Блог Дзяніса Марціновіча. Як паабедаць у цэнтры Еўропы?
16.05.2012 11:26
—
Новости Общества
|
Блог Дзяніса Марціновіча. Як паабедаць у цэнтры Еўропы? BLOG.TUT.BY Неўзабаве Полацк урачыста адсвяткуе свой 1150-гадовы юбілей. Як падрыхтаваўся да сустрэчы гасцей самы старадаўні горад Беларусі, які прызнаны геаграфічным цэнтрам Еўропы? Наведванне горада на Дзвіне натхніла мяне на расказ пра мясцовыя турыстычныя распрацоўкі, якія ўжо рэалізаваныя як у Полацку, так і іншых гарадах нашай краіны.
Калі працуе інфацэнтр? Куды накіроўваецца турыст, калі прыехаў у незнаёмы горад? Часцей за ўсё ў інфацэнтр. Яго наяўнасць у Полацку стала прыемнай нечаканасцю. Упэўнены, што наведвальнікі інфацэнтра запомняць яго на ўсё жыццё. І для гэтага супрацоўнікам зусім не спатрэбілася вучыць усе замежныя мовы свету. Выйсце было знойдзена ў арыгінальным і ўнікальным графіку працы: з 8 да 17 гадзін, з панядзелка па пятніцу.
Пагадзіцеся, надзвычай крэатыўнае рашэнне! Па-першае, згадаем народную мудрасць: “хто рана ўстае, таму Бог дае”. У выніку полацкія турысты будуць самымі багатымі людзьмі ў свеце. Па-другое, вечарам усе прыстойныя наведвальнікі Полацка павінны ўздымаць эканоміку горада. Адпаведна, іх трэба шукаць у начных клубах, рэстаранах ці хаця б ювелірных крамах. А шлях да іх турысты знойдуць і без дапамогі інфацэнтра. Яшчэ не хапала ім пасрэднікаў! Па-трэцяе, арыгінальны графік інфацэнтра дапаможа завабіць у Полацк наведвальнікаў з усяго свету. Як вядома, ва ўсіх іншых краінах, якія яшчэ не паспелі пераняць каштоўны турыстычны вопыт Беларусі, інфацэнтры працуюць усе дні тыдня. А калі чамусьці і робяць выхадны, дык толькі ў будні дзень. Вось дзе трэба шукаць наш гістарычны шанец! Як вядома, большасць людзей плануе свае вандроўкі не з улікам часу адпачынкаў, парой года ці надвор’ем, а ўлічваючы працу інфацэнтраў. Адпаведна, большасць падарожжаў адбываецца на выходных, калі яны дакладна працуюць. Дык вось турысты з усяго свету змогуць з’ездзіць у суботу і нядзелю ў такія правінцыйныя турыстычныя цэнтры, як Парыж, Рым ці Прагу, а ў буднія дні наведаць Полацк. “Закаляйся, як сталь!” У цэнтры Полацка і іншых раённых гарадоў амаль адсутнічаюць грамадскія прыбіральні (ці не адзіным выключэннем з’яўляецца іх размяшчэнне ў будынках вакзалаў). А сапраўды, навошта яны?.. Выгляд прыбіральняў псуе знешні выгляд гарадоў. Пахі, што сыходзяць ад іх, атручваюць атмасферу шкоднымі выпарэннямі. Паколькі грамадзяне з’яўляюцца несвядомымі элементамі, якія толькі і чакаюць, каб папсаваць дзяржаўную маёмасць, пакідаць прыбіральні без нагляду небяспечна. Адпаведна, трэба шукаць для іх супрацоўнікаў. Паколькі працаваць на такой пасадзе без вышэйшай адукацыі і адпаведнага вопыту працы нельга, трэба праводзіць конкурс, чытаць заяўкі і рэзюмэ патэнцыйных кандыдатаў. Неабходна дадаць, што ў невялікіх беларускіх гарадах амаль адсутнічае беспрацоўе. Стварэнне вакансій кантралёраў у прыбіральнях абавязкова выкліча сацыяльную напружанасць, бо давядзецца пераводзіць на гэтую пасаду прадстаўнікоў іншай прафесіі. Адсутнасць прыбіральняў дапаможа людзям часцей наведваць прыроду, пра якую гэтыя дзеці асфальту даўно забыліся. А калі якая зануда нагадае пра мароз і рызыку штосьці сабе адмарозіць, параю не хныкаць, а закаляцца, як сталь. “А есці хочацца заўжды” Мясцовыя рэстараны і кафэ заўсёды гатовыя прадэманстраваць гасцям горада лепшыя дэлікатэсы, прыгатаваныя сваімі паварамі. Здавалася б, такую паслугу прапануюць ва ўсіх турыстычных цэнтрах. Але ў Полацку і іншых гарадах Беларусі прыдумалі, як апярэдзіць усіх канкурэнтаў. Вядома, што харчаванне ў адзіноце мала каму прыносіць асалоду. Чалавек павінен думаць пра ежу, а не пра знешнасць афіцыянткі, глядзець не на муху, што лётае паміж пустымі талеркамі суседняга стала, а на сяброў і знаёмых, якія хутка знішчаюць салату і шніцаль. Значыцца, трэба есці разам! Таму ў шэрагу рэстаранаў Полацка практыкуецца такая з’ява як спецабслугоўванне. Не набярэш патрэбную колькасць сяброў для запаўнення ўсёй залы, шукай сабе іншую харчовую “кропку”. Несумненна, такія ініцыятывы маюць падтрымку ў спецыялістаў, якія займаюцца спортам і турызмам. Уявіце: галодны чалавек падышоў да рэстарана і ўбачыў таблічку “спецабслугоўванне”. Або, што яшчэ лепш, не ўбачыў яе, зайшоў у памяшканне, уладкаваўся за столікам, пачакаў дзесяць хвілін і нарэшце ўбачыў афіцыянтку, якая ўсміхаючыся на ўсе 32 здаровыя і роўныя зубы (вось ён плён рэкламы “Блендамеда” і паказу серыяла “Не родись красивой”) паведамляе, што яны не працуюць. Да таго часу страўнік наведвальніка пачаў выказваць яшчэ большае абурэнне. Таму турыст хутка і нервова пачынае даследаваць суседнія вуліцы, шукаючы кафэ, да якога яшчэ не “даехала” спецабслугоўванне. Паколькі есці хочацца ўсё больш, ён будзе бегчы або ісці вельмі хуткім крокам. Які эфект такіх паводзінаў? З аднаго боку, турыст прадэманструе гараджанам прыклад здаровага ладу жыцця. Калі загадзя папярэдзіць трэнераў па лёгкай атлетыцы і спартыўнай хадзе і разумна расставіць іх па цэнтру горада, можна забяспечыць адбор маладых талентаў для заняткаў у секцыях (чым маладзей чалавек, тым часцей яму хочацца есці!). Запомніце маю ідэю: выкарыстоўваючы такі сродак, мы знойдзем будучых алімпійскіх чэмпіёнаў! З другога боку, шукаючы, дзе пад’есці, чалавек трапіць у такія закуткі, куды ўжо дзесяцігоддзямі не ступала нага экскурсавода. Тады згаданую прафесію можна адмяніць і пасадзіць незапатрабаваных экскурсаводаў кантралёрамі ў прыбіральні. Оптам – халадней, але танней! Зрэшты, мы можам зрабіць супрацоўнікам інфацэнтра рэспект за іх ранняе з’яўленне на працы. Бо ў іншых установах працуюць куды менш адказныя людзі. Большасць кафэ і рэстаранаў, як у Полацку, так і ў іншых гарадах Беларусі, адчыняюцца ў 12 гадзін дня ці нават пазней. У выніку, выязджаючы з дому, абачлівыя падарожнікі, турысты і камандзіровачныя асобы цягнуць з сабой, нібы чарапахі, вялізныя пакункі з ежай і пітвом. Калі ў нас няма пакункаў, не будзем сядзець перад зачыненымі дзвярыма рэстарана (кавярні, столовай) і спрабаваць галоднымі вачыма расчуліць акул прыватнага бізнэсу. Лепш пашукаць шчасця у дзяржаўных гасцініцах, дзе абавязкова знойдецца бар ці хаця б сталоўка! Але іх супрацоўнікі кіруюцца той жа бездакорнай логікай! Напрыклад, кафэ ў слуцкай гасцініцы “Слуцк” працуе прыкладна па такім ж прынцыпе. У якасці выйсця з сітуацыі магу прапанаваць уласнае вынаходніцтва: набудзьце адначасова вячэру і сняданак, забярыце сняданак у нумар, а раніцай вы з задавальненнем падмацуецеся. Так, оптам атрымліваецца халадней. Але ж і танней! Дарэчы, скажам дзякуй, што ў слуцкай гасцініцы кафэ яшчэ працуе. Напрыклад, у гасцініцы “Раўбічы”, што размешачана ў Гарадку Віцебскай вобласці, сітуацыю вырашылі кардынальна і зачынілі кафэ. Вы гатовыя абурацца? Не спяшайцеся: такім чынам вы падтрымліваеце айчынную вытворчасць! Калі б не турысты, падарожнікі, камандзіровачныя, хто б купляў у вялікай колькасці ёмістыя і маленькія металічныя кружкі і кіпяцільнікі? Хто масава закупляў бы ў магазінах супы і кашы хуткага прыгатавання? Але ёсць момант, у якім Слуцк і Гарадок выступаюць гарадамі-пабрацімамі: у нумарах гасцініц гэтых населеных пунктаў няма гарачай вады. Вы яшчэ шукаеце прычыну? Але ж кіпяцільнік ужо набыты! Дык якая вам розніца, якую ваду награваць? А для іншых прычын (напрыклад, памыцца ці прыняць душ) ванны пакой ужо ніхто не выкарыстоўвае. Вельмі не хацелася б, каб жыхары іншых беларускіх гарадоў пакрыўдзіліся на аўтара: маўляў, вы кажаце пра вопыт Полацка, Слуцка, Гарадка, а вось у нас!.. Ахвотна, веру: у большасці гарадах актыўна карыстаюццца полацкімі напрацоўкамі. Прыемнага вам падарожжа па Беларусі! А Полацк горача віншую з надыходзячым юбілеям! Каментаваць гэты пост >>> *** Дзяніс Марціновіч - беларускі гісторык, літаратурны і тэатральны крытык, журналіст. Звяртаем вашу ўвагу, што погляд аўтара блога можа не супадаць з поглядам рэдакцыі TUT.BY |
|