Пешаходная вуліца — адзін з сімвалаў горада. 21.by

Пешаходная вуліца — адзін з сімвалаў горада

12.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Якой хацелі б яе бачыць самі мінчане і госці сталіцы?

...Сыходжу з тратуара на праезную частку і іду пасярод дарогі. З асцярогай, бо ніхто з мінакоў маю ініцыятыву не падзяляе, толькі глядзяць, нібы на дзівачку, а тут яшчэ і машына на гарызонце вымалёўваецца. Пайду лепей, як усе. Ясна, сталічная вуліца Карла Маркса пакуль яшчэ не стала пешаходнай.

Мне насустрач — групка дзяўчат-падлеткаў, якія толькі што выйшлі з кавярні:

— Не, пайшлі лепей у "Макдак". Знайшла дзе есці такое дарагое марозіва!

Дружна накіроўваюцца ў бок праспекта, каб нарэшце ажыццявіць крыху скарэктаваныя рэчаіснасцю планы. Неабходнасць высветліць, чаго яшчэ не хапае патэнцыйнай пешаходнай сталічнай вуліцы Карла Маркса, каб цалкам адпавядаць гэтаму статусу, і стала мэтай майго шпацыру.

Для пачатку крыху фактычных звестак. У цэнтры горада Мінска няма ніводнай вуліцы, якая б па сваім прызначэнні нагадвала маскоўскі Арбат ці хоць бы добра вядомую многім беларусам вуліцу Савецкую ў Брэсце. Гарадскія ўлады імкнуцца такую сітуацыю выправіць. Мэр сталіцы Мікалай Ладуцька яшчэ летась гаварыў пра гэта: "Да канца 2013 года, перад чэмпіянатам свету па хакеі, вуліцы Карла Маркса і Камсамольская ў Мінску павінны стаць пешаходнымі". На нядаўняй нарадзе ў мэрыі зноў закранулі гэтае пытанне. Каб прывучыць мінчан да навінкі, для вуліцы Карла Маркса прапанавалі своеасаблівы "тэставы рэжым" у якасці пешаходнай. Мэр адзначыў, што "па суботах-нядзелях вуліца павінна стаць пешаходнай, пачынаючы прыкладна з 9 мая", удакладніўшы, што такая схема — сезонная, будзе працаваць у маі—жніўні.

Цікава, як мінчукі паставяцца да такой ідэі? Ці зможа вуліца стаць любімым месцам прагулак для гараджан і гасцей? З такімі пытаннямі я наважылася звярнуцца да тых, хто бавіў час на пакуль яшчэ не пешаходнай вуліцы Карла Маркса. Спачатку не надта шанцавала на цікавых субяседнікаў. Самымі папулярнымі адказамі на пытанне, чаго не хапае будучай пешаходнай вуліцы, былі фразы кшталту: "Ну не ведаю!", "А навошта гэта?", "Я ўвогуле на Нямізе тусуюся і сюды не пайду!", але нарэшце ўдача мне ўсміхнулася. Наталля Мікалаеўна, як назвала сябе мая суразмоўца, працуе перакладчыкам у прыватнай фірме.

— Пешаходная вуліца — гэта, безумоўна, цудоўная задумка. — Думаю, гораду гэта надасць асаблівы шарм, з'явіцца яшчэ адно месца, з якім будуць асацыяваць Мінск. Але проста так узяць і аб'явіць, што цяпер ходзім пешшу там, дзе раней ездзілі машыны, думаю, нельга. Хочацца, каб пад нагамі быў не асфальт, а прыгожая брукаванка. Калісьці я ездзіла ў Брусэль, узяць хоць бы іх пешаходную вуліцу Бушэ, якая мне вельмі спадабалася. Яна вузенькая, брук пад нагамі стары, але гэта так прыгожа. І вельмі спрыяе жаданню сцішыць хаду, затрымацца, правесці на гэтай вуліцы крыху больш часу, чым на астатніх.

Кірыл Шымчык і Насця Калесніковіч, наступныя "ахвяры" эксперымента, аказаліся студэнтамі з Брэста, якія на Дзень Перамогі прыехалі ў госці да сяброў. Меркаванне людзей з горада, дзе ўжо ёсць пешаходная вуліца, падалося цікавым:

— Што, гэтая вуліца будзе пешаходнай? У прынцыпе, архітэктура тут прыгожая, атмасфера для прагулак добрая атрымаецца. А чаго не хапае? Так, кавярні тут ёсць, праўда, дарагія пераважна. Што яшчэ? — задумаўся Кірыл.

— О, сімвала якога-небудзь тут не хапае, — працягнула размову Насця. — Каб быў адметнасцю, запамінаўся. Напрыклад, скульптура нейкая, ці як у нашым Брэсце: ліхтаршчыкі, да гузіка якога трэба дакрануцца, каб пашанцавала.

Пажадаўшы Насці і Кірылу найлепшых уражанняў ад прагулкі, кіруюся да дзяўчыны, што ў адзіноце сядзіць за столікам на летняй тэрасе кавярні:

— Пешаходнай вуліцы, каб можна было цэлы вечар гуляць па ёй і не сумаваць, патрэбен асаблівы стыль, — падзялілася Марыя Савелка, якая аказалася архітэктарам-дызайнерам. — А стыль стварае не толькі антураж, але і публіка, якую можна сустрэць. Думаю, на мінскай пешаходнай вуліцы не лішнім будзе адчыніць пабольш галерэй і "атмасферных" кавярняў, тыпу "Грунвальда" ці " Кальяннай №1", але больш дэмакратычных у плане кошту, каб і моладзі туды можна было схадзіць. Такія месцы, куды людзі наведваюцца не столькі паесці, колькі проста паразмаўляць і прыемна правесці час ці абмеркаваць новы творчы праект — гэта тое, што трэба, каб найхутчэй перавесці вуліцу Карла Маркса ў лік пешаходных.

Вось такі атрымаўся шпацыр. Прывяла, зразумела, самыя цікавыя пажаданні наконт таго, што павінна быць на сталічнай пешаходнай вуліцы. Многія ж з апытаных выказвалі жаданне пабачыць на Карла Маркса рэчы досыць простыя і зразумелыя: альтанкі, лаўкі, фантаны, кіёскі з марозівам і сувенірамі і кірмаш народных рамёстваў. Што з ўсяго вышэйпералічанага ўвасобяць на будучай пешаходнай вуліцы, яшчэ пабачым.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

Фота аўтара і з інтэрнэту.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якой хацелі б яе бачыць самі мінчане і госці сталіцы? ...Сыходжу з тратуара на праезную частку і іду пасярод дарогі. З асцярогай, бо ніхто з мінакоў маю ініцыятыву не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика