"Пакуль жыве, любімая "Звязда", І мова Беларусаў будзе жыць!"
26.04.2012
—
Новости Общества
|
...Заблудзіцца ў малазнаёмым горадзе — гэта як піць даць. Парушыць правілы дарожнага руху... таксама. Шчасце, што даішнікаў побач не было — прыйшлося самім папярэдзіць кіроўцу, што прыйдзецца яму... выпісаць "Звязду". Прычым тут адно да другога? Ды гадоў колькі таму ў ваколіцах Навагрудка гумарыста аднаго сустрэлі — у форме даішніка. Да слова прыйшлося: падзяліліся з ім набалелым — клопатам пра мову, пра тыраж газеты... Ён у адказ: "Людцы, ды каб большай бяды ў вас не было! Гэтую ж — я адной правай... На шашу зараз выйду, а там хто не прышпілены, хто без аптэчкі, хто з перавышэннем хуткасці... Дык я ўсіх на ўзбочыну і адразу ж умову: "Альбо штраф, брат, плаці, альбо на "Звязду" падпісвайся..." Што яму выгадней? То-та! Вось тыраж і падымем. Будзе — як некалі ў "Правды"! Гэтага, ну вядома ж, хацелася б. Аднак... Аднак (пры ўсёй павазе да новых, нечаканых, крэатыўных, як цяпер кажуць, захадаў) вось гэты мы не прынялі. А таму — па-ранейшаму ездзім па гарадах і вёсках нашай краіны, па-ранейшаму расказваем пра 95-гадовую (без малога) гісторыю газеты, пра яе калектыў, збіраем прапановы і, вядома ж, кампліменты, разыгрываем і ўручаем прызы. У Навагрудак, прынамсі, везлі электрапрас і кухонную машыну, якія выйгралі Людміла Яўгенаўна Бахар і Алена Юльянаўна Комар. Абедзвюх падпісчыц запрашалі на сустрэчу, але ж пабачыліся толькі з адной і то, можна сказаць, мімаходзь. Людміла Яўгенаўна працуе выхавацелькай у дзіцячым садку, да справы, па ўсім відаць, ставіцца адказна, а таму раз-пораз пазірала на гадзіннік: "Трэба бегчы... Зараз дзеткі прачнуцца". Усяго і расказала, што выпісвае "Звязду" гадоў 15 — з лёгкай рукі суседкі Ганны Георгіеўны. Тая, маўляў, ледзь размова некалі зойдзе (ды хоць пра што — пра надвор'е, пра здароўе, пра гарод), яна тут як тут: "А вось "Звязда" пісала"... Вельмі ж любіла газету — і за мову нашу, і за змест. "Паспрабавала і я падпісацца, — узгадвала Людміла Яўгенаўна, — спадабалася, чытаю... Суседкі (светлай памяці!) ужо даўно на свеце няма, а я яе ўспамінаю. Бо мне ж яшчэ і на прызы са "Звяздой" шанцуе. Летась тэлевізар дастаўся, сёлета — электрапрас. Так што мяняць газету я не збіраюся". Дзякуючы ёй, магчыма, наша падпісчыца помніць родную мову, вельмі хораша размаўляе. Не маглі не спытаць, як жа з беларускай у яе гадаванцаў, у дзетак? — У нас лагапедычная група, — адказала Людміла Геогіеўна. — Ёсць малыя, з якімі трэба вельмі многа займацца і, пажадана, на адной мове. Беларуская лагапедыя як след не распрацавана. Ды і бацькі ў большасці выбіраюць рускую... Але ж зала (на гэты раз актавая, у нядаўна адрамантаванай музычнай школе) цудоўна разумела і нашу — беларускую! А ўжо калі гучалі вершы... Ды потым байкі з рубрыкі "...Народ на провадзе!", даходзіла ледзь не да слёз! Апроч таго, прысутныя ахвотна адказвалі на пытанні віктарыны, разам з мастаком Аляксандрам Каршакевічам узгадвалі гераічнае мінулае часопіса "Вожык". Лес рук быў на пытанне: "Хто хацеў бы папазіраваць і потым атрымаць сяброўскі шарж?". Знайшліся, варта сказаць, і ахвотныя аформіць падпіску. Прыклад у гэтым паказала намеснік старшыні райвыканкама Алена Яўгенаўна Ермакова ("Раней не выпісвала, — прызналася, — але ж цяпер, раз прыехалі, паспрабую..."). Спрабавалі і іншыя. Быў стымул: у канцы сустрэчы сярод падпісчыкаў разыгрываліся прызы. На электрачайнік пашчасціла... Алене Яўгенаўне, на электрафен — спадарыні Калола. На вельмі добрай беларускай мове яна сказала, што працуе бухгалтарам на мясцовым хлебазаводзе, што вельмі любіць чытаць творы беларускіх класікаў... Самы буйны з прызоў (кухонную машыну) атрымала спадарыня Кічкайла. Раней нашу газету яна таксама не выпісвала — прынамсі, сабе... А вось іншым... Наталля Іванаўна працуе аператарам паштовай сувязі — кантралюе дастаўку газет, шмат афармляе падпіскі... Трэба сказаць, што на Навагрудчыне "Звязда" досыць папулярная — больш за семсот пастаянных чытачоў. Да іх, хочацца верыць, далучацца і тыя, хто падпісаўся падчас прэзентацыі, бо добрыя словы пра выданне гаварылі не толькі мы, але і старшыня райвыканкама Анатоль Мечыслававіч Маркевіч, ідэолаг Іван Сяргеевіч Грынь, былая настаўніца Любчанскай школы Ларыса Міхайлаўна Грынюк... Усім прысутным мы пакінулі на ўспамін звяздоўскія календары, многім — выйграныя ў віктарыне фірменныя нататнікі, ручкі... Магчыма, яшчэ і яны абудзяць цікавасць да газеты, якая досыць часта піша пра жыццё Навагрудчыны, яе людзей. У тым, што яны таго вартыя, — сумненняў ніякіх! Прынамсі, звяздоўскі прыз (у выглядзе кухоннай машыны) выйграла Алена Юльянаўна Комар з вёскі Вялікія Вераб'евічы. Мы, на жаль, туды не даехалі, а вось пошта... Ужо назаўтра (за што ёй асобны дзякуй!) прыз быў і дастаўлены, і ўручаны. Адно — распытваць атрымальніцу прыйшлося па тэлефоне. Алена Юльянаўна распавяла, што працавала настаўніцай малодшых класаў, што выгадавала двух сыноў. Адзін 32 гады кіраваў будаўніча-мантажным упраўленнем у Навагрудку, другі жыве далекавата — у Вілейцы. Той бывае радзей. Трое ўнукаў у бабулі, адна ўнучка. Двое старэйшых ужо атрымалі вышэйшую адукацыю, двое малодшых — яшчэ студэнты. Прыязджаюць. "І каб з пустымі рукамі — Божа барані, — ганарылася бабуля. — Прысмакі розныя вязуць, падарункі. Дык і я ж ім дапамагчы хачу. Раней карову трымала, свіней... Што з лесу, што з гароду... Болей розных прысмакаў было. А цяпер толькі куры ў гаспадарцы ды гарод. Усё вырошчваю, бульбу саджу, пенсію атрымліваю — працую, пакуль магу". Гэта, згадзіцеся, па-нашаму — працаваць, дапамагаць, нікога не абцяжарваць... І, што называецца, заставацца "ў курсе". Каля 40 гадоў (усіх ёй 82) Алена Юльянаўна выпісвае "Звязду". Паважае за тое, што газета "вельмі блізкая, душэўная, што беларуская, што клапоціцца, каб людзі былі здаровымі, што весяліць, дапамагае парадамі, што многа піша пра школу". ...Гэтая — музычная — у сценах якой ладзілася сустрэча, уражвала цеплынёй прыёму, інтэр'ерам, якасным рамонтам. Усе работы, як патлумачыла дырэктар установы Людміла Іванаўна Аніскіна, выконвала прыватная фірма. Дырэктар яе Ігар Станіслававіч Ціс сам запрашаў дызайнера. Бо гэта ж для дзетак, ды яшчэ і адораных. — Нягледзячы на тое, што цяпер час камп'ютараў, дзеці захапляюцца музыкай, з задавальненнем ходзяць у нашу школу, — гаварыла Людміла Іванаўна. — Ёсць мастацкае аддзяленне, харавое, інструментальнае. А для таго, каб і вясковыя дзеці маглі развіваць свае здольнасці, адкрыты нашы класы ў ваколіцах, у аграгарадках. Нашы выкладчыкі ездзяць туды, праводзяць урокі. Усяго займаецца больш за чатырыста дзяцей. Здольных вельмі шмат!.. У рэпертуарах ёсць, вядома ж, беларускія народныя песні, творы беларускіх кампазітараў. Вывучаем беларускую музычную літаратуру, робім літаратурна-музычныя кампазіцыі для школ. Дзеці павінны любіць і ведаць сваё. У тым ліку мову! ...Гэты "рэпартаж з колаў" быў амаль дапісаны, калі ў рэдакцыю завіталі дачка і ўнучка яшчэ адной нашай адданай падпісчыцы — Веры Ягораўны Кнігі: прыехалі забраць прыз. Што, магчыма, цікава, не з пустымі рукамі: прывезлі... верш. Апошнія радкі: "Пакуль жыве, любімая "Звязда", <І>І мова беларусаў будзе жыць!" Вось якія вялікія надзеі ўскладаюцца на нас. І на вас. Валянціна Доўнар. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Заблудзіцца ў малазнаёмым горадзе — гэта як піць даць. Парушыць правілы дарожнага руху... таксама. Шчасце, што даішнікаў побач не было — прыйшлося самім...
|
|