыйных працэсаў на ўсёй постсавецкай прасторы. Яго першым намеснікам стаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка. Былі таксама выбраны новыя кіраўнікі ў трох з васьмі пастаянных камісій Парламенцкага сходу.

Сяргей КІЗІМА, загадчык кафедры міжнародных адносін

Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь,

доктар палітычных навук.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На гэтым тыдні стала вядома, што неўзабаве паўстануць перад судом пяцёра абвінавачваных у тэрарыстычных актах 11 верасня 2001 года. Тэрарызм падлягае безумоўнаму...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика