«Землякі вы мае, землякі…». 21.by

«Землякі вы мае, землякі…»

17.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Докшыцкай зямлі было Богам наканавана ўсцешыць Беларусь талентамі

Хачу распавесці пра свайго земляка акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, кавалера ордэна Айчыны трэцяй ступені Віктара Сямёнавіча Буракова, заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі, аўтара больш як дзвесце пяцьдзясят навуковых прац, якія ў асноўным прысвечаны галіне спектральнага аналізу квантавай электронікі нізка- і высокатэмпературнай плазмы.

Віктар Сямёнавіч нарадзіўся ў 1931 годзе на Ушаччыне, але лёсам звязаны з маёй Докшыччынай.

У розныя гады мой таленавіты зямляк і сябра быў намеснікам дырэктара Інстытута фізікі, узначальваў Доследна-вытворчае прадпрыемства па вырабе ўнікальных фізічных прыбораў Акадэміі навук СССР, а пазней стаў акадэмікам — сакратаром аддзялення фізікі і інфарматыкі і адначасова дырэктарам Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі Нацыянальнай акадэміі Беларусі.

Пазнаёміўся я з Віктарам Сямёнавічам асабіста толькі ў 1980 годзе, калі пераехаў у Мінск. Ён ужо быў прафесарам, працаваў у Акадэміі навук БССР, а я — рэдактарам аддзела літаратуры ў часопісе «Вожык».

У той год адбылося шмат узнагароджванняў заслужаных людзей, працаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў, дзеячаў літаратуры і культуры, навукі і тэхнікі. Сярод ушанаваных быў і Віктар Сямёнавіч. Яму прысвоілі званне члена-карэспандэнта Акадэміі навук БССР і званне заслужанага дзеяча навукі БССР.

Ва ўсіх сродках масавай інфармацыі паведамлялася аб адзначаных дзяржавай людзях. Не застаўся ў баку і часопіс «Вожык». Я, як рэдактар аддзела літаратуры, прапанаваў надрукаваць маё інтэрв’ю з членам-карэспандэнтам Акадэміі навук заслужаным дзеячам навукі і тэхнікі БССР Віктарам Бураковым.

Віктар Сямёнавіч падрабязна расказаў пра сваё жыццё-быццё, працу. Я — пра сябе. Фрагмент яго аповеду з сяброўскім шаржам вожыкаўскага мастака быў апублікаваны ў пераднавагоднім нумары часопіса пад загалоўкам «І фізікі — лірыкі»:

«…Здаўна спрачаюцца людзі: ці правільна гэта падзяляць людзей на фізікаў і лірыкаў? Як хто, а мы, фізікі, да гэтых спрэчак, думаю, ніякага дачынення не маем, бо аднолькава любім і фізіку, і лірыку, і яшчэ жарты, хаця займаемся мы надзвычай сур’ёзнымі справамі. Хіба ж вам жартачкі, злавіць ды і трымаць, колькі хочаце, кавалачак самага што ні на ёсць сонца — плазму, якая мае дзясяткі мільёнаў градусаў гарачыні. А паспрабуй яшчэ вымерай тую гарачыню. Любы тэрмометр імгненна пыхне як порах.

Фізікі нашага інстытута першыя ў свеце знайшлі метад вымяраць састаў плазмы. Называецца той метад метадам лазернай дыягностыкі.

Кожны год у нашых беларускіх фізікаў абавязкова бывае нейкае новае адкрыццё. І калі ўспомніш, што яшчэ зусім нядаўна, да Вялікага Кастрычніка, добрая палавіна нашага брата-беларуса і распісацца не ўмела, то ад радасці, гонару за свой народ і фізікам хочацца вершы складаць. Так што і мы часта бываем лірыкамі.

Вядома, такога высокага лірычнага настрою ў нашых фізікаў не было б, каб не адчувалі паўсядзённых клопатаў партыі і ўрада аб развіцці навукі, аб нас, вучоных. Вось і сёлета ў мяне двайная, можна сказаць, радасць — стаў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР і атрымаў ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР. А таму і двайны лірычны настрой, і двайная зарадка на новы, 1981 год…»

У апошнія гады ў мяне ўсё часцей і часцей з’яўляецца нейкая незразумела пільная патрэба перачытваць асобныя старонкі кнігі «Памяць. Докшыцкі раён. Гістарычна-дакументальная хроніка». У нашых мясцінах нарадзілася і рабіла першыя крокі колішняя настаўніца, пісьменніца і жонка слыннага пісьменніка, загубленага сталінскім рэжымам, Максіма Гарэцкага Леаніла Усцінаўна Чарняўская.

Усе чацвёра дзяцей настаўнікаў Пятра Віктаравіча і Валянціны Аляксандраўны Маркаўцоў сталі вядомымі мастакамі не толькі ў нас, у Беларусі, але і за яе межамі: Віктар, Валя, Галя і Аня нарадзіліся і раслі ў маёй роднай вёсцы Янкі.

Назаўсёды звязаны лёсам з Докшыччынай і лёс народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі. Пра гэта я ўпершыню даведаўся ад яго самога ўтой год і нават дзень, калі мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР і БССР. Адным з першых мяне павіншаваў Пімен Емяльянавіч. Паціскаючы руку, сказаў:

— Ад душы віншую і рады за цябе, зямляк.

Па праўдзе кажучы, я крыху сумеўся ад таго, што славуты паэт назваў мяне земляком. З біяграфіі, апублікаванай у шматлікіх кнігах пісьменнікаў, я памятаў, што паэт нарадзіўся ў Таліне. Аказалася, што яшчэ ў дваццатым годзе мінулага стагоддзя бацькі паэта пераехалі на Бягомльшчыну, адкуль будучы народны паэт паехаў вучыцца ў Мінскі педінстытут.

На Докшыччыне нарадзіліся і выраслі вядомыя беларускія пісьменнікі Юрась Свірка, Алесь Ставер, Эдуард Зубрыцкі, Фёдар Палачанін і многія іншыя. Нават сённяшні прэзідэнт Украіны Віктар Фёдаравіч Януковіч мае докшыцкія карані. Яго продкі ўвесь час жылі ў вёсцы Янукі, якая месціцца за некалькі кіламетраў ад маіх Янкоў. Дзядуля Януковіча перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй паехаў ва Украіну, у Данбас, на заробкі. Там з сям’ёй і застаўся.

Думаю, маёй малой радзіме было Богам прызначана ўсцешыць Беларусь талентамі. Яна дала Беларусі акадэмікаў Паўла Андрэевіча Апанасевіча, лаўрэата дзяржаўных прэмiй СССР i БССР, аўтара больш як дзвесце пяцьдзясят навуковых прац i дзвюх манаграфiй, Віктара Сямёнавіча Буракова, дзясяткі дактароў і кандыдатаў навук.

Радуе мяне, што многія з сённяшняга маладога пакалення глыбока і сур’ёзна асвойваюць розныя навукі. Вось і мой унук Ваня Сюльжын заканчвае факультэт радыёфізікі і электронікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адначасова займаецца з групай адораных юных фізікаў ліцэя БДУ. Яго група неаднаразова займала прызавыя месцы, а ў гэтым годзе — першае ў рэспубліканскім турніры і прызавое месца ў еўрапейскім, які адбыўся ў Аўстрыі, узнагаро-джана дыпломам ІІІ ступені, мела гонар удзельнічаць у сусветным турніры ў Германіі.

Унук рыхтуецца да паступлення ў магістратуру. Спадзяюся, што і з яго атрымаецца вучоны-фізік.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Докшыцкай зямлі было наканавана ўсцешыць краіну талентамі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика