Як я "бамбіў" на Нарачы
12.05.2012
—
Новости Общества
|
Журналіст мяняе прафесію Пра тое, што таксісты зарабляюць добра, я чуў не раз. Днямі вырашыў правесці невялічкі эксперымент і праверыць, ці праўда гэта. А паколькі жыву ў курортным пасёлку Нарач, то і месца для пацвярджэння або абвяржэння тэзісу "бамбілы рубяць бабло" шукаць не прыйшлося: на выхадных у нас людна, таму і кліенты, мабыць, знойдуцца. Для эксперымента выбраў суботу: на працу не трэба, ды й, калі цёпла, у суботу пасёлак значна прырастае народам. Дужа рана ехаць не хацелася, ды й ці быў сэнс: адпачывальнікі са здраўніц "выпаўзаюць" у гадзін 10-11. "Дзікуны" падцягваюцца яшчэ пазней. Пасля дзесяці я надзеў майку і джынсы — менавіта ў такім убранні часцей за ўсё сустракаў таксістаў — з надзеяй, што не атрымаю ў нос ад сапраўдных "бамбіл", сеў на свой старэнькі "Сеат" і паехаў у цэнтр пасёлка. "Калег", на маё шчасце, не было. Хоць у суботу, асабліва вечарам, там пастаянна "дзяжураць" некалькі таксістаў. Вядома, ніхто, акрамя мяне самога, не ведаў, чаго я стаю ў цэнтры. Таму стаяць і чакаць, што нехта падыдзе і папросіць "падкінуць", было б глупствам. Я выйшаў з салона і стаў прыглядацца да магчымых кліентаў. Адпачывальнікаў, якія звычайна ідуць з валізамі з аўтобуснага прыпынку да санаторыя праз цэнтр, таксама не было. "Капут", думаю, майму расследаванню... І вось праз паўгадзіны чакання "на гарызонце" з'явілася пара немаладых людзей. Па надпісах на спартыўных касцюмах "Russіа", зразумеў, адкуль яны. Старыя круцілі галовамі ў розныя бакі і нібы нешта шукалі. — Таксі не трэба? — упэўненым голасам спытаў я. — Трэба. Але ж яго няма! — адказалі незнаёмцы. — Як няма? Ёсць! Куды трэба? — У Мядзел, на кірмаш! — Сядайце, завязу! — А вы хто, таксіст? — Таксіст, таксіст. Проста мой службовы аўтамабіль сапсаваўся. Даводзіцца на сваім працаваць. — Колькі возьмеце? — хітравата прыжмурыўся дзядок. — З вас няшмат. Узрост паважаем, — выпаліў я. І сам здзівіўся: адкуль гэта я такі слэнг ведаю? Можа, ува мне сапраўдны таксіст памёр, а? Апошняе дзедава пытанне крыху паставіла мяне ў тупік: я ж не думаў, колькі за працу буду браць. Каб не выглядаць непрафесіяналам, я хуценька "спруціўся" і назваў наўздагад лічбу: "Шэсцьдзесят тысяч зайцоў. Паедзем?" Дзед кіўнуў галавою, а бабка палезла ў сумачку за кашальком! Як толькі ўселіся, я, як сапраўдны таксіст, уключыў загадзя загатаваны дыск Стаса Міхайлава. Чаму менавіта яго? Мне здаецца, што ў большасці таксістаў у салоне толькі два дыскі: Міхайлава і Круга. — Цярпець Міхайлава не магу, — скруціла міну бабуля. А яшчэ самы высокааплатны расійскі артыст. Ад яго песень задавіцца хочацца, — бурчэла пажылая жанчына. Дзед маўчаў. Магчыма патаемны прыхільнік расійскага шансанье, але, ведаючы густ жонкі, гэтага не паказвае. Каб не раздражняць пажылую асобу, уключыў радыё. Бабуля змянілася ў твары. Тут і дзядок падаў голас: — Апошнія гады ў вас шмат што змянілася... — У якім сэнсе? — Маю на ўвазе тут, у вас, у Беларусі! Мы з Санкт-Пецярбурга і ўжо шосты год прыязджаем сюды. Ведаеце, у нас гэта як рытуал: вясна прыходзіць, купляем пуцёўку на Нарач. Раней у вас было лепш, усё таннае. І адпачынак, і прадукты ў магазіне. А ў мінулым годзе ўсё скаканула, цэны сталі, як у нас. Сёлета думалі не ехаць, бо дорага. Але і традыцыю парушаць не хочам, палюбілі тутэйшыя мясціны... — Ну ў вас жа і заробкі вышэйшыя... — Вышэйшыя. Але камуналка — даражэйшая за вашу, лекі — таксама. У бальніцу пойдзеш — трэба даць "на лапу"; каб унукі вучыліся ў лепшай школе — нам з дзедам трэба пенсіі абедзве аддаць, і тое не хопіць. Нейкую "задрыпаную" даведку атрымаць — здзяруць не па-людску. Карацей — куды ні плюнь, усім і за ўсё трэба плаціць. Грошы цякуць, як вада... — Усюды ёсць такое, — захацелася мне змяніць тэму. Між тым мы пад'ехалі да кірмашу. Пасажыры паабяцалі мне 50 зверху, калі іх пачакаю паўгадзіны. Я нікуды не спяшаўся, таму згадзіўся. Расіяне вярнуліся праз хвілін дваццаць пяць. Напэўна, думалі, што за пратэрмінаваны час здзяру ўвая больш. У руках у іх былі скрынкі з-пад абутку "Белвест". — Вось прыглядзелі сабе чаравікі. На нашыя грошы, каштуюць прымальна. Прадавец сказаў, што абутак яшчэ па старой цане. Таму і ўзялі дзве пары, — не без гонару заявілі мае новыя знаёмыя. Па дарозе назад гаварыў у асноўным я. Расказваў пра Нарачанскі край, возера Нарач, раіў наведаць Будслаўскі касцёл Божай маці, казаў пра Нарачанскую праграму. Пасажыры ўважліва слухалі, а ў канцы спыталі: ці добра мне тут жывецца? — Па-рознаму. Як і ўсюды... ...Пад'язджаючы да месца ранейшай дыслакацыі, убачыў жанчыну з чамаданамі. Брунэтка некуды шпарка крочыла. Было відаць, што чамаданы цяжкія. Таму я з аднаго позірку запісаў яе ў патэнцыйныя кліенты. Прытармазіў. І, апусціўшы шыбу, прапанаваў падвезці куды трэба. Жанчына насцярожана паглядзела на мяне і пахітала галавой "не". Відаць, толькі прыехала і садзіцца ў незнаёмую машыну без апазнавальных знакаў тыпу "шашачак" пабаялася. Старыя, вылазячы, падзякавалі і пажадалі ўдалага дня. У тым сэнсе, каб было больш кліентаў. Натхнёны ўдалым пачаткам, я застаўся далей лавіць "здабычу". Пакуль быў час, я стаў прыкідваць: дарога і чаканне маіх першых кліентаў занялі крыху больш за гадзіну. За гэты час я зарабіў сто дзесяць тысяч. Калі б я быў сапраўдным таксістам, з гэтай сумы заплаціў бы падаткі. Яшчэ трэба адняць кошт паліва і грошы за амартызацыю машыны. Не ведаю дакладна, колькі б засталося "чыстымі", але, думаю, у любым выпадку, быў бы ў плюсе. Стоячы ля машыны, выпадкова (у журналістаў так заўсёды атрымліваецца :)), падслухаў размову дзяўчат, гадоў дваццаці пяці. Яны збіраліся ісці ў санаторную кавярню, да якой было кіламетраў пяць. Я прапанаваў пад'ехаць за пятнаццаць тысяч. Дзяўчаты згадзіліся! Даведаўся, што яны прыехалі з Мінска. Сяброўкі. На Нарачы ўпершыню. Адпачываюць у санаторыі. Не ўсё ім падабаецца: сэрвіс у крамах, па іх слушнай заўвазе, мог быць лепшым. Машыны па пасёлку маглі б так хутка не ездзіць. Ды й наогул — не хапае пешаходных зон. Напярэдадні, у пятніцу, мінчанкі хадзілі на дыскатэку "Вега", што нядаўна адчынілася ў трохзоркавым гатэлі "Нарач". Там ім спадабалася: не горш, чым у сталічных клубах. Цана білета — прымальная. І што асабліва парадавала маіх спадарожніц — на дыскатэцы не было "быдла" (выраз захаваны ў арыгінале). Дзяўчаты спыталі, дзе яшчэ можна "патусіць". Назваў ім некалькі нядрэнных месцаў. Паабяцалі пабываць усюды. Вярнуўся назад хутка. І вось ужо першы сапраўдны таксіст стаяў на звычайным месцы. Зыходзячы з этычных меркаванняў і з мэтай захавання свайго здароўя, вырашыў закончыць эксперымент. Такім чынам, за дзве гадзіны, калі я быў "таксістам", асабліва не напружваючыся, зарабіў сто дваццаць пяць тысяч. Ці добра зарабляюць "бамбілы"? Мяркуйце самі. Аляксандр СЯНЮЦЬ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра тое, што таксісты зарабляюць добра, я чуў не раз. Днямі вырашыў правесці невялічкі эксперымент і праверыць, ці праўда гэта. А паколькі жыву ў курортным пасёлку...
|
|