Выбары-2012: прынцыпова новы расклад. 21.by

Выбары-2012: прынцыпова новы расклад

10.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

18 чэрвеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў указы, якія вызначаюць тэрміны правядзення выбараў у парламент: у Палату прадстаўнікоў — 23 верасня 2012 года; у Савет Рэспублікі — у перыяд з 30 чэрвеня па 30 верасня 2012 года. Гэтак у Беларусі пачалася парламенцкая выбарчая кампанія.

Асаблівасць выбараў 2012 года не толькі ў тым, што яны будуць праходзіць па новых правілах, згодна з якімі палітычныя партыі і звычайныя грамадзяне будуць мець магчымасць больш проста вылучаць кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў. Гэтыя працэдурныя моманты, як і пазіцыя ў дачыненні да іх з боку БДПіПЧ АБСЕ, выглядаюць даволі прадказальнымі. Больш значным з'яўляецца пытанне аб тым, якімі будуць наступствы парламенцкіх выбараў, іх стратэгічныя вынікі.

Вядомы палітолаг, галоўны рэдактар часопіса "Беларуская думка" Вадзім Гігін адзначыў адзін з іх — значнае, на 85%, аднаўленне складу парламента. Паколькі, на думку эксперта, сярод новых парламентарыяў амаль не будзе моладзі, то становіцца відавочным, што новымі парламентарыямі стануць людзі, якія зараз працуюць ці на дзяржаўных пасадах, ці ў кіраўніцтве прадпрыемстваў ці ўстаноў культуры, адукацыі, аховы здароўя. Іншымі словамі, аднаўленне складу парламента будзе азначаць таксама прасоўванне па службе кіраўнічых кадраў "на месцах".

Яшчэ больш значным фактарам выбараў 2012 года будзе з'яўляцца тое, што новы склад парламента будзе адыгрываць значную ролю ў інтэграцыйных працэсах, удзельнікам якіх сёння з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Гэта, перш за ўсё, развіццё Адзінай эканамічнай прасторы і патэнцыяльна — стварэнне Еўразійскага саюза, а таксама далучэнне да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Больш за тое, новы склад парламента будзе адказваць і за верагоднае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, якое стане непазбежным, калі на глабальным узроўні не будуць знойдзены сродкі для прадухілення другой хвалі фінансава-эканамічнага крызісу. А спадзявацца на тое, што такія сродкі будуць знойдзены, няма ніякіх падстаў.

Што значыць усё вышэйпададзенае?

Гэта значыць, што на выбарах 2012 года галоўнае значэнне будзе мець агенда, якая складаецца з наступных пунктаў:

1. Якую стратэгію выжывання можа рэалізаваць Беларусь у абставінах другой хвалі глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу? Якія геапалітычныя, эканамічныя, фінансавыя манеўры могуць дапамагчы мінімізаваць страты ад паніжэння глабальных цэн на нафту і газ, а таксама імклівага паніжэння глабальнага і расійскага попыту на прамысловыя тавары? Ці здолее Беларусь знайсці для сябе новае месца ў глабальным падзеле працы?

2. Што Беларусь будзе рабіць у Еўразійскім саюзе? Як яна зможа паўплываць на працэс яго стварэння? Які сцэнарый еўразійскай інтэграцыі адпавядае нацыянальным інтарэсам і як мы можам здзейсніць такі сцэнарый? Якую ролю будзе адыгрываць Беларусь у кантэксце магчымага збліжэння Еўурапейскага і Еўразійскага саюзаў?

3. Як беларускае грамадства адкажа на пагаршэнне эканамічнай сітуацыі? Ці здолее яно кансалідавацца і захаваць сацыяльную мадэль, а мабыць, і раскрыць нявыкарыстаны патэнцыял "нізавой" сацыяльнай мабілізацыі? Або мы будзем назіраць расслаенне насельніцтва, дэзінтэграцыю грамадства, падзел людзей на "эканамічна эфектыўных" і "ўсіх астатніх"? Якой будзе пазіцыя і роля дзяржавы ў дачыненні да гэтых працэсаў?

Вось гэтыя тры блокі пытанняў, на мой погляд, цалкам вызначае палітычны сцэнарый сучаснасці, а таксама бліжэйшай будучыні. Але, на жаль, не гэтыя пытанні клапоцяць прадстаўнікоў беларускай апазіцыі.

Наогул, першы погляд на заявы розных членаў апазіцыйнай супольнасці прымушае падумаць, што галоўнае пытанне, якое яны зараз вырашаюць, — гэта пытанне аб тым, ці мае сэнс сам удзел у выбарах. Больш за ўсё перадвыбарчых заяў і дэкларацый з боку апазіцыі датычацца пытання аб мэтазгоднасці байкоту ці паўнавартаснага ўдзелу ў кампаніі.

Так, да "актыўнага байкоту" кампаніі гатовы аргкамітэт партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". Аналагічную стратэгію заяўляе грамадзянская кампанія "Еўрапейская Беларусь".

Даволі арыгінальную, прамежкавую пазіцыю па гэтым пытанні заняла Аб'яднаная грамадзянская партыя. Яна збіраецца вылучаць сваіх кандыдатаў, але ж не для таго, каб пазмагацца за выбаршчыкаў. Кандыдаты ад АГП у 2012 годзе называюцца "спікеры" і іх асноўная мэта — данесці пазіцыю партыі да насельніцтва Беларусі. А затым — здымаць сваю кандыдатуру.

Амаль аналагічную мэту ставіць перад сабой старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч. "Мы дамовіліся, што маскімальна будзем высоўваць людзей у выбарчыя камісіі, максімальна будзем вылучаць кандыдатаў па ўсіх акругах, дзе мы зможам знайсці моцных кандыдатаў і сфарміраваць іх каманды", — адзначыў Янукевіч. І дадаў, што партыя БНФ мае намер зняць усіх сваіх кандыдатаў да пачатку датэрміновага галасавання.

Больш актыўнай пазіцыі прытрымліваюцца структуры, якія збіраюцца на выбарах "ісці да канца". Гэта Беларуская партыя левых "Справядлівы свет", Беларуская партыя зялёных, грамадзянская кампанія "Гавары праўду".

Новым феноменам на выбарах 2012 года можна назваць прарасійскую апазіцыю. Яна прадстаўлена, перш за ўсё, Ліберальна-дэмакратычнай партыяй Сяргея Гайдукевіча, які ўжо заявіў, што ён рэзка супраць байкоту. Даволі актыўна паводзіць сябе і яшчэ адна прарасійская група, на чале якой стаіць кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага партала "Імперыя" Юрый Баранчык. Ёсць інфармацыя аб тым, што гэтая суполка, якая зараз спрабуе стварыць грамадзянскае аб'яднанне "Еўразійскі грамадзянскі саюз", таксама будзе прымаць актыўны ўдзел у выбарах.

Такім чынам, з усёй апазіцыі найбольшую гатоўнасць ісці на выбарах да канца паказваюць тыя палітычныя структуры, якія ў значнай ступені звязаны з Масквой (гэта тычыцца таксама і кампаніі "Гавары праўду", і Беларускай партыі левых).

У гэтых абставінах праўладныя грамадска-палітычныя структуры, як заўсёды, будуць прымаць самы актыўны ўдзел у кампаніі. Як стала відавочна пасля пасяджэння рэспубліканскай рады грамадзянскага аб'яднання "Белай Русі", прапрэзідэнцкія структуры падыходзяць да кампаніі мабілізаванымі. А гэта значыць, што асноўнымі дзейнымі асобамі на працягу кампаніі будуць прарасійскія (у той ці іншай ступені) апазіцыйныя арганізацыі і арганізацыі прапрэзідэнцкія.

І гэта, шчыра кажучы, новая палітычная сітуацыя, з якой беларуская дзяржаўнасць яшчэ не сутыкалася.

Юры Царык,

палітычны аналітык, кіраўнік Грамадскага прэс-цэнтра Дома прэсы

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
18 чэрвеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў указы, якія вызначаюць тэрміны правядзення выбараў у парламент: у Палату прадстаўнікоў — 23...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика