Рыгор Рапота: "У прадуманай інтэграцыі мінусаў быць не можа"
17.07.2012
—
Новости Общества
|
Пазаўчора на фестывалі "Славянскі базар у Віцебску" адбыўся Дзень Саюзнай дзяржавы. Рыгор Рапота, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы, першы раз прыехаў у Віцебск. — Я ўспрымаў фестываль як знакавую культурную падзею. Але лепш адзін раз убачыць, чым сто раз пачуць! — Фестываль уражвае размахам. Гэта фестываль сусветнага класа, не толькі свята для горада Віцебска, а для ўсіх беларусаў, расіян, украінцаў і іншых, хто сюды прыехаў. Дзяржаўны сакратар сустрэўся са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Косінцам. У фармаце сустрэчы "адзін на адзін" гаварылі аб патэнцыяле Віцебшчыны і аб тым, што можа быць выкарыстана для развіцця супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй у рамках праграм Саюзнай дзяржавы. Дзяржсакратар падзяліўся бліжэйшымі планамі работы Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы. Чарговае пасяджэнне на днях пройдзе ў Мінску. На ім плануюць разгледзець канцэпцыі новых праграм. Як, на першы погляд, ні дзіўна, у сферы саюзных інтарэсаў і... звычайны тапінамбур. У народзе яго яшчэ называюць індзейскай бульбай, або земляной грушай. — Я спачатку прачытаў прапановы пра тапінамбур, і мне трохі смешна стала. Такому, лічы, пустазеллю, удзяляем увагу? — раскрывае сакрэты Р. Рапота. — Проста па сваім дачным вопыце суджу. А на самой справе, наколькі дазваляў час, прачытаў навуковыя абгрунтаванні і высветліў, што гэта каштоўны прадукт для вытворчасці інуліну, які, у сваю чаргу, з'яўляецца сыравінай для вытворчасці інсуліну. А ў апошнім мы маем вялікую патрэбу. Навукоўцы над гэтым ужо працуюць. Трэба толькі адпрацаваць тэхналогію. І, адпаведна, будзем укладваць грошы ў распрацоўку тэхналогіі. Паводле слоў дзяржсакратара, па пасяджэнні Саўміна будуць падведзены вынікі гандлёва-эканамічнага развіцця, а таксама ўзгоднены балансы. — Узгадненне балансаў — гэта ўжо элемент стварэння Адзінай эканамічнай прасторы. Гэта тая больш высокая ступень інтэграцыі, да якой мы імкнёмся. Дзяржсакратар нагадаў: "Упершыню дамоўленасці аб зоне свабоднага гандлю былі падпісаны ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Гістарычна так склалася (і гэта грунтавалася на волі кіраўнікоў саюзных дзяржаў), што беларуска-расійскі саюз быў нібыта піянерам ў рашэнні многіх сумесных пытанняў". Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы лічыць, што праблемы саюзнай уласнасці трэба вырашаць радыкальна. Саюзная дзяржава штогод ўкладала фінансавыя сродкі ў рэалізацыю розных праектаў, у выніку чаго ўтварылася саюзная ўласнасць, аднак не вырашаны пытанні рэестра саюзнай уласнасці, парадку яе прызнання, выдаткаў на яе ўтрыманне — Праблема сапраўды набалелая. Ёсць праекты дзесяці пагадненняў, якія былі напрацаваны некаторы час таму, і неабходна іх прыняць... Пытанне трэба вырашаць як мага хутчэй. Дзяржсакратар падкрэсліў, што любая інтэграцыя, любое збліжэнне народаў, дзяржаў мінусаў не маюць. І, сапраўды, мінусаў не можа быць, калі набліжэнне незалежных дзяржаў ідзе па добрай волі з улікам інтарэсаў кожнай з краін. — Мы павінны ўвесь час пралічваць і прагназаваць усе наступствы. Любая рэфармацыя, любы рух павінны быць накіраваны толькі ўперад. І нельга дапусціць, каб паніжаўся ўзровень жыцця людзей, вытворчасці. Я думаю, што дастаткова жорстка ўрады Беларусі і Расійскай Федэрацыі стаяць на стражы інтарэсаў сваіх народаў і ў той жа час дэманструюць імкненне да збліжэння — пры такім падыходзе і быць не можа ніякіх мінусаў... ...Пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы пройдзе ў Мінску 18 ліпеня. Яно адбудзецца пад старшынствам прэм'ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева, паведаміў учора на брыфінгу дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. Аляксандр ПУКШАНСКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пазаўчора на фестывалі "Славянскі базар у Віцебску" адбыўся Дзень Саюзнай дзяржавы. Рыгор Рапота, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы, першы раз прыехаў у... |
|