Лекі — не тавар, а аптэка — не крама. 21.by

Лекі — не тавар, а аптэка — не крама

12.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларусаў спрабуюць пераканаць у шкоднасці самалячэння

Праблемы безрэцэптурнага водпуску лекаў, асаблівасці прасоўвання лекавых сродкаў і нюансы беларускага рэкламнага заканадаўства аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў трэцяга бізнэс-форуму "Фармацэўтычны бізнэс Беларусі", арганізаванага цэнтрам стратэгічнага развіцця "Маркетынгавыя сістэмы".

Як паведамлялася раней, з 1 ліпеня Міністэрства аховы здароўя збіраецца наладзіць жорсткі кантроль за продажам у аптэках лекаў без рэцэпту. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння міністэрства Алы ДАЛГОЛІКАВАЙ, у Беларусі дзейнічае эфектыўная сістэма фармакалагічнага нагляду, даныя якога сведчаць, што бескантрольнае спажыванне лекавых сродкаў цягне за сабой шмат негатыўных працэсаў:

— Так, я вымушана прызнаць, што наша міністэрства крыху аслабіла ў апошнія гады кантроль за выкананнем дзейнага заканадаўства. Гэта праявілася ў тым ліку і ў злоўжываннях, што тычыліся прызначэнняў медыцынскімі работнікамі асобных гандлёвых найменняў лекаў, якія заахвочваліся фармацэўтычнымі кампаніямі. Прычым прызначэнні гэтыя далёка не заўсёды афармляліся на рэцэптурных бланках... Прызначэнні маглі выпісвацца або на рэкламным бланку нейкай фармацэўтычнай фірмы, або на звычайным лістку паперы. Фармакалагічная дапамога была пастаўлена на камерцыйную аснову: галоўным стала — прадаць, а не дапамагчы. Таму Міністэрства аховы здароўя і стала думаць, як выправіць гэту сітуацыю...

"Між іншым, у Беларусі няма пераліку рэцэптурных лекавых сродкаў, — папраўляе журналістаў Ала Далголікава, — а існуе толькі пералік лекавых сродкаў, якія адпускаюцца без рэцэпта ўрача. Гэты пералік пастаянна пераглядаецца Міністэрствам аховы здароўя, паколькі арсенал лекавых сродкаў з высокім профілем бяспекі, якія падыходзяць для прафілактыкі і самалячэння, у свеце пастаянна расце".

Для безрэцэптурных прэпаратаў характэрныя наступныя ўласцівасці: даказаны профіль бяспекі і слабыя або рэдкія пабочныя эфекты пры яго прымяненні. Калі прэпарат дазволены да безрэцэптурнага водпуску, значыць, яго ўласцівасці добра вывучаны і назапашаны вялікі досвед па яго самастойным прымяненні. А рэцэптурныя прэпараты, наадварот, могуць аказваць негатыўны ўплыў на здароўе пацыента нават пры захаванні інструкцыі па іх прымяненні. Гэта можа быць абумоўлена таксічнасцю прэпарата, яго ўзаемадзеяннем з іншымі лекамі, а таксама пабочнымі рэакцыямі, якія ён выклікае. Таксама пагрозу для здароўя можа ўяўляць маскіроўка сімптомаў сур'ёзнага захворвання ў выніку прыёму прэпарата, што значна ўскладняе своечасовае вызначэнне правільнага дыягназу. Непрамой пагрозай можа быць і развіццё ўстойлівасці да прэпарата ў выніку яго бескантрольнага прымянення, як гэта адбылося, напрыклад, з антыбіётыкамі.

Ужо вядома, што ў новы безрэцэптурны пералік не ўвайшоў ніводзін з распаўсюджаных сярод гіпертонікаў лекавых прэпаратаў.

— Гіпертанія — гэта сур'ёзнае захворванне, якое немагчыма вылечыць і якое можна толькі кантраляваць, каб не пацярпелі сэрца і мозг, — аргументуе рашэнне галоўнага медыцынскага ведамства Ала Далголікава. — Гэта не той выпадак, каб займацца самалячэннем. З іншага боку, паколькі размова ідзе пра пажыццёвае захворванне, то і падыход да выпіскі лекаў тут будзе зусім іншым. Хранічным хворым давядзецца звяртацца да ўрачоў толькі раз на шэсць месяцаў, каб забяспечыць сябе лекамі на бліжэйшыя паўгода. Хоць многія ўрачы лічаць, што людзі, якія церпяць ад хранічных захворванняў, усё ж такі павінны звяртацца да спецыялістаў хоць бы раз на тры месяцы. У найбольшай ступені гэта тычыцца пацыентаў з сардэчнымі захворваннямі...

Не рэвалюцыя, а эвалюцыя

Трэба нагадаць, што першая спроба спыніць свабодны продаж у аптэках лекаў, якія не ўваходзяць у безрэцэптурны пералік, рабілася летам мінулага года, аднак з-за хвалі абурэння з боку пацыентаў галоўнае медыцынскае ведамства было вымушана адкласці рэалізацыю сваёй задумы на больш позні тэрмін. Цяпер, як спадзяюцца ў Міністэрстве аховы здароўя, у іх усё атрымаецца. Аднак аптымізм прадстаўнікоў міністэрства падзяляюць далёка не ўсе.

— Насельніцтва Беларусі сёння — адно з самых старых у свеце. Па сусветных нормах, калі 7 працэнтаў жыхароў краіны складаюць людзі ва ўзросце старэй за 65 гадоў, яе насельніцтва лічыцца старым, — прыводзіць свае аргументы старшыня Фармацэўтычнай асацыяцыі Рэспублікі Беларусь Валерый ЛЕКТАРАЎ. — А ў нас гэты ўзрост перасягнулі ўжо больш як 14 працэнтаў жыхароў. Між іншым, немаладыя людзі пастаянна хварэюць. Толькі падумайце: на кожнага жыхара Беларусі прыпадае 14,4 наведвання паліклінік штогод! Мы — сусветныя лідары па гэтым паказчыку. Калі ў 90-х гадах я ўзначальваў абласное ўпраўленне аховы здароўя, колькасць наведванняў паліклінік вагалася ў нас ад 9,5 да 10. І мы ўжо ў тыя часы хапаліся за галаву. На жаль, насельніцтва краіны не маладзее, і паліклінікі з патокам пацыентаў не спраўляюцца. Да таго ж і кадраў у амбулаторна-паліклінічным звяне хранічна не хапае.

Калі летась у аптэчных установах хворым людзям адмаўлялі ў продажы лекаў, якія тыя за шмат гадоў прызвычаіліся набываць без рэцэпту, колькі крыўдных слоў давялося пачуць на свой адрас работнікам аптэк. А колькі яшчэ давядзецца пачуць, бо ўвесь негатыў выплюхнецца менавіта на іх... Кантроль з боку міністэрства быў аслаблены шмат гадоў таму, і чалавеку сёння цяжка зразумець, чаму 15 гадоў ён набываў тое ці іншае лякарства без рэцэпта, а цяпер яму гэты прэпарат не адпускаюць. Летась ніхто не палічыў патрэбным загадзя растлумачыць насельніцтву сэнс такіх непапулярных захадаў. Але што змянілася за прайшоўшы год? З уласнага досведу магу сказаць, што ўрачы-хірургі ведаюць максімум 5—7 рэцэптурных прэпаратаў, тэрапеўты крыху больш — да 15. І ў першых, і ў другіх ёсць праблемы з латынню. Таму лічу, што трэба праводзіць пастаяннае навучанне ўрачоў.

У Еўропе строга захоўваюць парадак рэцэптурнага водпуску бо там рэцэпт з'яўляецца ў першую чаргу фінансавым дакументам, па якім страхавыя кампаніі кампенсуюць хворым частку сродкаў, выдаткаваных на лекі.

Таму я прапаную эвалюцыйны падыход да рашэння шматгадовай праблемы. Па-першае, трэба адкласці выкананне пастановы Міністэрства аховы здароўя №29 яшчэ на год. А паэтапны пераход на строгі рэцэптурны водпуск лекаў можна было б распачаць з антыбіётыкаў.

Трэба дадаць, што гучалі падчас бізнэс-форуму і іншыя асцярогі: калі доктар павінен выпісаць рэцэпт, ён яго, вядома, выпіша, а вось што яму выпісваць, падкажа Міністэрства аховы здароўя. Усе хвалююцца, што прэферэнцыі будуць мець беларускія лекі. Прасцей кажучы, калі ў Беларусі выпускаецца аналаг арыгінальнага замежнага прэпарата, то менавіта ён і будзе занатаваны ў рэцэпце.

Рэклама і самалячэнне

Загадчык Рэспубліканскай клініка-фармакалагічнай лабараторыі Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Дзмітрый РАЖДЗЕСТВЕНСКІ таксама падзяліўся сваім поглядам на праблему свабоднага водпуску лекаў:

— Трэба зразумець, што лекі — гэта не тавар. Абсалютна любое лякарства мае супрацьпаказанні і абмежаванні па прымяненні. Увогуле любыя лекі — гэта яд, уся справа толькі ў дозе... Менавіта таму ў шэрагу краін распаўсюджваць інфармацыю аб лекавых сродках дазваляецца толькі сярод спецыялістаў. Там ніхто не дапускае нават думкі, што вы можаце проста прыйсці ў аптэку і інстынктыўна набыць сабе тое ці іншае лякарства. Мяркуецца, што вы павінны пракансультавацца сама меней з правізарам. А ў нас людзей з вышэйшай фармацэўтычнай адукацыяй ператварылі фактычна ў прадаўцоў. Наведнікі аптэк прыходзяць і тыкаюць пальцам у вітрыну: маўляў, хачу тое ці тое. І нават калі вы пакутуеце ад галаўнога болю, не спяшайцеся самі сябе лячыць, паколькі галаўны боль можа быць не толькі лёгкім недамаганнем. Ён можа быць і сімптомам менінгіту, і прадвеснікам інсульту, а тут, прабачце, парацэтамол не дапаможа. Работнікі аптэк, як правіла, ведаюць усе асноўныя сігналы, якія дазваляюць вызначыць, ці дапаможа вам безрэцэптурны прэпарат, або вам трэба як мага хутчэй звярнуцца да ўрача.

Дарэчы, не выключана, што менавіта дзякуючы вялікай "рэкламнай хвалі" ў Беларусі так масава распаўсюдзілася самалячэнне. Па тэлевізары нам паведамляюць, як жыць з адэномай прастаты, па радыё — даюць парады, як пазбегнуць ускладненняў ад цукровага дыябету ці як прымаць аспірын для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў... Менавіта дзякуючы яркай і запамінальнай рэкламе беларусы "змятаюць" з аптэчных прылаўкаў фервекс і эфералган, тэрафлекс і прастамол, фестал і мезім фортэ...

— Пэўны час таму ініцыявалася поўная забарона рэкламы лекавых сродкаў у неспецыялізаваных СМІ, аднак у праекце новага рэкламнага заканадаўства гэта ініцыятыва адлюстравання не знайшла. Згодна з дзейным сёння рэкламным заканадаўствам, рэклама лекавых сродкаў не павінна падштурхоўваць здаровага чалавека да думкі аб неабходнасці спажывання лекавага сродку, — тлумачыць Дзмітрый Раждзественскі, — у яго не павінна скласціся ўражанне, што ў выпадку непрымянення гэтага прэпарата здароўе можа пагоршыцца ці палепшыцца. Не дапускаецца выкарыстоўваць у рэкламе вобраз урача ці фармацэўтычнага работніка, каб не фарміраваць празмерны давер у спажыўцоў да тавару, які рэкламуецца. Да таго ж рэклама лекавых сродкаў не павінна змяшчаць сцвярджэнняў аб тым, што лячэбны эфект ад прыёму лекавага сродку з'яўляецца абсалютна гарантаваным, а таксама інфармацыю, якая магла б стварыць уражанне, што кансультацыя з урачом — неабавязковая.

Надзея НІКАЛАЕВА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусаў спрабуюць пераканаць у шкоднасці самалячэння Праблемы безрэцэптурнага водпуску лекаў, асаблівасці прасоўвання лекавых сродкаў і нюансы беларускага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика